Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МАЛАРАСІ́ЙСКАЯ КАЛЕ́ГІЯ,

цэнтральны орган Рас. імперыі па кіраванні Левабярэжнай Украінай у 1722—27 і 1764—86. Створана паводле ўказа Пятра I ад 27.5.1722 у рэзідэнцыі ўкр. гетманаў г. Глухаў. Падпарадкоўвалася Сенату. Кантралявала і накіроўвала дзейнасць казацкай старшыны. У 1727 заменена адноўленым гетманствам. Адноўлена ў 1764 пасля канчатковага скасавання гетманства. Спыніла дзейнасць 31.8.1786 пасля поўнай ліквідацыі аўтаноміі Левабярэжнай Украіны.

т. 10, с. 11

МАЛАРАСНІ́ЧНЫЯ ІНФУЗО́РЫІ (Oligotricha),

атрад прасцейшых кл. раснічных інфузорый. Нешматлікія прэснаводныя, марскія (тынтыніды) формы і інфузорыі, якія жывуць у страўніку (рубец, сетка) і тоўстых кішках жвачных млекакормячых — сям. афрыяскаляцыды (каля 120 відаў) і цыклапастыіды.

Форма цела складаная, са шкілетнымі і скарачальнымі элементамі. Суцэльнае раснічнае покрыва адсутнічае. Кормяцца бактэрыямі, грыбкамі, зернем крухмалу, часцінкамі раслін; ёсць драпежнікі. Размнажаюцца шляхам кан’югацыі, асобіны адрозніваюцца будовай шкілета, формай панцыра і інш.

Да арт. Малараснічныя інфузорыі. Афрыяскаляцыды: 1 — афрыясколекс; 2 — анапла́дыніум; 3 — астракадыніум.

т. 10, с. 11

МАЛАРМЭ́ ((Mallarmé) Стэфан) (18.3.1842, Парыж — 9.9.1898),

французскі паэт; галава сімвалізму. Вучыўся ў Англіі і Францыі. Друкаваўся з 1862. Зведаў уплыў Ш.Бадлера і Э.По. У эклозе «Папаўдзённы адпачынак Фаўна» (каля 1865, аднайм. сімф. прэлюдыя К.Дэбюсі, 1892), драм. паэме «Ірадыяда» (1867—69), паэмах «Ігітур» (1869), «Удача ніколі не скасуе выпадку» (1897), зб-ках «Вершы» (1887), «Вершы з нагоды» (1880—98), «Вершы і проза» (1893), вершы «Проза для Дэзесента» (1885) праз полісемічны сімвал, сугестыўнасць імкнуўся да спасціжэння непасцігальнага, «звышпачуццёвага», таемнай сутнасці быцця. Яго паэзія адметная асацыятыўнасцю, меладычнасцю, адмаўленнем сінтакс. і семантычных норм, насычана інверсіямі, прасякнута характэрнымі для эпохі дэкадансу настроямі тугі, адзіноты, безабароннасці чалавека. Аўтар філал. і гіст. кніг «Англійскія словы» (1878), «Антычныя багі» (1880), зб. тэарэт. прац «Адхіленні» (1897), літ.-крытычных артыкулаў.

Тв.:

Рус. пер. — Собр. стихотворений. М., 1990;

Соч. в стихах и прозе. М., 1995.

Літ.:

Обломиевский Д.Д. Французский символизм. М., 1973;

Великовский С.И. В скрешенье лучей;

Групповой портрет с Полем Элюаром. М., 1987.

Е.А.Лявонава.

т. 10, с. 11

МАЛАРО́СІЯ,

назва ўкраінскіх зямель ў складзе Рас. імперыі, якая ўжывалася да 1917 у рас. афіц. актах і гістарыяграфіі. Тэрмін «М.» ўпершыню з’явіўся ў 14 ст. як адна з назваў Галіцка-Валынскай зямлі, у 17 ст. пасля далучэння да Расіі Левабярэжнай Украіны (1654—67) ён набыў ва ўрадавых колах афіц. значэнне (існавалі Маларасійская губ., Маларасійская калегія, Маларасійскі прыказ).

