Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГІДРАДЫНАМІ́ЧНАЕ СУПРАЦІЎЛЕ́ННЕ,

гідрастатычнае супраціўленне, сіла супраціўлення руху цела ў вадкасці (газе); сіла супраціўлення руху вадкасці (газу), выкліканая ўплывам сценак труб, каналаў і інш.

Гідрадынамічнае супраціўленне ў выпадку руху цела ў газах наз. аэрадынамічным супраціўленнем, абумоўленае вязкасцю вадкасці — вязкасным супраціўленнем. На целы, што рухаюцца каля мяжы раздзелу вадкасць — газ, дадаткова ўздзейнічае хвалевае супраціўленне, абумоўленае стратамі энергіі на ўтварэнне хваль. Для змяншэння гідрадынамічнага супраціўлення целам надаюць абцякальную форму, выкарыстоўваюць метады ўздзеяння на пагранічны слой і інш. Гідрадынамічнае супраціўленне ўлічваюць пры праектаванні і буд-ве лятальных апаратаў, марскіх і рачных суднаў, розных гідратэхн. збудаванняў, установак, апаратаў (турбінныя ўстаноўкі, паветра- і газаачышчальныя апараты, газа-, нафта- і водаправодныя магістралі, кампрэсары, помпы і інш.).

т. 5, с. 224

ГІДРАДЫНАМІ́ЧНАЯ ПЕРАДА́ЧА,

гідраўлічная перадача, якая складаецца з лопасцевых колаў з агульнай поласцю, дзе круцільны момант перадаецца за кошт змены моманту колькасці руху рабочай вадкасці. Служыць для перадачы і бесступеньчатай змены круцільнага моманту ад рухавіка (вядучага вала) да прыводнай машыны (вядзёнага кола).

Лопасцевыя колы гідрадынамічнай перадачы (помпавае, злучанае з рухавіком, і турбіннае, злучанае з прыводнай машынай) размешчаны сувосева і збліжаны так, што ўтвараюць торападобную поласць, запоўненую рабочай вадкасцю. Помпавае кола прыводзіць у рух вадкасць, энергія якой перадаецца турбіннаму колу. Гідрадынамічная перадача з двума гэтымі коламі наз. гідрамуфтай. У яе аднолькавыя круцільныя моманты на вядучым і вядзёным валах. Выкарыстоўваецца ў прыводах буравых установак, сілкавальных помпаў і дымасосаў ЦЭС і інш. для аховы рухавікоў ад перагрузак. Гідрадынамічная перадача з трыма і болей коламі (помпавым, накіравальнага апарата — рэактара і турбінным) наз. гідратрансфарматарам. У ім вадкасць дадаткова праходзіць праз рэактар, які мяняе напрамак патоку і дазваляе бесступеньчата рэгуляваць круцільны момант і частату вярчэння вядзёнага (турбіннага) вала. Гідратрансфарматары выкарыстоўваюць у сілавых перадачах аўтамабіляў, цеплавозаў і інш.

т. 5, с. 224

ГІДРАДЭНІ́Т

(ад гідра... + адэн... + ...іт),

сучынае вымя, гнойнае запаленне апакрынных потавых залоз чалавека. Узбуджальнік — залацісты стафілакок, развіваецца ў падпахавых упадзінах, радзей — каля грудных саскоў, палавых органаў, машонкі, задняга праходу. Узнікненню хваробы спрыяюць паніжаны імунітэт, патлівасць, неахайнасць, парушэнне функцыі залоз унутр. сакрэцыі, цукр. дыябет і інш. Прыкметы хваробы: у тоўшчы скуры і падскурнай клятчатцы з’яўляюцца балючыя вузлы (5—15 мм, да 5 см) ружова-чырв. колеру, якія размякчаюцца і ўскрываюцца з гноем. Пасля язвачак застаюцца рубцы. Лячэнне: фізія- і імунатэрапія.

т. 5, с. 224

ГІДРАЗІ́Н,

дыамід, найпрасцейшы дыамін, H2N—NH2. Бясколерная вадкасць, якая дыміць на паветры, tпл 1,5 °C, tкіп 113,5 °C, шчыльн. 1004 кг/м³ (25 °C). Раствараецца неабмежавана ў вадзе і ніжэйшых спіртах. Моцны аднаўляльнік.

Водныя растворы гідразіна (слабыя асновы) з к-тамі ўтвараюць солі, найважнейшыя — сульфат гідразіна N2H4·H2SO4 (крышт. рэчыва, tпл 254 °C). Вядомыя шматлікія арган. вытворныя гідразіны (напр., азіны). Выкарыстоўваюць у вытв-сці пластмас, інсектыцыдаў, пораўтваральнікаў, выбуховых рэчываў, як гаручы кампанент ракетнага паліва. Гідразін і яго вытворныя ядавітыя: раздражняюць слізістыя абалонкі, дыхальныя шляхі, пашкоджваюць ц. н. с. і печань. ГДК у паветры 0,1 кг/м³.

