Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЗАХО́ДНЯЯ БЕНГА́ЛІЯ,

штат на У Індыі, каля берагоў Бенгальскага зал., у зах. ч. дэльты Ганга. Пл. 88 тыс. км2. Нас. каля 75 млн. чал. (1995), каля 85% — бенгальцы. Адм. і гал. прамысл. цэнтр — г. Калькута. Паверхня — нізінная алювіяльная раўніна (каля 90% пл.), на З — участкі ўзвышшаў, на крайняй Пн — адгор’і Гімалаяў (да 4 тыс. м). Клімат трапічны вільготны (ападкаў 1400—1800 мм за год). Перыяд дажджоў у чэрв.—кастрычніку. Развіта здабыча каменнага вугалю (бас. Ранігандж), чорная металургія, джутавая, металаапр., маш.-буд. (прамысл. абсталяванне, электрапрылады, судны, чыг. цягнікі і вагоны, аўтамабілі, матацыклы), хім. (пластмасавыя і гумавыя вырабы, хім.-фармацэўтычныя прэпараты, лакі і фарбы), баваўняная, трыкат., шкляная, гарбарна-абутковая, паліграф., харчасмакавая прам-сць. Пад пасяўнымі плошчамі больш за 60% тэр., каля ⅓ з іх арашаецца. Вырошчваюць рыс (каля 80—90% усёй пасяўной плошчы). Агародніцтва, бульбаводства, пладаводства; пасевы гарчыцы, рапсу, бабовых, тытуню, кукурузы, з тэхн. культур — джут (каля палавіны вытв-сці ў Індыі), кенаф, чай (на Пн). Рыбалоўства ў сажалках, рэках, моры. Транспарт чыг. і ўнутр. водны.

т. 7, с. 23

ЗАХО́ДНЯЯ БЯРЭ́ЗІНА рака, гл. Бярэзіна (бас. Нёмана).

т. 7, с. 23

ЗАХО́ДНЯЯ ВІРГІ́НІЯ

(West Virginia),

штат на У ЗША. Пл. 62,8 тыс. км2. Нас. 1825,8 тыс. чал. (1996), гарадскога каля 45%. Адм. ц.г. Чарлстан. Найб. гарады Хантынгтан і Уілінг. Большую ч. тэр. займаюць Апалачы і Алеганскае плато на З ад іх. Паверхня моцна парэзаная, паніжаецца з У (выш. да 1483 м) на З да даліны р. Агайо. Клімат умераны, цёплы і вільготны. Сярэдняя т-ра студз. ад -1 да 5 °C, ліп. 23—25 °C. Ападкаў за год 900—1250 мм. Лясы займаюць ¾ тэр. штата. Гал. прыродны рэсурс — каменны вугаль, які здабываюць адкрытым і шахтавым спосабамі. Здабываюць таксама прыродны газ, нафту, вапняк, каменную соль. Буйная вытв-сць электраэнергіі на цеплавых электрастанцыях. Выплаўка чорных металаў, вытв-сць прамысл. абсталявання, угнаенняў, хім. валокнаў, сінт. каўчуку, харч. прадуктаў, буд. матэрыялаў. Лясная прам-сць, дрэваапрацоўка, вытв-сць мэблі. Вядучая галіна сельскай гаспадаркі — жывёлагадоўля. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, авечак, свіней. Птушкагадоўля. Пасевы пшаніцы, кукурузы, кармавых культур, тытуню. Садоўніцтва (яблыкі, персікі, вішні). Транспарт аўтамабільны, чыгуначны, рачное суднаходства па Агайо і яе прытоку Манангахіла. Значны рачны порт Хантынгтан.

М.С.Вайтовіч.

