«ЗА САВЕ́ЦКУЮ БЕЛАРУ́СЬ».
франтавая газета. Выдавалася з 11.7.1941 да кастр. 1942 на бел. мове палітупраўленнем Зах. фронту пры ўдзеле ЦК КП(б)Б. Рэдактар М.Ц.Лынькоў. Была разлічана на бел. партызан і жыхароў акупіраванай тэрыторыі рэспублікі. Друкавала найб. важныя дакументы партыі і ўрада, звесткі пра падзеі на франтах, матэрыялы пра мужнасць бел. партызан, працоўны гераізм народа ў тыле ворага. На стар. газеты змешчаны творы Я.Купалы, Я.Коласа (арт. «Роднаму народу», вершы «Байцам-камсамольцам», «Смерць разбойнікам», «Абаронцам роднай зямлі»), П.Броўкі, П.Глебкі, К.Крапівы, М.Лынькова, П.Панчанкі, М.Танка, К.Чорнага, а таксама вершы «Камсамолка-партызанка» Дз.Беднага і «Дзед Талаш» А.Суркова. Інфармавала пра 1-ы Усеславянскі мітынг у Маскве (жн. 1941) і выступленне на ім Я.Купалы.
М.Ф.Шумейка.
т. 6, с. 482
«ЗА СВАБО́ДНУЮ БЕЛАРУ́СЬ»,
франтавая газета. Выдавалася з 18 сак. да ліст. 1942 на бел. мове палітупраўленнем Калінінскага фронту пры ўдзеле ЦК КП(б)Б. Рэдактар І.Д.Гурскі. Была разлічана на жыхароў акупіраванай тэр. рэспублікі і бел. партызан. Інфармавала пра падзеі на франтах і ў сав. тыле, пра партыз. барацьбу, злачынствы ворага. Змяшчала артыкулы пра герояў вайны, творы Я.Коласа, П.Броўкі, П.Глебкі, К.Губарэвіча, К.Крапівы, П.Панчанкі, М.Танка, а таксама рус. пісьменнікаў У.Вішнеўскага, А.Суркова, М.Ціханава, І.Эрэнбурга і інш. Друкавала паведамленні пра дзейнасць навук. устаноў і творчых аб’яднанняў Беларусі ў сав. тыле. Выдавала сатыр. лісток «Партызанская дубінка».
М.Ф.Шумейка.
т. 6, с. 482