Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДАБАНТО́Н

(Daubenton) Луі Жан Мары (29.5.1716, г. Манбар, Францыя — 1.1.1800),

французскі прыродазнавец. Чл. Французскай і замежны ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1776). З 1788 дырэктар Парыжскага бат. сада. Навук. працы па параўнальнай анатоміі і акліматызацыі свойскіх жывёл. Сааўтар (разам з Ж.Бюфонам) мнагатомнай працы «Натуральная гісторыя» (1749—67). Аўтар дапаможніка па авечкагадоўлі. Вывеў новую пароду мерыносавых авечак.

т. 5, с. 556

ДАБАСНА́,

рака, гл. Добасна.

т. 5, с. 556

ДАБАСНЯ́НСКАЯ ЦУКРО́ВАЯ МАНУФАКТУ́РА.

Дзейнічала ў 1839—62 у маёнтку Добасна Бабруйскага пав. (цяпер вёска ў Кіраўскім р-не Магілёўскай вобл.). Мела агнявы рухавік і гідраўлічныя прэсы (у 1860—62 — тры). У 1839 працавала 176, у 1859 — 63 рабочыя. У 1861—62 за суткі перапрацоўвала да 900 пудоў буракоў, з якіх атрымлівалі па 36 пудоў цукр. пяску. Прадукцыя вывозілася ў Маскву, Крамянчуг, Херсон.

т. 5, с. 556

ДАБА́ЎЛЕНАЯ ВА́РТАСЦЬ,

частка прыросту вартасці; вартасць прададзенага прадукту за вылікам вартасці вырабаў (матэрыялаў), што куплены і выкарыстаны для яго вытв-сці. Дабаўленая вартасць роўная выручцы, якая ўключае заработную плату з адлічэннямі на сац. страхаванне, арэндную плату, рэнту, банкаўскі працэнт, прыбытак, амартызацыйныя адлічэнні, расходы на рэкламу і інш. У многіх высокаразвітых краінах служаць асновай ускоснага падаткаабкладання.

т. 5, с. 556

ДАБЕ́ЕЎСКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Шумілінскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Сечна (правы прыток Зах. Дзвіны), якая выцякае з возера, за 7 км на ПдЗ ад г.п. Шуміліна. Пл. 2,31 км², даўж. 2,2 км, найб. шыр. 1,4 км, найб. глыб. 3,6 м, даўж. берагавой лініі больш за 6 км. Пл. вадазбору 32 км². Схілы катлавіны невыразныя, на У выш. 4—5 м, разараныя. Берагі сплавінныя. Дно плоскае, выслана сапрапелем, які здабываюць на ўгнаенне. У выніку меліярацыі ўзровень возера панізіўся на 1 м. Моцна зарастае. Злучана ручаём з азёрамі Круглік і Мошна.

т. 5, с. 556

ДАБЕРВА́ЛЬ

(Dauberval, D’Auberval; сапр. Бершэ; Bercher) Жан (19.8.1742, г. Манпелье, Францыя — 14.2.1806),

французскі артыст балета, балетмайстар. Вучань і паслядоўнік рэфарматара танца Ж.Ж.Навера. Дэбютаваў у Парыжскай оперы ў 1761, у 1770—83 яе саліст. Віртуозны танцоўшчык паўхарактарнага жанру. Сярод партый: Паляк («Галантная Індыя» Ф.Рамо), антрэ Зямлі («Стыхіі» А.Дэтуша), Крэон («Медэя і Ясон» Ж.Ж.Радольфа). У 1789—92 выступаў і ставіў балеты ў Бардо (Францыя) і Лондане. Яго лепшы балет «Марная перасцярога» на зборную музыку (1789) захаваўся ў рэпертуары да нашага часу. Сярод інш. пастановак: «Пігмаліён» Ж.Ж.Русо, «Дэзерцір» на муз. П.А.Мансіньі, «Легкадумны паж», «Тэлемак на востраве Каліпса». У творчасці спалучаў танец з пантамімай, шырока выкарыстоўваў нар. і быт. танец.

т. 5, с. 557

ДАБЕ́Я,

вёска ў Шумілінскім р-не Віцебскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 8 км на ПдЗ ад г.п. і чыг. ст. Шуміліна, 46 км ад Віцебска. 343 ж., 119 двароў (1997). Пач. школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.

т. 5, с. 557

ДАБІНЫ́

(Daubigny) Шарль Франсуа (15.2.1817, Парыж — 19.2.1878),

французскі жывапісец і графік. У 1840-я г. працаваў пераважна як ілюстратар, потым прымкнуў да барбізонскай школы жывапісу. Маляваў пейзажы простыя па матывах, з ціхім інтымным замілаваннем («Бераг Уазы» і «Запруда ў даліне Аптэво», абодва 1855, «Раніца», 1858, «Марскі заліў», 1864), у якіх паэтычна перадаваў свежасць, трапяткое дыханне і зменлівасць прыроды. Для яго жывапісу характэрна лёгкасць, празрыстасць колераў, багаты валёрамі танальны каларыт.

т. 5, с. 557

ДАБРАБЫ́Т,

забеспячэнне насельніцтва матэрыяльнымі і духоўнымі дабротамі, г. зн. прадметамі, паслугамі і ўмовамі, якія задавальняюць пэўныя чалавечыя патрэбнасці. Залежыць ад узроўню развіцця прадукцыйных сіл і характару пануючых у грамадстве вытв. адносін. Дабрабыт выяўляецца сістэмай паказчыкаў, што характарызуюць узровень жыцця.

т. 5, с. 557

ДАБРАВЕ́ШЧАННЕ,

Благавешчанне, Звеставанне (дакладная назва — Благавешчанне Прасвятой Багародзіцы; ад царк.-слав. «Благая весть» — «Добрая вестка»), рэлігійнае хрысц. свята. Адно з дванадзесятых свят праваслаўя. Адзначаецца за 9 мес перад Калядамі (каталіцкай царквой 25 сак. па грыгарыянскім календары і праваслаўнай — 7 крас. па юліянскім). Прысвечана апісанай у Новым запавеце падзеі, калі архангел Гаўрыіл паведаміў Дзеве Марыі (Багародзіцы), што яна народзіць сына Божага — Ісуса Хрыста ад Духа Святога. Дабравешчанне ўвайшло ў хрысц. каляндар у 4 ст. На бел. землях з’явілася разам з іншымі хрысц. святамі ў 10 ст. Супадае з пачаткам веснавых работ, клопатам сялян пра лёс будучага ўраджаю, які, паводле нар. вераванняў, залежыў ад прыхільнасці Багародзіцы. У нар. календары адзначаецца як пачатак вясны, дзень абуджэння зямлі. Да гэтага свята былі прымеркаваны стараж. веснавыя абрады (Гуканне вясны), з ім звязана шмат павер’яў і забарон (нельга было працаваць, па асаблівасцях надвор’я ў гэты дзень рабілі прагнозы на ўраджай і інш.).

А.У.Верашчагіна.

т. 5, с. 557