Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЗДО́ЛЬНАСЦІ,

індывідуальна-псіхалагічныя асаблівасці асобы, якія з’яўляюцца суб’ектыўнымі ўмовамі паспяховага ажыццяўлення пэўнага роду дзейнасці. Вылучаюць З. агульныя (здзяйсненне разнастайных відаў дзейнасці, напр., разумовыя З., развітая памяць, мова і інш.) і спецыяльныя (поспехі суб’екта ў пэўных відах дзейнасці, напр. муз., матэм., літ.). З. фарміруюцца і развіваюцца ў працэсе ажыццяўлення розных відаў дзейнасці. Яны не тоесныя сукупнасці ведаў, уменняў і навыкаў індывіда, а праяўляюцца ў дынаміцы (хуткасці, глыбіні, трываласці) авалодання спосабамі і прыёмамі дзейнасці. Своеасаблівае спалучэнне З., якія абумоўліваюць дыяпазон магчымасцей суб’екта, узровень і спецыфіку яго дзейнасці, — адоранасць, вышэйшая ступень адоранасці — талент, найвышэйшая — геніяльнасць. Выяўленне і развщцё З. мае значэнне для прафес. арыентацыі чалавека.

Літ.:

Теплов Б.М. Избр. тр. Т. 1. М., 1985;

Рубинштейн С.Л. Основы общей психологии. М., 1989. Т. 2. С. 122—147;

Готсдинер А.Л. К проблеме многосторонних способностей // Вопросы психологии. 1991. № 4.

М.Ф.Усціновіч.

т. 7, с. 48

ЗДО́ЛЬШЧЫНА,

від арэнды зямлі, пры якой арэндная плата выплачвалася ўласніку зямлі доляй ураджаю (часам да палавіны і больш). Узнікла пры рабаўласніцкім ладзе. Характэрна для феадалізму і неразвітых капіталіст. адносін. Існавала на Русі, у ВКЛ, Рас. імперыі. Пры станаўленні і развіцці капіталіст. адносін была пераходнай формай ад феад. арэнды зямлі да капіталістычнай, захавалася як перажытак прыгонніцтва ў форме адработак. Пасля сял. рэформы 1861 З. мела для большасці сялян-арандатараў кабальны, харч. характар. Практыкавалася сялянамі Беларусі. Здольшчык звычайна аддаваў землеўласніку ад <SYMBOL> да <SYMBOL> ураджаю збожжа або ўкосу сена. У 1913 пасевы здольшчыкаў у Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай, Гродзенскай, Віленскай, Ковенскай губ. дасягалі 68,2% сял. пасеваў на надзельных і купленых землях. Гл. таксама Дольнікі.

В.П.Панюціч.

т. 7, с. 48

Здор Генадзь Мікалаевіч

т. 18, кн. 1, с. 391