Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

«ЗА ПРА́ЎДУ»,

газета. Выдавалася 24.2—29.6.1944 у Навагрудку на бел. мове пры падтрымцы і пад кантролем герм. улад у перыяд акупацыі Беларусі ням.-фаш. захопнікамі. Змяшчала інфармацыю пра падзеі на франтах 2-й сусв. вайны, распараджэнні акупац. улад, пастановы Бел. цэнтр. рады, прамовы лідэраў бел. арг-цый, пісала пра дзейнасць Бел. нар. самапомачы, Саюза бел. моладзі, барацьбу супраць партызан. Сярод публікацый — нарысы па гісторыі і этнаграфіі Беларусі, паэт. і празаічныя творы А.​Каханоўскай, Т.​Лебяды, А.​Чэмера, Я.​Шыпшыны і інш. Выйшла 37 нумароў.

С.​У.​Жумар.

т. 6, с. 482

«ЗА САВЕ́ЦКУЮ БЕЛАРУ́СЬ».

франтавая газета. Выдавалася з 11.7.1941 да кастр. 1942 на бел. мове палітупраўленнем Зах. фронту пры ўдзеле ЦК КП(б)Б. Рэдактар М.​Ц.​Лынькоў. Была разлічана на бел. партызан і жыхароў акупіраванай тэрыторыі рэспублікі. Друкавала найб. важныя дакументы партыі і ўрада, звесткі пра падзеі на франтах, матэрыялы пра мужнасць бел. партызан, працоўны гераізм народа ў тыле ворага. На стар. газеты змешчаны творы Я.​Купалы, Я.​Коласа (арт. «Роднаму народу», вершы «Байцам-камсамольцам», «Смерць разбойнікам», «Абаронцам роднай зямлі»), П.​Броўкі, П.​Глебкі, К.​Крапівы, М.​Лынькова, П.​Панчанкі, М.​Танка, К.​Чорнага, а таксама вершы «Камсамолка-партызанка» Дз.​Беднага і «Дзед Талаш» А.​Суркова. Інфармавала пра 1-ы Усеславянскі мітынг у Маскве (жн. 1941) і выступленне на ім Я.​Купалы.

М.​Ф.​Шумейка.

т. 6, с. 482

«ЗА СВАБО́ДНУЮ БЕЛАРУ́СЬ»,

франтавая газета. Выдавалася з 18 сак. да ліст. 1942 на бел. мове палітупраўленнем Калінінскага фронту пры ўдзеле ЦК КП(б)Б. Рэдактар І.​Д.​Гурскі. Была разлічана на жыхароў акупіраванай тэр. рэспублікі і бел. партызан. Інфармавала пра падзеі на франтах і ў сав. тыле, пра партыз. барацьбу, злачынствы ворага. Змяшчала артыкулы пра герояў вайны, творы Я.​Коласа, П.​Броўкі, П.​Глебкі, К.​Губарэвіча, К.​Крапівы, П.​Панчанкі, М.​Танка, а таксама рус. пісьменнікаў У.​Вішнеўскага, А.​Суркова, М.​Ціханава, І.​Эрэнбурга і інш. Друкавала паведамленні пра дзейнасць навук. устаноў і творчых аб’яднанняў Беларусі ў сав. тыле. Выдавала сатыр. лісток «Партызанская дубінка».

М.​Ф.​Шумейка.

т. 6, с. 482