3,4-дыоксіфенілэтыламін, медыятар нерв. сістэмы з групы катэхоламінаў, нейрагармон, C6H3(OH)2CH2CH2(NH2). У многіх беспазваночных нейроны, якія выкарыстоўваюць Д. як медыятар (дафамінэргічныя), часта канцэнтруюцца ў перыферычных чуллівых утварэннях, у больш высокаарганізаваных прадстаўнікоў уключаюцца ў склад цэнтр. гангліяў (інтэрнейроны). Дафамінэргічныя нейроны пазваночных утвараюць некалькі скопішчаў, пераважна ў сярэднім мозгу і гіпаталамусе, ёсць у нюхальных цыбулінах і сятчатцы. Д. — прадуцэнт храмафінных клетак, радзей — клетак іншага паходжання (напр., клеткі злучальнай тканкі ў жвачных). Функцыя Д. ў міжклетачных узаемадзеяннях ажыццяўляецца праз дафамінавыя рэцэптары.
з 12 ст. тытул феад. уладальнікаў графстваў Аверні і В’енуа (пазней Дафінэ). Пасля далучэння тэр. Дафінэ да ўладанняў франц. караля (сярэдзіна 14 ст.) Д. — тытул наследніка франц. прастола. Адменены ў 1830.
гістарычная вобласць і сучасны эканам. раён на ПдУ Францыі, гал.ч. у Альпах і ў даліне р. Рона. Уключае дэпартаменты Ізер, Дром, Верхнія Альпы. Пл. 20,4 тыс.км2. Нас. каля 1,5 млн.чал. (1994). Гал. горад — Грэнобль. Рэльеф пераважна горны. Клімат умераны, вільготны, у гарах халодны. Ападкаў каля 900 мм за год. На базе гідраэнергетыкі (ГЭС на Роне і Ізеры) развіты электрахімія і электраметалургія. Прам-сць: маш.-буд., тэкст., абутковая, харч., дрэваапр., папяровая (цэнтр Грэнобль і Валанс); цэнтр атамнай прам-сці — г. П’ерлат. Пасевы збожжавых, вінаградарства, садоўніцтва, агародніцтва, пераважна ў далінах. У гарах малочная жывёлагадоўля, авечкагадоўля. Турызм і горны спорт.
у старажытнагрэчаскай міфалогіі німфа, дачка багіні зямлі Геі і рачнога бога Пенея. Яна дала зарок захаваць цнатлівасць і бясшлюбнасць. Калі за ёю пагнаўся закаханы Апалон, Д. паклікала на дапамогу бацьку і ён ператварыў дачку ў лаўровае дрэва. Лаўр стаў любімай і свяшчэннай раслінай Апалона. На міф пра Д. напісана паэма «Метамарфозы» Авідзія, творы жывапісцаў Джарджоне, Н.Пусэна, Дж.Цьепала, кампазітараў Г.Шутца, А.Скарлаці і інш.
род прэснаводных беспазваночных падатр. галінаставусых ракападобных. 26 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя палярных абласцей. Жывуць у вадаёмах або ў зарасніках сажалак, азёр. На Беларусі 4 віды, найб. трапляюцца Д. звычайная (D. pulex) і Д. даўгахвостая (D. longispina).
Цела (даўж. 0,7—6 мм) укрыта празрыстай акругленай двухстворкавай ракавінай. На галаве шчыток з дзюбкай і фасетачнае вока, у некат. і наўпліяльнае вочка Вусікі (антэны) — органы пачуцця і перамяшчэння. Грудзі з 4—6 сегментаў, кожны з парай ног. Раздзельнаполыя. Летнія пакаленні — самкі, якія размнажаюцца без апладнення (партэнагенез). Увосень з’яўляюцца самцы, адбываецца апладненне. Жывяцца бактэрыямі, аднаклетачнымі водарасцямі, дэтрытам. Д. штучна гадуюць на корм рыбам у рыбных гаспадарках і акварыумах.
у грэчаскай міфалогіі сіцылійскі пастух незвычайнай прыгажосці, стваральнік пастухоўскіх песень. Лічыўся сынам Гермеса і німфы. Паводле адных міфаў, памёр ад безнадзейнага кахання, паводле другіх — быў аслеплены закаханай німфай за здраду і ў адчаі кінуўся са скалы ў мора. Міф пра Д. выкарыстоўваўся ў ант. л-ры (Феакрыт, Вергілій, Лонг) і ў букалічнай паэзіі 17—18 ст.