Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МАЛДО́ВА (Moldova),

гістарычная вобласць на У Румыніі паміж Усх. Карпатамі на З і р. Прут на Усх. Назва, верагодна, ад р. Малдова, названай так, паводле падання, легендарным заснавальнікам Малдаўскага княства В.​Драгашам у гонар свайго сабакі Молды, які патануў у час палявання на дзікага быка (выява галавы гэтага быка — асн. элемент гіст. герба малд. дзяржавы). Сляды чалавека ў М. прасочваюцца з часоў палеаліту. З 6 ст. да н.э. населена фракійскімі плямёнамі гета-дакійцаў, скіфамі і інш. У 1 ст. да н.э. ў складзе царства (плем. саюза) Берэбісты. У 6—7 ст. н.э. адбывалася засяленне М. славянамі. З 10 ст. яна ў складзе Кіеўскай Русі, з 11 ст. — Галіцкага княства. У 10—12 ст. печанегі і полаўцы знішчылі тут або выцеснілі на Пн слав. насельніцтва. У 13 — пач. 14 ст. М. падначалена Залатой ардзе, потым — Венгрыі. З 1359 яна з’яўлялася тэр. ядром Малдаўскага княства. З 1862 у складзе Румыніі.

т. 10, с. 24

МАЛДО́НІС ((Maldonis) Альфонсас) (н. 22.8.1929, в. Наўяплента Алітускага пав., Літва),

літоўскі паэт. Засл. дз. мастацтваў Літвы (1974). Нар. паэт Літвы (1984). Скончыў Вільнюскі ун-т (1954). Друкуецца з 1956. Аўтар зб-каў вершаў «Сярэдзіна лета» (1958), «Сонечны лівень» (1962; Дзярж. прэмія Літвы 1965), «Вадзяныя знакі» (1969), «Раніцай, вечарам» (1978; Дзярж. прэмія Літвы 1979), «Дзікае жыта» (1982) і інш. Асн. змест твораў — духоўнае жыццё сучасніка, надзённыя грамадска-паліт. і маральна-этычныя праблемы, прырода роднай зямлі. Яго паэзія адметная эмацыянальным лірызмам, яснасцю паэт. вобразаў. Неаднаразова наведваў Беларусь. Пераклаў на літ. мову творы М.​Аўрамчыка, А.​Грачанікава, В.​Зуёнка, П.​Макаля. На бел. мову творы М. пераклалі М.​Базарэвіч, Р.​Барадулін, Г.​Бураўкін, А.​Вольскі, В.​Вярба, Грачанікаў, Х.​Жычка, Зуёнак, М.​Калачынскі, У.​Караткевіч, Е.​Лось, Макаль, Р.​Няхай, С.​Панізнік, У.​Паўлаў, В.​Пятрэнка, А.​Разанаў, Ю.​Свірка, Я.​Сіпакоў.

Тв.:

Бел. пер. — Вадзяныя знакі. Мн., 1985;

Рус. пер. — Сегодня и всегда. Вильнюс, 1984;

Избранное. М., 1985.

т. 10, с. 24

МАЛДЫБА́ЕЎ (Абдылас) (7.7.1906, г.п. Карабулак Талды-Курганскай вобл., Казахстан — 31.5.1978),

кіргізскі спявак (тэнар), кампазітар; адзін з заснавальнікаў кірг. муз. т-ра, вак.-сімф. і песеннага жанраў. Нар. арт. СССР (1939). Вучыўся ў Маскоўскай кансерваторыі (1940—41 і 1947—50). З 1930 дырэктар, з 1933 саліст Кірг. т-ра оперы і балета. У 1939—67 старшыня праўлення Саюза кампазітараў Кіргізіі. Аўтар (з У.​Уласавым і У.​Ферэ) муз. драмы «Не смерць, а жыццё» (3-я рэд., 1936), опер, у т. л. першай нац. «Месяцавая прыгажуня» (паст. 1939), «Манас» (паст. 1946), «На берагах Ісык-Куля» (паст. 1951), «Тактагул» (паст. 1958), музыкі Дзярж. гімна Кіргізіі (1946) і інш. Запісаў больш за 1 тыс. кірг. нар. мелодый. Сярод партый: Бектур, Кульчаро, Сыргак («Не смерць, а жыццё», «Месяцавая прыгажуня», «Манас»), Аскер («Аршын мал алан» У.​Гаджыбекава), Тулеген («Кыз-Жыбек» Я.​Брусілоўскага), Ленскі («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага). Дзярж. прэмія Кіргізіі імя Такгагула 1970.

т. 10, с. 24

МА́ЛЕ (Male),

горад, сталіца дзяржавы Мальдывы (Мальдыўскія Астравы). Знаходзіцца на в-ве Мале. 63 тыс. ж. (1995). Міжнар. аэрапорт. Порт (вываз сушанай рыбы, какосавых арэхаў, копры). Харч. прам-сць. Цэнтр рыбалоўства. Маўзалей Абу-аль-Бараката; палац б. султана (цяпер музей).

т. 10, с. 24

МАЛЕ́БЕН,

кароткае хрысціянскае богаслужэнне, звычайна прысвечанае святым; калектыўны ўдзячны або заклінальны (прасільны) зварот да Бога, Багародзіцы аб здароўі, дабрабыце, выратаванні і г.д.

т. 10, с. 24

МАЛЕ́ВІЧ (Аляксандр Іванавіч) (15.3.1920, в. Ліпск Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл. —29.5.1994),

поўны кавалер ордэна Славы. У Вял. Айч. вайну ўдзельнік партыз. руху, з 1945 на фронце. Стралок, камандзір аддзялення М. вызначыўся ў сак. ў баях на тэр. Польшчы і Германіі. Да 1980 працаваў у нар. гаспадарцы.

