Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДАРАВА́ЛЬНАЯ ГРА́МАТА,

назва заканад. актаў аб наданні правоў і прывілеяў манастырам, прыватным асобам або групам насельніцтва, якія выдаваў правіцель Стараж. Русі і Рас. імперыі (вял. князь, цар, імператар) у 12—18 ст. Найб. значныя —Д.г. гарадам і дваранству (абедзве ўведзены 21.4.1785 Кацярынай II). «Грамата на правы і выгоды гарадам Расійскай імперыі» складалася з «Гарадавога» і «Рамеснага» палажэнняў; рэгулявала становішча гараджан (падзяляліся на 6 разрадаў, у т.л. купецтва і мяшчанства) і работу органаў гар. самакіравання (гл. Гарадская дума). На Беларусі ў гарадах, якія мелі магдэбургскае права, захоўваліся магістраты, у судаводстве выкарыстоўваўся Статут Вялікага княства Літоўскага 1588, яўр. насельніцтва гарадоў падпарадкоўвалася кагалу. Асн. палажэнні Д.г. гарадам дзейнічалі да гарадской рэформы 1870-х гадоў. «Грамата на правы, вольнасці і прывілеі высакароднага расійскага дваранства» складалася з уводзін, 4 раздзелаў і 92 артыкулаў; пацвярджала асн. палажэнні Маніфеста аб вольнасці дваранства 1762, прадугледжвала захаванне элітнай ролі дваран у грамадстве, у т.л. недапушчэнне ў дваранскае саслоўе асоб з боку падатковага насельніцтва. Асобныя заканад. палажэнні Д.г. дзейнічалі да 1917.

Літ.:

Российское законодательство X—XX вв. Т. 5. М., 1987.

т. 6, с. 50

ДАРАВА́ЛЬНЫ НАДЗЕ́Л,

зямельны ўчастак, які паводле ўмоў сялянскай рэформы 1861 у Расіі памешчык са згоды селяніна аддаваў яму ва ўласнасць без выкупу («дараваў»). Складаў ​1/4 вышэйшага надзелу, вызначанага рэформай для сялян пэўнай мясцовасці. Астатнія ​3/4 надзелу заставаліся за памешчыкам. Пераход б. прыгонных на Д.н. быў найб. пашыраны ў чарназёмных губернях Рас. імперыі. У Беларусі (у Магілёўскай і 8 паветах Віцебскай губ.) ён складаў 1—1,4 дзесяціны. У Зах. і Цэнтр. Беларусі мясц. «Палажэннем» ад 19.2.1861 ён зусім не прадугледжваўся. Д.н. быў недастатковы для вядзення гаспадаркі сялянамі, і яны вымушаны былі працаваць на памешчыка. У народзе Д.н. называлі «жабрацкім», «сірочым».

т. 6, с. 50

ДАРАГАБУ́Ж,

назва ракі Жыгулянка ў ніжнім цячэнні.

т. 6, с. 50

ДАРАГА́НАВА,

вёска ў Асіповіцкім р-не Магілёўскай вобл., на р. Пціч; чыг. ст. на лініі Асіповічы—Слуцк. Цэнтр сельсавета. За 21 км на ПдЗ ад Асіповіч, 182 км ад Магілёва. 412 ж., 225 двароў (1997). Лясніцтва. Сярэдняя школа, санаторная школа-інтэрнат, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Магілы ахвяр фашызму. Каля вёскі стаянка бронзавага веку.

т. 6, с. 50

ДАРАДНІ́ЦЫН Анатоль Аляксеевіч

(н. 2.12.1910, с. Башына Тульскай вобл., Расія),

расійскі матэматык, геафізік і механік. Акад. АН СССР (1953), замежны чл. Балгарскай АН (1970). Герой Сац. Працы (1970). Скончыў Грозненскі нафтавы ін-т (1931). У 1945—55 у Матэм. ін-це імя У.А.Сцяклова. У 1955—89 дырэктар Выліч. цэнтра АН СССР, адначасова праф. Маскоўскага фіз.-тэхн. ін-та (з 1947). Навук. працы па праблемах дынамічнай метэаралогіі, аэрадынаміцы вял. скарасцей, прыкладной матэматыцы, нелінейнай механіцы, выліч. тэхніцы. Ленінская прэмія 1984; Дзярж. прэміі СССР 1946, 1947, 1951.

А.А.Дарадніцын.

т. 6, с. 51

ДАРА́ДЧЫ ПАКО́Й у Рэспубліцы Беларусь і краінах СНД, ізаляванае памяшканне, у якім адбываецца нарада суда і дзе прымаецца рашэнне ці вызначэнне па разгледжанай справе; адна з гарантый незалежнасці суддзяў і тайны іх нарады перад вынясеннем прысуду. У час нарады ў Д.п. могуць знаходзіцца толькі суддзі, якія ўваходзяць у склад суда па дадзенай справе. Прысутнасць інш. асоб не дапускаецца. Суддзі не маюць права выдаваць меркаванні, якія мелі месца ў час нарады. Парушэнне тайны Д.п. з’яўляецца парушэннем закону і цягне адмену суд. пастановы.

Э.І.Кузьмянкова.

т. 6, с. 51

ДАРА́НКА,

рака ў Кіраўскім і Бабруйскім р-нах Магілёўскай вобл., правы прыток р. Ала (бас. Дняпра). Даўж. 20,5 км. Пачынаецца за 800 м на ПнУ ад в. Падрэчча Кіраўскага р-на. Рэчышча на ўсім працягу каналізаванае.

т. 6, с. 51

ДАРАПЕ́ЕВІЧЫ,

вёска ў Чарнянскім с/с Маларыцкага р-на Брэсцкай вобл. Цэнтр калгаса. За 30 км на ПнУ ад горада і чыг. ст. Маларыта, 60 км ад Брэста, 439 ж., 175 двароў (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Помнік ахвярам фашызму і помнік землякам. Помнік архітэктуры — царква Раства Багародзіцы (2-я пал. 17 ст.).

т. 6, с. 51

ДАРАСІНО́,

вёска ў Любанскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 28 км на ПнЗ ад Любані, 145 км ад Мінска, 12 км ад чыг. ст. Урэчча. 655 ж., 279 двароў (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.

т. 6, с. 51

ДАРАСІ́НСКАЯ КЕРА́МІКА,

ганчарныя вырабы майстроў з в. Дарасіно Любанскага р-на Мінскай вобл. Промысел вядомы з 18 ст., росквіту дасягнуў у канцы 19—1-й пал. 20 ст. Тут выраблялі кухонны, сталовы, тарны посуд з гліны светлага ці шэра-чорнага колеру, глазуравалі празрыстай ці зялёнай палівай. Формы вырабаў светлага ці светла-чырвонага колеру ўпрыгожвалі прамымі і хвалістымі выціснутымі або ангобнымі паяскамі. Бытаваў таксама чорназадымлены посуд. У 1930—40-я г. працавала ганчарная арцель, цяпер — ганчарны цэх (майстры М.Прышчэпа, М.Філіпеня, В.Юхневіч). Традыцыі Д.к. прадаўжаюць таксама ў ганчарнай майстэрні пры Любанскім раённым цэнтры культуры.

Я.М.Сахута.

Дарасінская кераміка.

т. 6, с. 51