ДАБЕРВА́ЛЬ

(Dauberval, D’Auberval; сапр. Бершэ; Bercher) Жан (19.8.1742, г. Манпелье, Францыя — 14.2.1806),

французскі артыст балета, балетмайстар. Вучань і паслядоўнік рэфарматара танца Ж.Ж.Навера. Дэбютаваў у Парыжскай оперы ў 1761, у 1770—83 яе саліст. Віртуозны танцоўшчык паўхарактарнага жанру. Сярод партый: Паляк («Галантная Індыя» Ф.Рамо), антрэ Зямлі («Стыхіі» А.Дэтуша), Крэон («Медэя і Ясон» Ж.Ж.Радольфа). У 1789—92 выступаў і ставіў балеты ў Бардо (Францыя) і Лондане. Яго лепшы балет «Марная перасцярога» на зборную музыку (1789) захаваўся ў рэпертуары да нашага часу. Сярод інш. пастановак: «Пігмаліён» Ж.Ж.Русо, «Дэзерцір» на муз. П.А.Мансіньі, «Легкадумны паж», «Тэлемак на востраве Каліпса». У творчасці спалучаў танец з пантамімай, шырока выкарыстоўваў нар. і быт. танец.

т. 5, с. 557

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)