Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СКАРО́ДНАЕ,

вёска ў Ельскім р-не Гомельскай вобл., на р. Славечна. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 35 км на ПдЗ ад г. Ельск, 212 км ад Гомеля, 22 км ад чыг. ст. Славечна. 744 ж., 298 двароў (2001). Лясніцтва, філіял дарожна-эксплуатацыйнага ўчастка. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў, партызан і ахвяр фашызму.

т. 14, с. 441

СКАРО́Н ((Scarron) Поль) (4.7.1610, Парыж — 7.10.1660),

французскі пісьменнік. Аўтар бурлескных сатыр. пасланняў і санетаў, трагікамедый «Саламанкскі шкаляр» (1655), «Дон Яфет Армянскі» (паст. 1646), камедый «Жадле, або Спадар-слуга» (паст. 1645), «Тры Даратэі, або Аганьбаваны Жадле» (1646), зб. «Трагікамічныя навелы» (выд. 1661), быта- і нораваапісальнага «Камічнага рамана» (ч. 1—2, 1651—57, ч. 3 завершана А. д’Арфэ ў 1678) пра лёс дэкласаванага маладога чалавека Дэстэна (у пер. з франц. «лёс»), што змагаецца за права на шчасце, каханне, волю. Заснавальнік традыцыі травесційнай іроікамічнай паэмы («Тыфон, або Гігантамахія», 1644; «Вергілій навыварат», 1648—52), якая парадзіруе гераічны эпас і сатырычна выкрывае прыдворную арыстакратыю. Паэма «Вергілій навыварат» паклала пачатак традыцыі травесціравання Вергілія ў еўрап. л-ры, у гэтым шэрагу і бел. паэмы «Тарас на Парнасе» і «Энеіда навыварат».

Тв.:

Рус. пер. — Комедии. М., 1964;

[Стихи] // Европейская поэзия XVII в. М., 1977.

Г.​В.​Сініла.

т. 14, с. 441

СКАРПЕ́НА, марскі ёрш (Scorpaena porcus),

рыба сям. скарпенавых атр. скарпенападобных. Пашырана ў Атл. ак. каля берагоў Афрыкі і Еўропы, у Міжземным і інш. морах. Маларухомая, прыдонная рыба, жыве ў прыбярэжнай зоне.

Даўж. да 31 см. Спіна і бакі з цёмнымі крапінкамі і плямамі. Бруха белаватае. На плаўніках калючкі з цёмнымі палосамі, плямамі і крапінкамі. Галава вял., з вострымі шыпамі і шматлікімі скурыстымі нарасцямі. Мае ядавітыя залозы каля спіннога плаўніка. Для С. характэрна лінька. Корміцца дробнай рыбай і ракападобнымі. Аб’ект промыслу.

т. 14, с. 441

СКАРПІЁН (лац. Scorpius),

адно з 12 сузор’яў задыяка. Знаходзіцца ў Паўд. паўшар’і неба. Найб. яркія зоркі 0,8—1,2 (Антарэс), 1,6 і 1,9 візуальнай зорнай велічыні; 100 зорак ярчэй 6-й зорнай велічыні. У С. знаходзіцца магутная (10​30 дж/с) крыніца рэнтгенаўскага выпрамянення Sco X = 1. З тэр. Беларусі часткова відаць вясной і летам. Гл. Зорнае неба.

Сузор’е Скарпіён.

т. 14, с. 441

СКАРПІЁНАВЫ МУ́ХІ (Mecoptera),

атрад насякомых. Каля 300 відаў. Пашыраны ўсюды. Вядомы з пермскага перыяду. Трапляюцца ў цяністых месцах, на палянах лісцевых лясоў, паблізу штучных насаджэнняў, на снезе, лёдзе. На Беларусі адзначаны панорпа, або скарпіённіца звычайная (Panorpa communis), лядоўнік звычайны (Boreus westwoodi).