т. 10, с. 11

МАЛАРО́СЫ,

устарэлая назва ўкраінцаў.

т. 10, с. 11

МАЛАРЫ́ТА,

рака ў Маларыцкім р-не Брэсцкай вобл., левы прыток р. Рыта (бас. р. Зах. Буг). Даўж. 30,5 км. Пл. вадазбору 602 км2. Пачынаецца за 2 км на Пн ад в. Арэхава, з’яўляецца працягам канала Сярэдні Роў (раней выцякала з Арэхаўскага воз., у выніку меліярац. работ выток ракі засыпаны). Цячэ па Брэсцкім Палессі. Даліна невыразная. Пойма двухбаковая. Рэчышча на ўсім працягу каналізаванае. Рака прымае сцёк з меліярац. каналаў. На рацэ — г. Маларыта.

т. 10, с. 11

МАЛАРЫ́ТА,

горад, цэнтр Маларыцкага р-на Брэсцкай вобл., на р. Маларыта. Чыг. станцыя на лініі Брэст—Ковель. За 52 км ад Брэста. 11,6 тыс. ж. (1998).

Упершыню ўпамінаецца ў 1566 як дзярж. вёска Рыта Малая ў Брэсцкім пав. Брэсцкага ваяв. У 1768—90 дзейнічала Маларыцкая металургічная мануфактура. З 1795 у Рас. імперыі, сяло ў Брэсцкім пав. Слонімскай, з 1797 — Літоўскай, з 1801 — Гродзенскай губ. У 1897—1275 ж., 203 двары, сельскае нар. вучылішча, 2 лесапільні (у 1914—41 рабочы), шпалапрапітны з-д (20 рабочых), цагельня (4 рабочыя), вятрак. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Брэсцкага пав. Палескага ваяв. Дзейнічаў падп. райком КПЗБ. 4.3.1935 адбылася забастоўка рабочых лесапільняў. З 1939 у БССР. З 15.1.1940 гар. пасёлак, цэнтр Маларыцкага р-на Брэсцкай вобл. 22.6.1941 акупіравана ням. фашыстамі, якія ў М. і раёне загубілі 3349 чал. Дзейнічала падп. антыфаш. група. 20.7.1944 вызвалена войскамі 1-га Бел. фронту і партызанамі брыгады імя Леніна ў ходзе Люблін-Брэсцкай аперацыі 1944. У 1959—3,4 тыс. ж. У 1962—65 у Брэсцкім р-не. З 23.12.1970 горад.

Прадпрыемствы харч. (Маларыцкі агароднінасушыльны завод) прам-сці. Брацкія магілы: сав. воінаў і партызан, сав. воінаў, танкістаў, магіла ахвяр фашызму, курган Славы. Помнік архітэктуры — Мікалаеўская царква (2-я пал. 19 ст.).

Маларыта. Плошча ў цэнтры горада.

т. 10, с. 12

МАЛАРЫ́ЦКАЯ МЕТАЛУРГІ́ЧНАЯ МАНУФАКТУ́РА.

Адна з першых на Беларусі, дзейнічала ў 1768—90 ва ўрочышчы Рудня каля Маларыты Брэсцкай вобл.). Выпускала лемяшы, калёсныя восі, малаткі, кувалды, кухонныя прыборы. Мела вадзяныя рухавікі, домну для атрымання чыгуну з мясц. руды, 2 домны для перапрацоўкі чыгуну ў сталь і 2 плавільныя печы для адліўкі форм з гатовага металу. На тэр. мануфактуры дзейнічаў медны з-д па выпуску катлоў для вінакурэння. У 1780 працавала 180 рабочых, выпушчана 18 тыс. пудоў жалеза.

т. 10, с. 12

МАЛАРЫ́ЦКІ АГАРОДНІНАСУШЫ́ЛЬНЫ ЗАВО́Д.

