Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДАХ

(ням. Dach праз польск. dach),

канструкцыйная сістэма перакрыцця і пакрыцця верхняй ч. пабудовы. Д. традыц. жылых і гасп. сялянскіх пабудоў называюць страхой. На Беларусі са старажытнасці вядомы Д. каркаснай і вянковай канструкцыі. Сярод тыпаў каркасных Д. найб. дасканалы кроквенны, з паяўленнем якога свабодныя ад нагрузкі шчыты набылі значэнне важных элементаў арх. дэкору. Акрамя 2-схільных і пірамідальных формаў з 16 ст. пачалі пашырацца вальмавыя (з залобкамі, прычолкамі, дымнікамі) і 3-схільныя, а з 17 ст. — ламаныя, ярусныя, мансардавыя Д. Для класіцыстычных пабудоў характэрны Д. невысокія, з франтонамі. Найб. пашыраны матэрыял пакрыцця — дранка, гонта, чарапіца, бляха, шыфер. У сучасным індустр. буд-ве часцей выкарыстоўваюць плоскі Д., сумешчаны з жалезабетоннымі панэлямі перакрыцця.

С.А.Сергачоў.

т. 6, с. 69

ДА́ХАВЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,

будаўнічыя матэрыялы, з якіх робяць дахі будынкаў і збудаванняў. Характарызуюцца воданепранікальнасцю, мароза-, вогне- і вільгацеўстойлівасцю, трываласцю, лёгкасцю.

Адрозніваюць Д.м.: цвёрдыя (штучныя — лісты, пліткі), гнуткія (рулонныя, найб. пашыраны) і пластычныя (масцікавыя); сілікатныя (азбестацэментныя хвалепадобныя лісты і пліткі, гл. Азбестацэментныя вырабы і канструкцыі; чарапіца, шыфер); арганічныя (драўняныя — гонта, драніцы, дошкі; бітумныя і дзёгцевыя — пергамін, руберойд, таль, палімерныя на аснове пластмас — плоскія і хвалепадобныя пліты з шклапластыкаў і інш.); металічныя (лісты дахавай сталі, алюмінію, цынку). Пластычныя Д.м. — бітумныя, бітумна-палімерныя і дзёгцевыя масцікі.

т. 6, с. 69

ДА́ХАВЫЯ РАБО́ТЫ,

работы па стварэнні дахаў будынкаў і збудаванняў. Склад іх залежыць ад віду і вугла нахілу даху, дахавых матэрыялаў.

Звычайна Д.р. ўключаюць: падрыхтоўку (ачыстку, грунтоўку) асновы; параізаляцыю асн. канструкцыі пакрыцця слоем масцікі або 1—2 слаямі пергаміну, руберойду. толі, шклоруберойду (на гарачых і халодных масціках); цеплаізаляцыю з плітавых, маналітных або сыпкіх уцяпляльнікаў; стварэнне выраўноўвальнага слоя — т.зв. сцяжкі (цэментна-пясчанай, асфальтабетоннай); укладку дахавага пакрыцця з 2—5 слаёў рулонных матэрыялаў або масцік, арміраваных шкловалакном, і ахоўнага слоя. Пры выкарыстанні штучных матэрыялаў насцілаюць (укладваюць) азбестацэментныя лісты і пліткі, чарапіцу, дахавую сталь на драўляныя латы, жалезабетонныя, стальныя або драўляныя бэлькі.

