Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДАРЭ́ (Doré) Густаў Вінсент Шарль

(6.1.1832, г. Страсбур, Францыя — 23.1.1883),

французскі графік. Самавучка. З 1848 публікаваў у гумарыстычных часопісах Парыжа вострахарактарныя літаграфіі пра парыжскіх абывацеляў (сюіты «Розная публіка Парыжа», «Парыжскі звярынец»). Вядомасць прынеслі жывапісна-дынамічныя, гратэскна-выразныя, поўныя фантазіі і гумару ілюстрацыі да «Гарганцюа і Пантагруэля» Ф.Рабле (1854), «Свавольных апавяданняў» А. Бальзака (1855—56), «Боскай камедыі» Дантэ (1861), «Дон Кіхота» М.Сервантэса (1862—63), Бібліі (1864—66), «Страчанага раю» Дж.Мільтана (1865—66). Гэтыя малюнкі гравіраваліся майстрамі школы тарцовай ксілаграфіі, якая ўзнікла пад уплывам Д. Вядомы і як скульптар (помнік А.Дзюма-бацьку ў Парыжы, 1882).

Літ.:

Дьяков Л. Г.Доре. М., 1983.

Г.Дарэ. Уезд Гарганцюа ў Парыж. Іл. да кнігі «Гарганцюа і Пантагруэль» Ф.Рабле.

т. 6, с. 59

ДА́РЭЛ (Durrell) Джэралд Малкам

(7.11.1925, г. Джамшэдпур, Індыя — 30.1.1995),

англійскі натураліст, пісьменнік. У 1928 сям’я пераехала ў Англію, у 1935 — на в-аў Корфу (Грэцыя), з 1939 зноў у Англіі. У 1947 арганізаваў і ўзначаліў сваю першую экспедыцыю па збіранні калекцыі рэдкіх жывёл у Афрыку, пазней — у Паўд. Амерыку, Паўд.-Усх. Азію, Аўстралію, Новую Зеландыю і інш. На в-ве Джэрсі (Англія) заснаваў і ўзначаліў заапарк (1958) і фонд па захаванні дзікіх жывёл (1964). Вядомасць прынесла першая кн. «Перапоўнены каўчэг» (1953). Аўтар больш як 20 кніг: «Мая сям’я і іншыя жывёлы» (1956), «Сустрэчы з жывёламі» (1959), «Заапарк у маім багажы» (1960), «Птушкі, жывёлы і родзічы» (1969), «Зялёны рай» (1978) і інш., якія вызначаюцца шчырай любоўю да прыроды, бездакорным стылем, тонкім гумарам і вобразнай мовай.

Н.М.Саркісава.

т. 6, с. 59

Дарэл Лорэнс

т. 18, кн. 1, с. 377

ДАРЭ́ННЕ,

у цывільным праве пагадненне, паводле якога адзін бок перадае бязвыплатна другому боку маёмасць ва ўласнасць. Дагавор Д. лічыцца заключаным у момант перадачы маёмасці. Д. грамадзянамі маёмасці арганізацыям можа быць абумоўлена выкарыстаннем гэтай маёмасці для пэўнай грамадскай карыснай мэты. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь дагавор Д. на суму больш за 50 мінімальных зарплат і дагавор Д. валютных каштоўнасцей на суму больш за 10 мінімальных зарплат павінны быць натарыяльна засведчаны. Дагавор Д. грамадзянамі маёмасці арг-цыям заключаецца ў простай пісьмовай форме. Дагавор Д. жылога дома павінен быць натарыяльна засведчаны і зарэгістраваны ў выканаўчым к-це адпаведнага мясц. Савета дэпутатаў.

Э.I.Кузьмянкова.

т. 6, с. 59

ДАРЭ́ЎСКАЯ Апалонія

(вядома і як Дарота; 1767 ?—?),

танцоўшчыца. Прыгонная падскарбія надворнага літ. А.Тызенгаўза, выхаванка яго балетных школ у Гродне і Паставах. У 1778 выступіла як фігурантка ў школьным паказе «Сялянскага балета» Г.Петынеці ў Гродзенскім т-ры Тызенгаўза. Паводле завяшчання магната перайшла ва ўласнасць Станіслава Аўгуста Панятоўскага і з 1785 першая салістка трупы «Т-ва танцоўшчыкаў яго каралеўскай вялікасці» ў Варшаве; гратэскавая танцоўшчыца на прыдворнай сцэне і ў Нац. т-ры. Партыі: у балетах «Мірза і Ліндор», «Рыбакі», «Лукас і Калінета», «Па-дэ-дэ» Ф.Шлянцоўскага (у дуэце з аўтарам, 1788). У 1794—97 у прыватных антрэпрызах Варшавы і Гданьска (Польшча). У 1797 па ініцыятыве і за кошт Станіслава Аўгуста выехала ў Пецярбург.

Г.І.Барышаў.

т. 6, с. 60

ДАР’Я́

(цюрк.-перс.),

рака. У мовах народаў Сярэдняй Азіі тэрмін выкарыстоўваецца для абазначэння вял. рэк (Амудар’я, Сырдар’я).

т. 6, с. 60

ДАР’Я́ЛЬСКАЯ ЦЯСНІ́НА,

у даліне р Церак, у месцы перасячэння ёю Бакавога хр. Вял. Каўказа, у Грузіі і Паўн. Асеціі. На працягу 3 км глыб. да 1000 м. Па Д.ц. праходзіць Ваенна-Грузінская дарога. Д.ц. была вядома стараж. географам як «Вароты Каўказа» (Аланскія вароты).

т. 6, с. 60

ДАР-ЭС-САЛА́М

(Dar es Salaam),

горад у Танзаніі. Месцазнаходжанне ўрада. Адм. ц. Прыбярэжнай вобл. 1436 тыс. ж. (1990). Гал. марскі порт краіны, на беразе Індыйскага ак. (абслугоўвае часткова суседнія краіны). Чыг. станцыя, вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Пачатковы пункт нафтаправода ў Замбію. Прам-сць: нафтаперапр., цэм., аўтазборачная, тэкст., эл.-тэхн., харчасмакавая (мясакансервавая, тытунёвая, мукамольная, піваварная), абутковая. Суднабудаванне (пераважна рыбацкіх суднаў). Вытв-сць лакаў, фарбаў, мыла, мэблі. Рыбалоўства. Ун-т. Бат. сад. Гісторыка-этнагр. музей.

Засн. ў 1862 султанам Занзібара на месцы рыбацкай в. Мзізіма. У 1887 захоплены герм. усх.-афр. кампаніяй. З 1891 адм. ц. Герм. Усх. Афрыкі. У 1916 акупіраваны англ. войскамі. У 1919—61 цэнтр англ. каланіяльнай адміністрацыі Танганьікі. У 1861—64 сталіца незалежнай дзяржавы Танганьіка, у 1964—73 — Танзаніі.

т. 6, с. 59