ДАХА́У

(Dachau),

канцэнтрацыйны лагер на тэр. Германіі ў 1933—45. Створаны на ўскраіне г. Дахаў (17 км ад Мюнхена). Першапачаткова тут былі зняволены паліт. праціўнікі нацысцкага рэжыму (камуністы, сацыял-дэмакраты, апазіц. свяшчэннікі і інш.). У 2-ю сусв. вайну ў лагеры, які меў каля 125 аддзяленняў і т.зв. знешніх камандаў на ваен. прадпрыемствах Паўд. Германіі і Аўстрыі, праводзіліся злачынныя мед. эксперыменты на вязнях. За час існавання праз лагер прайшло каля 250 тыс. вязняў з 24 краін, загінула 148 тыс. чал. 28.4.1945, напярэдадні з’яўлення войск ЗША, дзеючая ў лагеры інтэрнац. падп. арг-цыя Супраціўлення падняла паўстанне, дзякуючы чаму засталіся жывымі 30 тыс. апошніх вязняў. У 1945—47 камендант, ахоўнікі лагера і медыкі-злачынцы асуджаны ў Нюрнбергу. У 1965 у Д. адкрыты мемар. комплекс (музей, малітоўныя дамы, помнікі); у 1984 уключаны ЮНЕСКА ў спіс аб’ектаў, якія знаходзяцца пад асаблівай аховай.

т. 6, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)