ЗДЗІ́ТАЎ,
старажытны горад. Упершыню згадваецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1252. Найб. верагодна, што першапачаткова горад размяшчаўся за 4 км на Пд ад сучаснай в. Здзітава Бярозаўскага р-на, каля в. Старамлыны, дзе на правым беразе р. Ясельда захаваліся рэшткі гарадзішча 11—13 ст. Гарадзішча займала ізаляваны ўзгорак пл. больш за 1 га ў нізіннай, месцамі забалочанай пойме ракі. З усх. і зах. бакоў да яго прымыкае стараж. селішча пл. каля 3 га. У выніку археал. раскопак (1971, Я.Г.Звяруга) на гарадзішчы выяўлены прадметы, блізкія да матэрыяльнай культуры гарадоў Тураўскай зямлі і Бел. Панямоння.
Я.Г.Звяруга.
т. 7, с. 48
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)