МАЛЕ́ВІЧ (Юрый Адамавіч) (н. 17.1.1938, г. Баранавічы Брэсцкай вобл.),
бел. вучоны ў галіне прамысловай цеплаэнергетыкі. Д-р тэхн. н. (1992), праф. (1994). Скончыў БПІ (1966). З 1966 у Бел. політэхн. акадэміі (у 1975—85 і з 1997 заг. кафедры). Навук. працы па цеплаэнергет. абсталяванні прамысл. прадпрыемстваў, энергазберажэнні, цеплафізіцы металург. працэсаў.
Тв.:
Теплофизические основы затвердевания отливок и слитков. Мн., 1989 (разам з Ю.А.Самайловічам);
Белорусская энергетическая система (1931—1991). Мн., 1992 (у сааўт.).
т. 10, с. 25
МАЛЕ́ВІЧ (Юрый Канстанцінавіч) (н. 12.10.1953, в. Жыровічы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне акушэрства і гінекалогіі. Д-р мед. н. (1996), праф. (1997). Сын К.І.Малевіча. Скончыў Цалінаградскі мед. ін-т (1976). З 1980 у Мінскім мед. ін-це (з 1997 заг. кафедры). Навук. працы па клініцы, дыягностыцы, лячэнні генітальнай герпетычнай інфекцыі.
Тв.:
Внешнее дыхание, газо- и энергообмен при беременности. Мн., 1986 (разам з У.М.Дзямідавым, С.С.Саакянам);
Генерализованная герпетическая инфекция: факты и концепция. Мн., 1992 (у сааўт.).
т. 10, с. 25
МАЛЕ́ВІЧ (Юрый Мікалаевіч) (н. 30.5.1937, Мінск),
бел. архітэктар. Сын М.А.Малевіча. Скончыў БПІ (1961). Працаваў у Барысаўскім філіяле Мінскага аблпраекта (1961—73; гал. архітэктар праектаў), з 1976 нам. ген. дырэктара ін-та «Белбыттэхпраект» навук.-вытв. аб’яднання «Белбыттэхніка», з 1987 гал. архітэктар праектаў, кіраўнік майстэрні ін-та «Мінскграмадзянпраекг», з 1996 у камітэце па архітэктуры, горадабудаўніцтве і тэрытарыяльным планаванні Мінскага аблвыканкома. Асн. работы: праекты планіроўкі і забудова мікрараёнаў гарадоў Барысаў, Слуцк, Чэрвень, Смалявічы, Крупкі Мінскай вобл. і інш. (1962—72), праекты цэнтр. плошчаў у Барысаве (1963, у сааўт.) і Беразіно Мінскай вобл. (1967), цэнтра курортнага пас. Нарач Мядзельскага р-на Мінскай вобл. (1970); б-ка, спарт. корпус з плавальным басейнам, 9-павярховы жылы дом у Барысаве (1964—68); кінатэатр «Рагнеда» ў г. Заслаўе Мінскай вобл. (1988); бальніца з паліклінікай у г.п. Рось Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл. (1992, Дзярж. прэмія Беларусі 1998); крытыя корты ў комплексе «Дразды» каля Мінска (1995) і інш.
т. 10, с. 25
МАЛЕ́ВІЧЫ,
вёска ў Жлобінскім р-не Гомельскай вобл., чыг. станцыя на лініі Мінск—Жлобін. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 11 км на З ад г. Жлобін, 104 км ад Гомеля. 701 ж., 302 двары (1999). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў.
т. 10, с. 25
МАЛЕІ́НАВАЯ КІСЛАТА́, цыс-этылен-1,2-дыкарбонавая кіслата,
HOOCHC=CHCOOH.
Бясколерныя крышталі, tпл 139—140 °C, шчыльн. 1590 кг/м³. Добра раствараецца ў вадзе, спірце, эфіры. Лёгка ізамерызуецца ў фумаравую к-ту — транс-ізамер этылендыкарбонавай к-ты (tпл 296,4 °C, не раствараецца ў вадзе, ёсць у многіх раслінах і грыбах). У прам-сці М.к. атрымліваюць разам з малеінавым ангідрыдам пры каталітычным акісленні бензолу, а таксама акісленнем кратонавага альдэгіду. Выкарыстоўваюць у вытв-сці віннай і яблычнай кіслот, паверхнева-актыўных рэчываў, палімерных матэрыялаў, алкідных смол.
т. 10, с. 25
МАЛЕІ́НАВЫ АНГІДРЫД,
цыклічны ангідрыд двухасноўнай малеінавай кіслаты, (C2H2CO)2O.