Літ.:

Коровин Н.В. Гидразин. М., 1980.

т. 5, с. 224

ГІДРАІЗАГІ́ПСЫ

(ад гідра... + іза... + грэч. hypsos вышыня),

лініі на карце, якія злучаюць пункты з аднолькавай вышынёй паверхні грунтавых вод над умоўнай нулявой паверхняй. Выкарыстоўваюцца на гідрагеалагічных картах. Дазваляюць вызначыць напрамак руху падземнага патоку, які адбываецца ў бок найб. нахілу паверхні падземных вод (па нармалі, перпендыкулярна гідрагіпсам).

т. 5, с. 224

ГІДРАІЗАЛЯЦЫ́ЙНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,

матэрыялы для аховы (гідраізаляцыі) буд. канструкцый, будынкаў і збудаванняў ад шкоднага ўздзеяння вады і хімічна агрэсіўных водных раствораў. Падзяляюцца на проціфільтрацыйныя (герметызавальныя) і процікаразійныя; паводле віду асн. матэрыялу — на нафтабітумныя, дзёгцевыя, палімерныя, армацэментавыя і інш. (у іх састаў могуць уводзіцца мінер. напаўняльнікі і мадыфікаваныя дабаўкі — растваральнікі, стабілізатары, пластыфікатары, антысептыкі, структураўтваральнікі і г. д.). Бываюць абклеечныя, абмазачныя, цвёрдыя і пластычныя. Могуць арміравацца стальнымі або палімернымі валокнамі, метал. або шкласеткай, шклотканінай і інш.

Абклеечныя гідраізаляцыйныя матэрыялы — руберойд, пергамін, гідраізол, шклоруберойд, металаізол і інш. рулонныя матэрыялы, аснова якіх (з кардону, шкловалакна, метал. фольгі і інш.) прамочана або пакрыта бітумам ці дзёгцевымі рэчывамі. Укладваюць у некалькі слаёў, змацоўваюць масцікай. Абмазачныя гідраізаляцыйныя матэрыялы — гарачыя або халодныя бітумныя і дзёгцевыя масцікі, бітумныя лакі і фарбы з напаўняльнікамі, пасты і эмульсіі (гл. Лакафарбавыя матэрыялы). Выкарыстоўваюць для ізаляцыі трубаправодаў, падземнай часткі жалезабетонных канструкцый, для аховы метал. канструкцый ад карозіі. Цвёрдыя гідраізаляцыйныя матэрыялы — тынк цэментавы (з воданепрымальнымі і ўшчыльняльнымі дабаўкамі), асфальтавы і інш.; пліты і маты асфальтавыя (арміраваныя і неарміраваныя, гарачапрасаваныя); прыродныя, керамічныя і бетонныя камяні, прамочаныя арган. вяжучымі рэчывамі; жалезабетонныя вырабы (бетоны высокай шчыльнасці), а таксама лісты са сталі і інш. Выкарыстоўваюць для аховы фундаментаў і сцен будынкаў, тунэляў, рэзервуараў, гідратэхн. збудаванняў. Пластычныя гідраізаляцыйныя матэрыялы падзяляюцца на масцікавыя (аналагічныя абмазачным, але наносяцца большай колькасцю слаёў), плітачныя (сумесь бітумаў з напаўняльнікамі, арміраваная кардонам, тканінамі, метал. сеткамі) і асфальтавыя (асфальтавая масціка з напаўняльнікамі, выкарыстоўваецца для ізаляцыі праезнай часткі мастоў, падлогі ў міжпаверхавых перакрыццях і г.д.). Пашыраны пакрыцці з тэрмапластаў — палімерных плёнак (наносяць на трубы для іх гідраізаляцыі і інш.). Гідраізаляцыйныя матэрыялы выбіраюць з улікам геал. і гідрагеал. умоў, рэжыму падземных вод, важнасці збудаванняў і асаблівасці іх эксплуатацыі, ступені небяспекі ад уцечкі вадкасці з ёмістасці і інш.

А.Я.Вакар.

т. 5, с. 224

ГІДРАІЗАЛЯ́ЦЫЯ

(ад гідра... + ізаляцыя),

ахова канструкцый, будынкаў і збудаванняў ад пранікнення і шкоднага ўздзеяння вады і хімічна агрэсіўных вадкасцей. Для гідраізаляцыі выкарыстоўваюць гідраізаляцыйныя матэрыялы, ахоўныя пакрыцці, спец. канструктыўныя элементы або воданепранікальныя слаі паверхні збудаванняў, ушчыльненні дэфармацыйных швоў, стыкаў у зборных збудаваннях і інш. Адрозніваюць гідраізаляцыю проціфільтрацыйную (герметызавальную) і процікаразійную; у залежнасці ад віду асн. матэрыялу — бітумную, палімерную, металічную, армацэментную і інш.; ад віду ахоўнага пакрыцця — цвёрдую, абмазачную, пластычную, абклеечную, камбінаваную.

