ДАРЭ́ЎСКАЯ Апалонія

(вядома і як Дарота; 1767 ?—?),

танцоўшчыца. Прыгонная падскарбія надворнага літ. А.Тызенгаўза, выхаванка яго балетных школ у Гродне і Паставах. У 1778 выступіла як фігурантка ў школьным паказе «Сялянскага балета» Г.Петынеці ў Гродзенскім т-ры Тызенгаўза. Паводле завяшчання магната перайшла ва ўласнасць Станіслава Аўгуста Панятоўскага і з 1785 першая салістка трупы «Т-ва танцоўшчыкаў яго каралеўскай вялікасці» ў Варшаве; гратэскавая танцоўшчыца на прыдворнай сцэне і ў Нац. т-ры. Партыі: у балетах «Мірза і Ліндор», «Рыбакі», «Лукас і Калінета», «Па-дэ-дэ» Ф.Шлянцоўскага (у дуэце з аўтарам, 1788). У 1794—97 у прыватных антрэпрызах Варшавы і Гданьска (Польшча). У 1797 па ініцыятыве і за кошт Станіслава Аўгуста выехала ў Пецярбург.

Г.І.Барышаў.

т. 6, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)