Бясколерныя легкаплаўкія крышталі (tпл 52,85 °C), шчыльн. 1480 кг/м³. Раствараецца ў вадзе (утвараецца малеінавая к-та), ацэтоне, бензоле. Узаемадзейнічае з дыенамі (гл. Дыенавы сінтэз), суполімерызуецца з вінільнымі злучэннямі і алефінамі з утварэннем насычаных лінейных палімераў. У прам-сці атрымліваюць парафазным каталітычным акісленнем бензолу ці бутану. Выкарыстоўваюць у вытв-сці поліэфірных і алкідных смол, пестыцыдаў, паверхнева-актыўных рэчываў і інш, Раздражняе слізістыя абалонкі вачэй і верхніх дыхальных шляхоў, ГДК 1 мг/м³.
т. 10, с. 26
МАЛЕ́ЙКІ,
вёска ў Брагінскім р-не Гомельскай вобл., каля р. Брагінка, на аўтадарозе Брагін—Лоеў. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 8 км на ПнУ ад г.п. Брагін, 138 км ад Гомеля, 32 км ад чыг. ст. Хойнікі. 404 ж., 143 двары (1999). Крухмальны з-д. Сярэдняя школа, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.
т. 10, с. 26
МАЛЕ́КУЛА (новалац. molecula, памяншальнае ад лац. moles маса),
найменшая ўстойлівая часціца рэчыва, якая мае ўсе яго хім. ўласцівасці і складаецца з аднолькавых (простае рэчыва) або розных (складанае рэчыва) атамаў. Атамы ў М. злучаны паміж сабой хімічнымі сувязямі. Якасны і колькасны састаў М. выражае формула хімічная, якая адначасова дазваляе вызначыць малекулярную масу. Парадак хім. сувязей у М. дае яе структурная ф-ла. Колькасць атамаў у М. розная: ад 2 (напр., у М. кіслароду O2) да сотняў тысяч (гл. Макрамалекула). Памеры М. залежаць ад колькасці атамаў у ёй і мяняюцца да 102 да 105 пм.
Прасторавае размяшчэнне атамаў у М. адпавядае мінімуму патэнцыяльнай энергіі М. і вызначае яе геам. будову і памеры. Напр., трохатамная М. вады H2O мае форму раўнабедранага трохвугольніка, у вяршыні якога знаходзіцца атам кіслароду, адлегласць паміж атамамі кіслароду і вадароду (даўж. сувязі O—H) 95,84 пм, а валентны вугал паміж сувязямі H—O—H 104,5°. М. — складаная сістэма, у якой электроны рухаюцца вакол ядраў паводле закону квантавай механікі. Пры злучэнні атамаў у М. іх унутр. электроны не мяняюць свайго руху, а вонкавыя (валентныя) — утвараюць электронную абалонку М., будова якой абумоўлівае характар хім. сувязей у М., рэакцыйную здольнасць хім. злучэння (гл. Рэакцыі хімічныя), магн. (гл. Дыямагнетызм, Парамагнетызм) і эл. ўласцівасці рэчыва. У эл. полі ўсе М. палярызуюцца (вонкавыя электроны М. зрушваюцца адносна ядраў); некат. М. маюць пастаянны дыпольны момант. У М. разам з рухам электронаў адбываецца вагальны рух — перыяд. адносны рух ядраў (разам з унутр. электронамі), у газавай фазе — таксама вярчальны рух усёй М. як цэлага. У адпаведнасці з магчымымі відамі руху поўная энергія М. (E) складаецца з электроннай (Eэл), вагальнай (Eваг) і вярчальнай (Eвярч) энергій: E = Eэл + Eваг + Eвярч. Звычайна Eэл ≫ Eваг ≫ Eвярч. Для кожнага віду руху паводле квантавых законаў дазволены толькі пэўныя (дыскрэтныя) значэнні энергіі (энергет. ўзроўні), пры гэтым электронныя энергет. ўзроўні размешчаны далёка адзін ад аднаго (розняцца на некалькі электронвольт), вагальныя — бліжэй (на дзесятыя і сотыя долі электронвольта), а вярчальныя яшчэ бліжэй (на сотыя — стотысячныя долі электронвольта). Квантавыя пераходы паміж энергет. ўзроўнямі М. суправаджаюцца вылучэннем ці паглынаннем аптычнага выпрамянення. Сукупнасць квантавых пераходаў М. вызначае малекулярныя спектры.
Літ.:
Татевский В.М. Строение молекул. М., 1977;
Флайгер У. Строение и динамика молекул: Пер. с англ. Т 1—2. М., 1982.
М.А.Ельяшэвіч, К.М.Салаўёў.
т. 10, с. 26
МАЛЕКУЛЯ́РНАЯ АКУ́СТЫКА,
раздзел фіз. акустыкі, у якім уласцівасці рэчыва і малекулярных працэсаў даследуюцца акустычнымі метадамі. Асн. метады М.а. заснаваны на вымярэнні скорасці і паглынання гуку, а таксама на вызначэнні залежнасці гэтых велічынь ад частаты гукавой хвалі, т-ры, ціску і інш. Метадамі М.а. даследуюць вадкасці, газы, палімеры, цвёрдыя целы, плазму ва ультрагукавым дыяпазоне.
т. 10, с. 26