т. 10, с. 24

МАЛЕ́ВІЧ (Ігар Аляксандравіч) (н. 13.11.1941, Мінск),

бел. фізік. Д-р фіз-матэм. н. (1984), праф. (1987). Скончыў Мінскі радыётэхн. ін-т (1966). З 1970 у БДУ. З 1996 на дыпламатычнай рабоце. Навук. працы па статыстычнай оптыцы і радыёфізіцы, квантавай электроніцы, лазернай тэхніцы. Распрацаваў лазерную стат. хранаскапію. Дзярж. прэмія Беларусі 1982.

Тв.:

Методы и электронные системы анализа оптических процессов. Мн., 1981;

Многофункционалъные лидарные системы. Мн., 1986 (разам з У.​І.​Івановым, А.​П.​Чайкоўскім);

Синтез образцовых многозначных мер времени. Мн., 1994 (разам з Дз.​А.​Яфрэменкам, Э.​І.​Табачнікам).

П.​М.​Бараноўскі.

т. 10, с. 24

МАЛЕ́ВІЧ (Казімір Севярынавіч) (23.2.1878, каля Кіева — 15.5.1935),

бел. і расійскі мастак; адзін з заснавальнікаў абстрактнага мастацтва, заснавальнік супрэматызму. Вучыўся ў Вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1904—05) і ў студыі Ф.​Рэрберга (1905—10) у Маскве. У 1919—22 выкладаў у Нар. маст. школе «новага рэвалюцыйнага ўзору» ў Віцебску, стваральнік (разам з Л.Лісіцкім) арг-цыі «Сцвярджальнікі новага мастацтва». У 1923—27 дырэктар Ленінградскага ін-та маст. культуры. Раннія творы блізкія да імпрэсіянізму («Жанчына з кветкай», 1903; «Квітнеюць яблыні», 1904), пазней імкнуўся сумясціць прынцыпы кубізму і футурызму («На сенажаці», 1909 «Станцыя без прыпынку», 1911; «Салдат першай дывізіі», 1914). З 1915 ствараў супрэматычныя кампазіцыі, у якіх цалкам адышоў ад адлюстравання натуральных рэчаў і з’яў, адмовіўся ад канкрэтнай сюжэтнай змястоўнасці твораў, трактаваў прадметную форму як камбінацыі кантрастных паводле колеру геам. элементаў: «Чорны квадрат», «Палёт аэраплана» «Супрэматызм (з сінім трохвугольнікам і чорным прамавугольнікам» (усе 1915), «Чырвоны квадрат» (1917), «Белы квадрат на белым фоне» (1919) і інш. У 1920 кіраваў маст. афармленнем свята 3-й гадавіны Кастр. рэвалюцыі ў Віцебску. У 1921 рабіў «супрэматычную кераміку» для Дзярж. завода ў Петраградзе. У апошнія гады жыцця маляваў партрэты («Дзяўчына з грэбенем», 1935, і інш) і пейзажы. Аўтар кніг «Ад кубізму і футурызму да супрэматызму» (3-е выд. М., 1916), «Супрэматызм» (Віцебск, 1920), «Бог не скінут: Мастацтва, царква, фабрыка» (Віцебск, 1922).

Літ.:

Малевич: Художник и теоретик: Альбом. М., 1990;

Сарабьянов Д.В., Шатских АС. Казимир Малевич: Живопись. Теория. М., 1993;

Малевич: Классич. авангард. Витебск, 1997;

Конан У. Вобраз Казіміра Малевіча: факты і міфы // Мастацтва. 1998. № 12.

В.​Я.​Буйвал.

т. 10, с. 24

МАЛЕ́ВІЧ (Канстанцін Іванавіч) (н. 23.3.1930, в. Замошша Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. вучоны ў галіне акушэрства і гінекалогіі. Д-р мед. н. (1976), праф. (1977). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1953). З 1980 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў (да 1997 заг. кафедры). Навук. працы па працяканні родаў пры генітальнай паталогіі, лячэнні і рэабілітацыі гінекалагічных хворых, лазератэрапіі.

Тв.:

Методы лазеротерапии в акушерстве и гинекологии. Мн., 1992 (разам з П.​С.​Русакевічам, Г.​І.​Герасімовічам);

Лечение и реабилитация при гинекологических заболеваниях. Мн., 1994 (разам з П.​С.​Русакевічам).

К.Малевіч. Супрэматызм (з сінім трохвугольнікам і чорным прамавугольнікам). 1915.

т. 10, с. 25

МАЛЕ́ВІЧ (Мікалай Андрэевіч) (1898, г. Лібава, Латвія — 1944),

бел. графік. Працаваў пераважна ў кніжнай графіцы. У 1920—30-я г. працаваў у газ. «Чырвоная змена», выконваў ілюстрацыі да час. «Іскры Ільіча» і «Беларускі піянер». Аформіў кнігі для дзяцей «Першы дзень у дзіцячым садзе» (1928), «Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў» М.​Лынькова (1937), «Казка пра рыбака і рыбку» А.​Пушкіна, «Канёк-гарбунок» П.​Яршова (абедзве 1938), «Верабейчык» Я.​Герасімовіча (1939), «Як дзядзька Тамаш напалохаў ваўкоў» К.​Чорнага (1941). У 1920-я г. працаваў і як карыкатурыст (8 пано-плакатаў «Падпал рэйхстага Ван дэр Любэ»).

Літ.:

Ціхановіч В. М.​А.​Малевіч. Мн., 1959.

М.​А.​Гугнін.

М.Малевіч. Ілюстрацыі да казкі «Канёк-гарбунок» П.​Яршова, 1938.

т. 10, с. 25