Проціфільтрацыйнай гідраізаляцыяй папярэджваюць пранікненне вады ў падземныя і падводныя збудаванні (падвалы, рэзервуары, шахты, тунэлі і інш.), прасочванне праз падпорныя гідратэхн. збудаванні (бетонныя плаціны), выцяканне яе (з рэзервуараў, адстойнікаў) і г.д. Процікаразійнай гідраізаляцыяй ахоўваюць канструкцыі ад грунтавых і сцёкавых вод, атм. вільгаці, а таксама ад блукальных токаў, што выклікаюць карозію (трубаправодаў, апор ЛЭП, падземных канструкцый і інш.). Цвёрдая гідраізаляцыя робіцца: пакрыццём ізалюемай паверхні слоем шчыльнага бетону або тынку, прыгатаваных з рознымі дабаўкамі-ўшчыльняльнікамі; жалязненнем (уціранне сухога цэменту ва ўвільготненыя або ў толькі што ўкладзеныя і змочаныя вадой бетонныя паверхні); таркрэтаваннем (нанясенне слоя цэментнага раствору або дробназярністага бетону на паверхню збудавання цэмент-пушкай, а на ўнутр. паверхню труб — цэнтрыфугаваннем). Абмазачная гідраізаляцыя ў выглядзе тонкага пакрыцця наносіцца на паверхню ў халодным або гарачым стане фарбавальнымі апаратамі (электрафарбапульты, распыляльнікі і інш.) ці пэндзлем. Бывае адна- і мнагаслойная, нармальнага і ўзмоцненага тыпу. Абклеечную гідраізаляцыю ствараюць у выглядзе воданепранікальнай масы з бітуму або асфальтавай масцікі, арміраванай слаямі шклотканіны, руберойду, мешкавіны, тканіны з узмацняльнай абгорткай і без яе, ліпкіх палімерных стужак і інш. Камбінаваная гідраізаляцыя — камбінацыя пералічаных тыпаў. Ужываецца таксама гідраізаляцыя, якая манціруецца (да канструкцый прымацоўваюць зваркай і склейваннем метал. або пластмасавыя лісты, сегменты і да т.п.), абліцовачная (воданепранікальнымі пліткамі, керамічнымі блокамі і інш. вырабамі, якія наклейваюцца з дапамогай масцік), насычальная (канструкцыі з порыстых матэрыялаў насычаюць вяжучымі рэчывамі), засыпная (у воданепранікальныя слаі і пустоты канструкцый засыпаюць гідрафобныя сыпкія матэрыялы). Тып гідраізаляцыі і неабходныя для яе гідраізаляцыйныя матэрыялы выбіраюць з улікам уласцівасцей гэтых матэрыялаў (старэнне, цеплаўстойлівасць, дэфармацыйная здольнасць і інш.), а таксама спецыфікі работы збудавання. Для забеспячэння нармальнай эксплуатацыі гідраізаляцыі ажыццяўляюць кантроль якасці пакрыцця знешнім аглядам, таўшчынямерамі, дэфектаскопамі, адгезіметрамі і інш.

А.Я.Вакар.

т. 5, с. 225

ГІДРАКАМБІНЕЗО́Н,

гідракасцюм (ад гідра... + франц. combinaison камбінаванае адзенне), вадалазны рыштунак лёгкага тыпу, які засцерагае вадалаза ад пераахаладжэння і траўмаў пры работах пад вадой. Бываюць воданепранікальныя («сухія», ізалююць цела вадалаза ад вады) і водапранікальныя («мокрыя», утрымліваюць ваду, якая пранікла праз гідракамбінезон і сагрэта целам вадалаза). Складаецца са шлема, кашулі з пальчаткамі (або без іх) і штаноў з ботамі. Да шлема далучаюцца трубкі дыхальнага апарата. Прызначаны для спуску на глыбіню да 20 м.

т. 5, с. 225

ГІДРАКАРБАНА́ТЫ,

бікарбанаты, гідрагенкарбанаты, кіслыя солі вугальнай кіслаты. Добра раствараюцца ў вадзе ў адрозненне ад большасці карбанатаў. Пры награванні ператвараюцца ў нармальныя карбанаты. Выконваюць важную фізіял. ролю, з’яўляюцца буфернымі рэчывамі, якія падтрымліваюць нязменнасць рэакцыі крыві. Часовая жорсткасць вады абумоўлена прысутнасцю гідракарбанатаў у прыроднай вадзе. Найб. практычнае значэнне маюць гідракарбанаты натрыю NaHCO3 (пітная сода) і амонію NH4HCO3.

т. 5, с. 225

ГІДРАКАРТЫЗО́Н,

кортыкастэроід, гармон кары наднырачнікаў. У мед. практыцы выкарыстоўваюць як адзін з гарманальных прэпаратаў, процізапаленчы і проціалергічны сродак, павышае ўстойлівасць арганізма да інфекцый. Назначаюць пры рэўматызме, бранхіяльнай астме, лейкеміі, эндакрынных і інш. хваробах.

т. 5, с. 225