Пабудаваны ў 1955 у г. Маларыта Брэсцкай вобл. У 1970—78 расшыраны і рэканструяваны. Асн. прадукцыя (1999): больш за 50 найменняў, у т.л. кансервы: пладова-ягадныя агульныя і для дзіцячага харчавання (варэнне, сокі, пюрэ і інш.); агароднінныя натуральныя, марынады, ікра дыетычная, таматны соус; сушаная бульба і агародніна.

т. 10, с. 12

МАЛАРЫ́ЦКІ РАЁН.

На ПдЗ Брэсцкай вобл. Утвораны 15.1.1940, скасаваны 25.12.1962, адноўлены 6.1.1965. Пл. 1,4 тыс. км2. Нас. 29,1 тыс. чал. (1998), гарадскога 40%. Сярэдняя шчыльнасць 21 чал. на 1 км2. Цэнтр — г. Маларыта. Уключае 78 сельскіх населеных пунктаў, 9 сельсаветаў: Арэхаўскі, Велікарыцкі, Гвозніцкі, Лукаўскі, Макранскі, Маларыцкі, Олтушскі, Хаціслаўскі, Чарнянскі.

Тэрыторыя раёна размешчана ў межах Брэсцкага Палесся. Паверхня — плоская раўніна з асобнымі ўчасткамі дзюнна-ўзгорыстых форм. Агульны нахіл з Пд на Пн. 99% тэрыторыі на выш. 150—170 м, найвыш. пункт 189 м (за 4 км на ПдЗ ад Маларыты). Карысныя выкапні: мел, торф, сапрапель, сілікатныя і буд. пяскі, гліна. Сярэдняя т-ра студз. -4,4 °C, ліп. 18,7 °C. Ападкаў 543 мм за год.

Вегетац. перыяд 207 сут. Найб. р. Рыта (прыток Мухаўца) з прытокам Маларыта. Азёры Арэхаўскае, Олтушскае, Малое. Лукаўскае вадасховішча. Найб. меліярац. каналы Бона, Гусацкі, Замшанка. Пераважаюць глебы дзярнова-карбанатныя забалочаныя (33,7%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (31,2%), тарфяна-балотныя (29,2%). Пад лесам 45% тэр. раёна. Лясы хваёвыя, чорнаальховыя, бярозавыя, дубовыя і інш., чвэрць з іх — штучныя насаджэнні. Пад балотамі каля 20% тэрыторыі, большая ч. з іх асушана. Заказнікі: рэсп. значэння біял. Лукава; бат. мясц. значэння Гусакі і Багуслаўка. Помнікі прыроды: рэсп. значэння — Цар-дуб (800 гадоў), Дуб-партыярх (700 гадоў), ельнікі астраўныя ў Пажэжынскім і Маларыцкім лясніцтвах.

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 46,3 тыс. га, з іх асушаных 74%. На 1.1.1999 у раёне 15 калгасаў, 38 фермерскіх гаспадарак. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, вырошчванні збожжавых і кармавых культур, бульбы і цукр. буракоў. Прадпрыемствы харч. і буд. матэрыялаў прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыг. Брэст—Ковель і аўтадарогі Кобрын—Уладава і Брэст—Ковель. У раёне 15 сярэдніх, 6 базавых, 8 пач., дзіцяча-юнацкая спарт. школы, 16 дашкольных устаноў, 30 дамоў культуры і клубаў, 28 б-к, 4 бальніцы, паліклініка, 4 амбулаторыі, 11 фельч.-ак. пунктаў. Арх. помнікі: цэрквы Раства Багародзіцы (2-я пал. 17 ст.) у в. Дарапеевічы, Раства Багародзіцы (1713) у в. Ляхаўцы, Праабражэнская (1783) у в. Олтуш, Праабражэнская (1799) у в. Хаціслаў. Выдаецца газ. «Голас часу».

Г.С.Смалякоў.

т. 10, с. 12