Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

«МАЛАЦІ́ЛАЧКА»,

бел. нар. танец. Муз. памер ​2/4. Тэмп хуткі. Засн. на розных рытмічных элементах руху (прытупваннях, выстукваннях, падбіўках), у якіх танцоры імітуюць некат. моманты працэсу малацьбы. Запісаны ў 1950 у Магілёўскай вобл. Сцэн. варыянт танца створаны І.Серыкавым.

т. 10, с. 14

МАЛАЦЬБА́,

выбіранне насення (або пладоў) з каласоў, мяцёлак, кошыкаў, струкоў, галовак, катахоў раслін; заключная аперацыя ўборкі збожжавых і інш. с.-г. культур. Бывае адзінарнай і падвойнай (пры адна- і двухразовым прапусканні масы ўраджаю праз малацільнае ўстройства). Праводзяць камбайнамі і малатарнямі (у полі ці на таку) разам з ачысткай і звычайна сумяшчаюць з сартаваннем, а пры прамым (аднафазным) камбайнаванні — са жнівом.

т. 10, с. 14

МАЛА́ЦЬЯ (Malatya),

горад у Турцыі, у цэнтр. ч. Анатоліі. Адм. ц. іля Малацья. Засн. ў 1838. Каля 300 тыс. ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць: харч. (мука, цукар, алкагольныя напіткі), тэкст., тытунёвая. Ун-т. Каля М. археал. раскопкамі выяўлены рэшткі хецкага горада Мілід (руіны царскага палаца, скульптуры, рэльефы).

т. 10, с. 14

МАЛАЧА́Й (Euphorbia),

род кветкавых раслін сям. малачайных. Каля 2 тыс. відаў. Пашыраны ў трапічных, субтрапічных і ўмераных паясах. На Беларусі 12 дзікарослых, каля 20 інтрадукаваных і вял. колькасць відаў у пакаёва-аранжарэйнай культуры. У лясах, на лугах і як пустазелле найчасцей трапляюцца М. санцагляд (E. helioscopia, нар. назва заячы скок, малатчак), глянцаваты (E. lucida), кіпарысавы (E. cyparissias), лозны (E. virgata).

Адна- і шматгадовыя травы, кусты (часта сукулентныя, кактусападобныя), радзей дрэвападобныя формы. Маюць у сабе млечны сок (адсюль назва). Лісце суцэльнае, чаргаванае, супраціўнае або кальчаковае. Кветкі аднаполыя, у складаным суквецці — цыятыі (складаецца з песцікавай кветкі, абкружанай 4—5 моцна рэдукаванымі тычынкавымі суквеццямі, выконвае ролю асобнай двухполай кветкі). Лек., тэхн., дэкар. расліны. Амаль усе ядавітыя.

Малачай; 1 — трапічнай зоны; 2 — умеранай зоны.

т. 10, с. 14

МАЛА́ШКА (Аляксей Мітрафанавіч) (н. 17.3.1931, в. Замачулле Бялыніцкага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. гісторык. Д-р гіст. н. (1973), праф. (1975). Скончыў Маскоўскі завочны пед. ін-т (1954). З 1960 у Бел. ін-це нар. гаспадаркі, з 1961 у БДУ, з 1973 у Ін-це павышэння кваліфікацыі пры БДУ, з 1975 у Бел. тэхнал. ун-це (у 1973—91 заг. кафедры гісторыі КПСС). Даследуе паліт. гісторыю Расіі і Беларусі ў 1917—25, гісторыю паліт. партый, нац. меншасцей на тэр. Беларусі. Адзін з аўтараў кніг «Рашэнні XXII з’езда КПСС — разгорнутая праграма пабудовы камунізму» (1962), «Курс лекцый па гісторыі КПСС» (ч. 1, 1971, 2-е выд. 1975), «Гісторыя КПСС: структурна-лагічныя схемы» (ч. 1, 1986), вучэбна-метадычных дапаможнікаў па гісторыі і культуры Беларусі.

Тв.:

К вопросу об оформлении однопартийной системы в СССР. Мн., 1969;

Воинствующий национа́лизм — идеология и политика империализма. Мн., 1971.

т. 10, с. 14

МАЛА́ШКА (Віктар Віктаравіч) (н. 22.11.1949, в. Жырмоны Уздзенскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне ветэрынарыі. Д-р вет. н. (1993), праф. (1994). Скончыў Віцебскі вет. ін-т (1976). З 1976 у БСГА (з 1987 заг. кафедры). Навук. працы па марфалогіі с.-г. жывёл.

Тв.:

Гистологические и морфометрические методы исследования. Горки, 1993;

Анатомия мясопромышленных животных. Мн., 1998.

т. 10, с. 14

МАЛА́ШКІН (Сяргей Іванавіч) (15.7. 1888, в. Хамякова Данкоўскага р-на Ліпецкай вобл., Расія — 22.6.1988),

расійскі пісьменнік. Друкаваўся з 1905. Зб-кам вершаў «Мускулы» (1918) і «Мяцяжы» (1920) уласцівы публіцыстычнасць, навізна рытмаў. Раманы і аповесці «Запісы Ананія Жмуркіна» (1927), «Дзве вайны і два міры» (кн. 1, 1927), «Сачыненне Яўлампія Завалішына пра народнага камісара і наш час» (1928) і інш. вострасюжэтныя, ахопліваюць жыццё розных слаёў рус. грамадства. Аўтар раманаў пра грамадз. і Вял. Айч. войны: «Дзяўчаты» (1956), «Крылом па зямлі» (1963), «Петраград» (1968), «На поўдзень ад Масквы» (1975), зб. ваен. апавяданняў «Два бронецягнікі» (1958) і інш.

