Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГУДРО́Н

(франц. goudron),

астатак пасля адгонкі з нафты бензінавых, газавых і асн. масы масляных францый. Вязкая вадкасць ці цвёрды асфальтападобны прадукт чорнага колеру, шчыльн. 950—1030 кг/м³. Мае парафінавыя, нафтэнавыя і араматычныя вуглевадароды (45—95%), асфальтэны (найб. высокамалекулярныя кампаненты нафты, 3—17%), нафтавыя смолы (2—38%). Выхад гудрону складае 10—45% ад масы нафты. Выкарыстоўваюць для вытв-сці дарожнага, дахавага і буд. бітумаў, як сыравіну крэкінгу.

т. 5, с. 521

ГУ́ДЫ,

гудай, гудасы (літ. gudai, gudas), старажытная назва (экзаэтнонім) беларускамоўнага насельніцтва ўсх. Літвы і беларусаў сумежных з Літвой тэрыторый. У гіст. крыніцах назва гуды і вытворныя тапанімічныя формы Гудзелі, Гудзішкі, Гудаўшчына, Гудалаўка, Гудоніс, Гудагай, Гудзенай і інш. вядомы з 15 ст. На думку некат. даследчыкаў, геагр. арэал тапонімаў з коранем «гуд» акрэслівае стараж. кантактную зону бел. і літ. насельніцтва.

І.У.Чаквін.

т. 5, с. 521

ГУДЫЯШВІ́ЛІ Ладо

(Уладзімір) Давыдавіч (30.3.1896, Тбілісі — 20.7.1980),

грузінскі жывапісец і графік. Нар. мастак Грузіі (1957) і СССР (1972). Герой Сац. Працы (1976). Вучыўся ў Школе жывапісу і скульптуры (Тбілісі, 1910—14). У 1919—26 жыў у Парыжы, наведваў Акадэмію Ронсана. Зазнаў уплыў сярэдневяковага груз. мастацтва і заходнееўрап. плыней 1920-х г. У 1926—32 праф. Тбіліскай АМ. Яго творы насычаны фальклорнымі матывамі, міфалагічнымі і фантаст. вобразамі (алегарычныя і сатыр. карціны, сцэны з жыцця тыфліскай багемы, партрэты, кніжныя іл., тэатр. дэкарацыі). Сярод іх жывапісныя карціны «Рыба Цоцхалі» (1920), «Ніко Пірасмані» (1946), іл. да зб. «Грузінскія народныя песні» Г.Чхіквадзе (1946), да кн. «Віцязь у тыгравай шкуры» Ш.Руставелі (2-е выд. 1976) і інш. Дзярж. прэмія Ш.Руставелі 1965.

Літ.:

Каган М.С. Л.Гудиашвили: Альбом. Л., 1983.

т. 5, с. 521

ГУДЮ́ЛА,

каўчуканосная расліна, тое, што гваюла.

т. 5, с. 514

ГУ́ЕР

(Hujer) Олдржых (25.11.1880, Пацержыцы, Чэхія — 4.6.1942),

чэшскі мовазнавец. Член Чэш. каралеўскага навук. т-ва, Чэш. АН (1924). Праф. Карлава ун-та ў Празе (1924). Даследаваў слав. мовазнаўства і гісторыю чэш. мовы дапісьмовага перыяду: «Славянскае іменнае скланенне» (1910), «Развіццё чэхаславацкай мовы» (1934). У працы «Уводзіны ў гісторыю чэшскай мовы» (3-е выд., 1946) разглядаў праблемы адносін слав. моў да балцкіх, працэс вылучэння праслав. мовы з індаеўрапейскай, асн. рысы фанетыкі, граматыкі і слоўнікавага складу агульнаіндаеўрап. мовы. Адзін з заснавальнікаў (1922) і рэдактараў час. «Slavia» («Славія»).

Р.М.Малько.