Даўж. да 3 см. Галава прадаўгаватая, падобная да дзюбы. Ротавы апарат грызучага тыпу. Вусікі ніткападобныя. Крылы празрыстыя, сеткаватыя, у некат. зачаткавыя, ёсць і бяскрылыя віды. Брушка членістае (з 10 сегментаў). Задні канец яго загнуты ўверх, у самцоў уздуты, як у скарпіёнаў (адсюль назва). Ператварэнне поўнае. Кормяцца расл і жывёльнымі рэшткамі, пылком і нектарам кветак, ёсць драпежнікі.

Скарпіёнава муха.

т. 14, с. 441

СКАРПІЁНЫ (Scorpiones),

атрад членістаногіх кл. павукападобных. 6 сям., да 70 родаў, каля 750 відаў. Вядомы з сілуру. Пашыраны ў трапічных і субтрапічных паясах, на Пд умеранага пояса. Жывуць у камяністых мясцінах, у гарах, пустынях, вільготных лясах, на марскіх узбярэжжах. Звычайны С. роду Buthus, у т. л. жоўты, або стракаты, С. (B. eupeus). Найб. буйны трапічны С. Pandinus.

Даўж. звычайна 5—10 см, трапічнага пандынуса да 20 см. Галавагрудзі ўкрыты суцэльным панцырам з парай сярэдзінных і некалькімі парамі бакавых вачэй. Членістая гібкая метасома («хвост») мае на апошнім членіку брушка парную ядавітую залозу, якая адкрываецца на канцы выгнутага джала. Хеліцэры невял., клюшнепадобныя. Клюшні масіўныя. Дыхаюць лёгкімі. Апладненне сперматафорамі, вонкава-ўнутранае. Жывародныя, некат. адкладваюць яйцы. Начныя драпежнікі. Укол балючы для чалавека, а некат. трапічных — смяротны.

Скарпіёны: 1 — жоўты або стракаты; 2 — трапічны пандынус.

т. 14, с. 441

СКАРСЕ́ЗЕ ((Scorsese) Марцін) (н. 17.11.1942, г. Флашынг, штат Нью-Йорк, ЗША),

амерыканскі кінарэжысёр. Скончыў кінафакультэт Нью-Йоркскага ун-та. Лепшыя фільмы С. адметныя аўтабіяграфічнасцю, дакладнай абмалёўкай асяроддзя, увагай да псіхалогіі персанажаў. Сярод фільмаў: «Злыя вуліцы» (1973), «Аліса тут больш не жыве» (1974), «Таксіст» (1976), «Нью-Йорк, Нью-Йорк», (1977), «Апошні вальс» (1978), «Шалёны бык» (1980), «Колер грошай» (1980), «Кароль камедыі» (1982), «Апошняе спакушэнне Хрыста» (1988), «Казіно» (1995) і інш. Творчасці С. прысвечаны дакумент. фільм «Кіно — гэта маё жыццё» (1978, рэж. П.​Хейдэн).

