ДА́РЭЛ (Durrell) Джэралд Малкам
(7.11.1925, г. Джамшэдпур, Індыя — 30.1.1995),
англійскі натураліст, пісьменнік. У 1928 сям’я пераехала ў Англію, у 1935 — на в-аў Корфу (Грэцыя), з 1939 зноў у Англіі. У 1947 арганізаваў і ўзначаліў сваю першую экспедыцыю па збіранні калекцыі рэдкіх жывёл у Афрыку, пазней — у Паўд. Амерыку, Паўд.-Усх. Азію, Аўстралію, Новую Зеландыю і інш. На в-ве Джэрсі (Англія) заснаваў і ўзначаліў заапарк (1958) і фонд па захаванні дзікіх жывёл (1964). Вядомасць прынесла першая кн. «Перапоўнены каўчэг» (1953). Аўтар больш як 20 кніг: «Мая сям’я і іншыя жывёлы» (1956), «Сустрэчы з жывёламі» (1959), «Заапарк у маім багажы» (1960), «Птушкі, жывёлы і родзічы» (1969), «Зялёны рай» (1978) і інш., якія вызначаюцца шчырай любоўю да прыроды, бездакорным стылем, тонкім гумарам і вобразнай мовай.
Н.М.Саркісава.
т. 6, с. 59
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)