Тв.:

Избр. произв. Т. 1—2. М., 1988;

В поисках юности: (Москва. 1905—1906 гг.): Зап. очевидца. М., 1983.

т. 10, с. 14

МАЛАШЧАЦІ́НКАВЫЯ ЧЭ́РВІ, алігахеты (Oligochaeta),

клас беспазваночных жывёл тыпу кольчатых чарвей. Каля 27 сям., больш за 5 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, жывуць у глебе, прэсных вадаёмах, каля 200 відаў марскія. На Беларусі 8 сям., больш за 60 відаў. Найб. трапляюцца дэндрабена васьмігранная (Dendrobaena octaedra), малы чырв. чарвяк (Lumbricus rubellus), наіда зменлівая, або змейка вадзяная зменлівая (Nais variabilis), стылярыя азёрная (Stylaria lacustris), трубачнік звычайны (Tubifex tubifex), шчацінкабрух празрысты (Chaetogaster diaphanus), эаласома гемпрыхава (Aeolosoma hemprichi), энхітрэус белы (Enchytraeus albus). Удзельнічаюць у мулаўтварэнні і мінералізацыі асадкаў у прэсных вадаёмах, уплываюць на структуру глеб, садзейнічаюць самаачышчэнню вадаёмаў. Некаторыя — прамежкавыя і рэзервуарныя гаспадары ўзбуджальнікаў гельмінтозаў дзікіх і свойскіх жывёл; корм для рыб, птушак, землярыек, кратоў і інш.

Даўж. ад 0,5 мм да 3 м. Цела цыліндрычнае, злёгку сплошчанае або чатырохграннае, складаецца з 5—600 членікаў (сегментаў), на кожным з іх (акрамя ротавага) 4 пучкі шчацінак рознай формы. Кормяцца пераважна расліннымі рэшткамі, ёсць драпежнікі і эктапаразіты. Пераважна гермафрадыты, некаторым уласціва бясполае і вегетацыйнае размнажэнне. Яйцы развіваюцца ў кокане. Развіццё прамое. Здольныя да рэгенерацыі. Гл. таксама Дажджавыя чэрві, Кольчатыя чэрві.

Малашчацінкавыя чэрві; 1 — энхітрэус белы; 2 — трубачнік звычайны; 3 — стылярыя азёрная.

т. 10, с. 15

МАЛАШЭ́ВІЧ (Яўген Васілевіч) (н. 2.1.1944, в. Блізкая Пружанскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. біёлаг і кнігавыдавец. Канд. біял. н. (1970). Засл. работнік культ. Беларусі (1987). Скончыў БДУ (1965). Працаваў у Ін-це фізіялогіі АН Беларусі. З 1974 у выд-ве «Беларуская Энцыклапедыя» (заг. рэдакцыі, з 1979 адказны сакратар, нам. гал. рэдактара, з 1995 в.а. гал. рэдактара), з 1996 у перыяд. друку, з 1998 дырэктар выд-ва «Ураджай». Навук. працы па радыяцыйнай біяхіміі, агульным прыродазнаўстве і ахове прыроды. Удзельнік распрацоўкі навук.-метадычных канцэпцый і выдання шэрагу бел. універсальных і галіновых энцыклапедый, даведнікаў і слоўнікаў, адзін з аўтараў і стваральнікаў «Энцыклапедыі прыроды Беларусі» (т. 1—5, 1983—86).

Тв.:

Краткий словарь-справочник по охране природы. Мн., 1987.

т. 10, с. 15

МА́ЛАШ-АКСАМІ́ТАВА (Леаніла Апанасаўна) (н. 1.6.1927, в. Несцераўка Докшыцкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. фалькларыстка. Канд. філал. н. (1967). Скончыла БДУ (1952). З 1952 працавала ў Ін-це л-ры і Цэнтр. навук. б-цы АН Беларусі, БДУ, у 1968—90 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі. Даследуе бел. фальклор, гісторыю бел. фалькларыстыкі, бел. вяселле на агульнаслав. фоне. Адзін з аўтараў манаграфій «Беларуская фалькларыстыка: Эпоха феадалізму» (1989, з ГА.Каханоўскім і К.А.Цвіркам), «З душой славяніна: Жыццё і дзейнасць З.Я.Даленгі-Хадакоўскага» (1991, з А.С.Аксамітавым). Укладальнік кн. «Вяселле: Песні» (кн. 1—6, 1980—88), а таксама зб. «Украінскія народныя песні ў запісах Зарыяна Даленгі-Хадакоўскага» (Кіеў, 1974, з А.Дэем). Дзярж. прэмія Беларусі 1986 за ўдзел у шматтомным навук. выданні «Беларуская народная творчасць».

Тв.:

Беларуская этнаграфія і фальклор у працах славянскіх вучоных эпохі рамантызму. Мн., 1973 (разам з В.К.Бандарчыкам);

Беларускае вяселле ў яго адносінах да заходнеславянскіх вяселляў — польскага і славацкага. Мн., 1993 (разам з А.С.Аксамітавым).

І.У.Саламевіч.

т. 10, с. 14