т. 6, с. 69

ДАХА́У

(Dachau),

канцэнтрацыйны лагер на тэр. Германіі ў 1933—45. Створаны на ўскраіне г. Дахаў (17 км ад Мюнхена). Першапачаткова тут былі зняволены паліт. праціўнікі нацысцкага рэжыму (камуністы, сацыял-дэмакраты, апазіц. свяшчэннікі і інш.). У 2-ю сусв. вайну ў лагеры, які меў каля 125 аддзяленняў і т.зв. знешніх камандаў на ваен. прадпрыемствах Паўд. Германіі і Аўстрыі, праводзіліся злачынныя мед. эксперыменты на вязнях. За час існавання праз лагер прайшло каля 250 тыс. вязняў з 24 краін, загінула 148 тыс. чал. 28.4.1945, напярэдадні з’яўлення войск ЗША, дзеючая ў лагеры інтэрнац. падп. арг-цыя Супраціўлення падняла паўстанне, дзякуючы чаму засталіся жывымі 30 тыс. апошніх вязняў. У 1945—47 камендант, ахоўнікі лагера і медыкі-злачынцы асуджаны ў Нюрнбергу. У 1965 у Д. адкрыты мемар. комплекс (музей, малітоўныя дамы, помнікі); у 1984 уключаны ЮНЕСКА ў спіс аб’ектаў, якія знаходзяцца пад асаблівай аховай.

т. 6, с. 69

ДАХЛА́К,

архіпелаг у паўд.-зах. ч. Чырвонага м., належыць Эфіопіі. Буйныя а-вы: Д. (750 км2), Нора (130 км2); больш за 130 дробных астравоў. Абкружаны каралавымі рыфамі. Пальмавыя гаі. Лоўля чарапах, акул, здабыча жэмчугу і перламутру. Гал. горад і порт — Нокра (на в-ве Дахлак).

т. 6, с. 69

ДАХЛО́ЎКА,

рака ў Пружанскім і Кобрынскім р-нах Брэсцкай вобл., правы прыток р. Мухавец (бас. Зах. Буга). Даўж. 24 км. Пл. вадазбору 226 км2. Пачынаецца каля паўд. ускраіны в. Паддубна (Пружанскі р-н). У верхнім цячэнні наз. Гарадзечна. Рэчышча каналізаванае амаль на ўсім працягу.

т. 6, с. 69

ДАХЛЯКО́Ў Аляксандр Дзмітрыевіч

(н. 26.1.1942, в. Цютчава Гамбоўскай вобл., Расія),

бел. спартсмен (веласіпедны спорт). Майстар спорту міжнар. класа (1965). Пераможца Велагонкі Міру ў камандным (1965—66), сярэбраны прызёр у асабістым (1966) пяршынствах. Чэмпіён СССР у групавой і каманднай гонках на 100 км (1966).

т. 6, с. 69

ДАХНА́РКА,

рака ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., левы прыток р. Дрыса (бас. р. Зах. Дзвіна). Даўж. 24 км. Пл. вадазбору 208 км2. Выцякае з воз. Белае, цячэ ў забалочанай мясцовасці па Полацкай нізіне, працякае праз воз. Дахнарскае. Асн. прыток р. Лонніца (справа). Даліна ў ніжнім цячэнні добра выражаная, шыр. 200—300 м.

т. 6, с. 69

ДАХНА́РСКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Дахнарка (працякае праз возера) за 14 км на Пд ад г. Полацк. Пл. 0,47 км2, даўж. 890 м, найб. шыр. 700 м, найб. глыб. 1,7 м, даўж. берагавой лініі каля 2,7 км. Пл. вадазбору 73,8 км2. Схілы катлавіны выш. 2—3 м, параслі лесам, на Пд разараныя. Берагі пераважна сплавінныя, на Пн забалочаныя. Дно плоскае, выслана сапрапелем. Зарастае.

т. 6, с. 69

ДАХО́Д,

грашовая сума, якая рэгулярна і законным шляхам паступае ў непасрэднае распараджэнне суб’екта эканомікі. Галоўныя крыніцы Д. — заработная плата, прадпрымальніцкі прыбытак, арэндная плата, асабістая дапаможная гаспадарка, розныя дзярж. выплаты і інш. Гл. таксама Дзяржаўныя даходы, Даходы насельніцтва, Даходы прадпрыемства, Нацыянальны даход.

т. 6, с. 69