МАЛЕ́ВІЧ Казімір Севярынавіч

(23.2.1878, каля Кіева — 15.5.1935),

бел. і расійскі мастак; адзін з заснавальнікаў абстрактнага мастацтва, заснавальнік супрэматызму. Вучыўся ў Вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1904—05) і ў студыі Ф.Рэрберга (1905—10) у Маскве. У 1919—22 выкладаў у Нар. маст. школе «новага рэвалюцыйнага ўзору» ў Віцебску, стваральнік (разам з Л.Лісіцкім) арг-цыі «Сцвярджальнікі новага мастацтва». У 1923—27 дырэктар Ленінградскага ін-та маст. культуры. Раннія творы блізкія да імпрэсіянізму («Жанчына з кветкай», 1903; «Квітнеюць яблыні», 1904), пазней імкнуўся сумясціць прынцыпы кубізму і футурызму («На сенажаці», 1909 «Станцыя без прыпынку», 1911; «Салдат першай дывізіі», 1914). З 1915 ствараў супрэматычныя кампазіцыі, у якіх цалкам адышоў ад адлюстравання натуральных рэчаў і з’яў, адмовіўся ад канкрэтнай сюжэтнай змястоўнасці твораў, трактаваў прадметную форму як камбінацыі кантрастных паводле колеру геам. элементаў: «Чорны квадрат», «Палёт аэраплана» «Супрэматызм (з сінім трохвугольнікам і чорным прамавугольнікам» (усе 1915), «Чырвоны квадрат» (1917), «Белы квадрат на белым фоне» (1919) і інш. У 1920 кіраваў маст. афармленнем свята 3-й гадавіны Кастр. рэвалюцыі ў Віцебску. У 1921 рабіў «супрэматычную кераміку» для Дзярж. завода ў Петраградзе. У апошнія гады жыцця маляваў партрэты («Дзяўчына з грэбенем», 1935, і інш) і пейзажы. Аўтар кніг «Ад кубізму і футурызму да супрэматызму» (3-е выд. М., 1916), «Супрэматызм» (Віцебск, 1920), «Бог не скінут: Мастацтва, царква, фабрыка» (Віцебск, 1922).

Літ.:

Малевич: Художник и теоретик: Альбом. М., 1990;

Сарабьянов Д.В., Шатских АС. Казимир Малевич: Живопись. Теория. М., 1993;

Малевич: Классич. авангард. Витебск, 1997;

Конан У. Вобраз Казіміра Малевіча: факты і міфы // Мастацтва. 1998. № 12.

В.Я.Буйвал.

т. 10, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)