т. 5, с. 522

ГУЖАВЫ́ ТРА́НСПАРТ,

від транспарту, у якім цяглавай сілай з’яўляюцца жывёлы (коні, валы, вярблюды, буйвалы, аслы, мулы, алені, сабакі і інш.). Падзяляецца на колавы і санны. У Беларусі да 19 ст. гужавы транспарт быў асн. відам сухап. перавозкі пасажыраў і грузаў на далёкія адлегласці. Развіццё чыгуначнага і аўтатранспарту выцесніла гужавы транспарт. Цяпер яго выкарыстоўваюць пераважна ў сельскай мясцовасці для перавозак людзей і грузаў на невял. адлегласці.

т. 5, с. 522

ГУЖАЛО́ЎСКІ Аляксандр Аляксандравіч

(н. 2.7.1934, Баку),

бел. педагог: Д-р пед. н. (1980), праф. (1981). Скончыў Азерб. ін-т фіз. культуры (1957). З 1962 у Акадэміі фіз. выхавання і спорту Рэспублікі Беларусь, з 1995 — прарэктар. Даследуе праблемы тэорыі і методыкі фіз. выхавання, спарт. трэніроўкі, масавай фіз. культуры. Аўтар прац «Фізічная падрыхтоўка школьніка» (1980), «Сёння і кожны дзень» (1983), «Фізічнае выхаванне ў школе» (1988, з Я.М.Ворсіным), «Стадыён у двары» (1991) і інш.

т. 5, с. 522

ГУЖО́Н

(Goujon) Жан (каля 1510, каля г. Руан, Францыя — паміж 1564—68),

французскі скульптар эпохі Адраджэння. У 1540—42 працаваў у Руане, каля 1543—44 жыў у Парыжы (дзе супрацоўнічаў з П.Леско), з пач. 1560-х г. — у Балонні. Яго творы (рэльефы для царквы Сен-Жэрмен л’Аксеруа, 1544, і «Фантан нявінных», 1547—49, усе ў Парыжы) прасякнутыя духам свецкага рэнесансавага светаадчування, адметныя паэтычнай натхнёнасцю, вытанчанасцю мадэліроўкі і прапорцый, ускладненасцю лінейнага рытму. Зрабіў скульпт. дэкор атэля Ліньеры ў Парыжы (цяпер Музей Карнавале, каля 1545) і ўсх. палацавага фасада Луўра (канец 1540-х — 1550-я г.), а таксама 4 фігуры карыятыд, што падтрымліваюць кафедру для музыкантаў (1550, Зала карыятыд, Луўр). У 1547 праілюстраваў гравюрамі на дрэве арх. трактат Вітрувія.

т. 5, с. 522

ГУ́ЗІКАЎ Міхаіл Іосіфавіч

(14.9.1806, г. Шклоў Магілёўскай губ. — 27.10.1837),

бел. музыкант, віртуоз-ксілафаніст. Іграў на флейце і цымбалах у нар. інстр. ансамблях. У пач. 1830-х г. на аснове ўдасканалення нар. муз. інструмента брусочкаў распрацаваў сучасную канструкцыю ксілафона. З 1833 выступаў з канцэртамі, у т. л. ў Аўстрыі, Германіі, Бельгіі, Францыі. Выконваў уласныя транскрыпцыі твораў К.М.Вебера, І.Гумеля, Н.Паганіні, папуры і варыяцыі на папулярныя оперныя мелодыі, імправізацыі, апрацоўкі бел., рус., укр., яўр. песень і танцаў. Артыкулы пра яго змяшчалі муз. слоўнікі 19 ст. Яму прысвечана брашура З.Шлезінгера «Іозеф Гузікаў і яго інструмент з дрэва і саломы» (Вена, 1836).

Літ.:

Ямпольский И. Первый виртуоз на ксилофоне // Сов. музыка. 1959. №11;

Тищенко И.К. Белорусский Орфей // Неман. 1983. № 5.

т. 5, с. 522

ГУЙ,

у старажытнакітайскай міфалогіі душа (дух) нябожчыка. З распаўсюджаннем будызму Гуй стала агульнай назвай дэманаў і насельнікаў пекла. Уяўлялі Гуя падобным на чалавека, які не адкідвае ценю, раптоўна становіцца нябачным ці прымае аблічча звера, мужчыны ці жанчыны, каб завабліваць людзей і забіваць іх.

т. 5, с. 522