СКАРУ́ЛЬСКІ ((Skorulski) Антоній Адам) (22.11.1715, Жамойць — 28.1.1777),
філосаф, асветнік. З 1730 чл. ордэна езуітаў, у 1742 пасвячоны ў ксяндза. Выкладаў філасофію, гісторыю і геаграфію ў езуіцкіх навуч. установах Латвіі і Літвы. Рэктар калегіумаў у Навагрудку (1760—64) і Коўне (1764—66), у 1766—72 правінцыял літоўскі (кіраўнік Літ. правінцыі ордэна). Рэктар Віленскай акадэміі (1772—74; з 1803 Віленскі ун-т). Пасля скасавання ордэна езуітаў (1773) заставаўся белым ксяндзом, з 1775 канонік віленскі. У адзіным творы С. «Каментарыі па філасофіі, або логіцы, гэта значыць метафізіцы, агульнай і спецыяльнай фізіцы» (1755) выкладзены асн. філас. сістэмы Новага часу і адкрыцці ў прыродазнаўстве, прыведзены каштоўныя звесткі па астраноміі, механіцы і інш. галінах ведаў. Лічыў, што існуе толькі адзін свет, а не мноства; ён абмежаваны пэўнымі межамі сваёй велічыні, заснаванай у пэўны час. Адмаўляў асн. палажэнні вучэння М.Каперніка, тэорыі першасных і другасных якасцей, атамізму. Гнасеалагічныя погляды С. знаходзіліся пад уплывам сенсуалізму. Паводле С., пазнанне рэчаіснасці пачынаецца з уздзеяння аб’екта на органы пачуццяў; любое адчуванне ўключае 3 элементы: орган пачуццяў, уздзеянне, якое робіцца на яго, і здольнасць да ўспрымання гэтага ўздзеяння. Крытыкаваў тэорыю прыроджаных ідэй і інтуітыўнага пазнання, перасцерагаў ад легкадумнага, некрытычнага адмаўлення ўсялякай новай ідэі без папярэдняга апрабавання яе розумам. Даследаваў праблему лагічнага метаду ў непарыўнай сувязі з традыц. аперацыямі розуму (паняцце, суджэнне і вывад); пры гэтым лагічны метад падзяляў на сінтэтычны, з дапамогай якога пазнанне рухаецца ад простага да складанага, ад частак да цэлага, ад прычыны да выніку, і аналітычны, пры дапамозе якога розум вяртаецца ад складанага да простага, ад усеагульнага да адзінкавага.
Тв.:
Рус. пер. — Комментарии по философии, или логике, то есть метафизике, общей и специальной физике. Вильна, 1755 // Памятники философской мысли Белоруссии XVII — первой половины XVIII в. Мн., 1991.
Літ.:
Бирало А.А. Философская и общественная мысль в Белоруссии и Литве в конце XVII — середине XVIII в. Мн., 1971;
Дорошевич Э.К. Философия эпохи Просвещения в Белоруссии. Мн., 1971;
Очерки истории философской и социологической мысли Белоруссии (до 1917 г.). Мн., 1973;
Цукерман А.Я. Философская мысль в Белоруссии середины XVIII в. Мн., 1980.
С.Ф.Дубянецкі.
т. 14, с. 442