ДАРЭ́ ((Doré) Густаў Вінсент Шарль) (6.1.1832, г. Страсбур, Францыя — 23.1.1883),

французскі графік. Самавучка. З 1848 публікаваў у гумарыстычных часопісах Парыжа вострахарактарныя літаграфіі пра парыжскіх абывацеляў (сюіты «Розная публіка Парыжа», «Парыжскі звярынец»). Вядомасць прынеслі жывапісна-дынамічныя, гратэскна-выразныя, поўныя фантазіі і гумару ілюстрацыі да «Гарганцюа і Пантагруэля» Ф.​Рабле (1854), «Свавольных апавяданняў» А. Бальзака (1855—56), «Боскай камедыі» Дантэ (1861), «Дон Кіхота» М.​Сервантэса (1862—63), Бібліі (1864—66), «Страчанага раю» Дж.​Мільтана (1865—66). Гэтыя малюнкі гравіраваліся майстрамі школы тарцовай ксілаграфіі, якая ўзнікла пад уплывам Д. Вядомы і як скульптар (помнік А.​Дзюма-бацьку ў Парыжы, 1882).

Літ.:

Дьяков Л. Г.​Доре. М., 1983.

Г.Дарэ. Уезд Гарганцюа ў Парыж. Іл. да кнігі «Гарганцюа і Пантагруэль» Ф.​Рабле.

т. 6, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)