т. 14, с. 442

СКАРУ́ЛЬСКІ ((Skorulski) Антоній Адам) (22.11.1715, Жамойць — 28.1.1777),

філосаф, асветнік. З 1730 чл. ордэна езуітаў, у 1742 пасвячоны ў ксяндза. Выкладаў філасофію, гісторыю і геаграфію ў езуіцкіх навуч. установах Латвіі і Літвы. Рэктар калегіумаў у Навагрудку (1760—64) і Коўне (1764—66), у 1766—72 правінцыял літоўскі (кіраўнік Літ. правінцыі ордэна). Рэктар Віленскай акадэміі (1772—74; з 1803 Віленскі ун-т). Пасля скасавання ордэна езуітаў (1773) заставаўся белым ксяндзом, з 1775 канонік віленскі. У адзіным творы С. «Каментарыі па філасофіі, або логіцы, гэта значыць метафізіцы, агульнай і спецыяльнай фізіцы» (1755) выкладзены асн. філас. сістэмы Новага часу і адкрыцці ў прыродазнаўстве, прыведзены каштоўныя звесткі па астраноміі, механіцы і інш. галінах ведаў. Лічыў, што існуе толькі адзін свет, а не мноства; ён абмежаваны пэўнымі межамі сваёй велічыні, заснаванай у пэўны час. Адмаўляў асн. палажэнні вучэння М.​Каперніка, тэорыі першасных і другасных якасцей, атамізму. Гнасеалагічныя погляды С. знаходзіліся пад уплывам сенсуалізму. Паводле С., пазнанне рэчаіснасці пачынаецца з уздзеяння аб’екта на органы пачуццяў; любое адчуванне ўключае 3 элементы: орган пачуццяў, уздзеянне, якое робіцца на яго, і здольнасць да ўспрымання гэтага ўздзеяння. Крытыкаваў тэорыю прыроджаных ідэй і інтуітыўнага пазнання, перасцерагаў ад легкадумнага, некрытычнага адмаўлення ўсялякай новай ідэі без папярэдняга апрабавання яе розумам. Даследаваў праблему лагічнага метаду ў непарыўнай сувязі з традыц. аперацыямі розуму (паняцце, суджэнне і вывад); пры гэтым лагічны метад падзяляў на сінтэтычны, з дапамогай якога пазнанне рухаецца ад простага да складанага, ад частак да цэлага, ад прычыны да выніку, і аналітычны, пры дапамозе якога розум вяртаецца ад складанага да простага, ад усеагульнага да адзінкавага.

Тв.:

Рус. пер. — Комментарии по философии, или логике, то есть метафизике, общей и специальной физике. Вильна, 1755 // Памятники философской мысли Белоруссии XVII — первой половины XVIII в. Мн., 1991.

Літ.:

Бирало А.А. Философская и общественная мысль в Белоруссии и Литве в конце XVII — середине XVIII в. Мн., 1971;

Дорошевич Э.К. Философия эпохи Просвещения в Белоруссии. Мн., 1971;

Очерки истории философской и социологической мысли Белоруссии (до 1917 г.). Мн., 1973;

Цукерман А.Я. Философская мысль в Белоруссии середины XVIII в. Мн., 1980.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 14, с. 442

СКАРУ́ТА (Таццяна Мікалаеўна) (н. 6.10.1924, Тбілісі),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1961). Скончыла студыю пры т-ры «Чырвоны факел» (г. Новасібірск, 1974). Працавала ў т-рах Новасібірска, Якуцка, Златауста. У 1956—81 у Гомельскім абл. драм. т-ры. Выканаўца роляў травесці, характарных. Акцёрскай манеры ўласціва выразнасць знешняга малюнка і дынаміка ў раскрыцці ўнутранай сутнасці персанажа, удалае выкарыстанне сцэнічнай дэталі. Сярод роляў у Гомельскім т-ры: Рыгорка («У бітве вялікай» А.​Маўзона), Ермаліцкая («Рудабельская рэспубліка» паводле С.​Грахоўскага), Зося («Сэрца на далоні» паводле І.​Шамякіна), Дунька («Любоў Яравая» К.​Транёва), Клюка («Угрум-рака» паводле В.​Шышкова), Марыя Іпалітаўна, Тузікава («Мана для вузкага кола», «Барабаншчыца» А.​Салынскага), Ефрасіння Патапаўна («Беспасажніца» А.​Астроўскага), Цвятаева («Мяшчане» М.​Горкага), Дорка («Зімовая казка» У.​Шэкспіра), Селія («Дурнічка» Лопэ дэ Вэгі), Канчэта («Каляды ў хаце сіньёра Куп’ела» Э.​Дэ Філіпа).

А.​А.​Лабовіч.

т. 14, с. 442

СКАРЦАНЕ́Р,

кветкавая расліна, гл. ў арт. Чарнакорань.

т. 14, с. 442