т. 7, с. 23

ЗАХО́ДНЯЯ ВО́БЛАСЦЬ,

адм.-тэр. адзінка ў 1917—18. Утворана паводле пастановы Усерас. нарады Саветаў (сак. 1917) на з’ездзе Саветаў Мінскай, Віленскай і Магілёўскай губ. у чэрв. 1917 як часовае аб’яднанне губерняў з мэтай цэнтралізаваць кіраўніцтва мясц. Саветамі. Цэнтр — г. Мінск. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 З.в. стала адм.-тэр. адзінкай у складзе Віленскай, Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай губ. У сувязі з акупацыяй большай ч. Беларусі ням. войскамі (люты 1918) цэнтр вобласці перанесены ў Смаленск. Паводле пастановы 2-га з’езда Саветаў Зах. вобласці (10—14.4.1918) у склад З.в. ўключана і Смаленская губ. У вер. 1918 перайменавана ў Заходнюю камуну.

т. 7, с. 23

ЗАХО́ДНЯЯ ДЗВІНА́

(у Латвіі Даўгава),

рака ў Расіі, Беларусі і Латвіі. Даўж. 1020 км, пл. вадазбору 87,9 тыс. км2 (у межах Беларусі адпаведна 328 км і каля 33,1 тыс. км2). Пачынаецца з воз. Каракіна (Цвярская вобл., Расія) на Валдайскім узв., за 14 км ад вытоку Волгі. Упадае ў Рыжскі зал. Балтыйскага м. (Латвія). Цячэ на Беларусі пераважна з У на З па Суражскай нізіне, паміж Гарадоцкім і Віцебскім узв. і на большым сваім працягу па Полацкай нізіне. Асн. прытокі; Таропа (Расія), Обаль, Палата, Дрыса (Беларусь), Айвіекстэ (Латвія) — справа, Мёжа (Расія), Каспля, Лучоса, Ула, Ушача, Дзісна (Беларусь) — злева. Са стараж. часоў З. Дз. — важны гандл. шлях, у 9—11 ст. тут праходзіў адзін з напрамкаў шляху з «варагаў у грэкі». Даліна выразная, месцамі глыбокаўрэзаная або невыразная, шыр. ў верхнім цячэнні 300—900 м, у сярэднім (у межах Беларусі) — 1—1,5 км, у ніжнім — 5—6 км. Пойма пераважна двухбаковая, у вярхоўі перарывістая, месцамі чаргуецца па берагах. Рэчышча ўмерана звілістае, на Беларусі звілістае, месцамі з парогамі: вышэй Віцебска (Вярхоўскі парог), каля г. Дзісна (Дзісенскія парогі) і г. Верхнядзвінск. Шыр. ракі 15—20 м у вярхоўі, 100—150 м на Беларусі (каля г.п. Друя 700 м), у Латвіі 200—300 м каля г. Даўгаўпілс, 700 м каля Рыгі. Вусцевая вобласць — эразійная дэльта. Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое, вял. доля грунтавога. Ледастаў з 1-й дэкады снеж. да 1-й дэкады красавіка. Веснавое разводдзе доўжыцца 60—70 дзён. Летне-асенняя межань (4—5 месяцаў) нярэдка парушаецца дажджавымі паводкамі. Зімовая межань (70—80 дзён) устойлівая. Сярэднегадавы расход вады каля Віцебска 223 м3/с, пры выхадзе за мяжу Беларусі 441 м3/с, у вусці 666 м3/с. Выкарыстоўваецца як крыніца водазабеспячэння. Суднаходства ў сярэднім цячэнні ад г. Веліж да г. Верхнядзвінск, у ніжнім — на асобных участках. Створаны Даўгаўпілская, Кегумская, Плявінская, Рыжская ГЭС. З. Дз. злучана Бярэзінскай воднай сістэмай (не дзейнічае) з бас. Дняпра. На рацэ гарады Веліж (Расія), порт Віцебск, Полацк, Наваполацк, Дзісна, Верхнядзвінск (Беларусь), Даўгаўпілс, Екабпілс, Яўнелгава, марскі порт Рыга (Латвія).

А.А.Макарэвіч.

Рака Заходняя Дзвіна каля гарадскога пасёлка Руба Віцебскага раёна.

т. 7, с. 23

ЗАХО́ДНЯЯ КАМУ́НА,

адм.-тэр. адзінка ў 1918. Утворана на 3-м з’ездзе Саветаў Зах. вобласці (11—13.9.1918) у выніку перайменавання Заходняй вобласці. Цэнтр — г. Смаленск. Аб’ядноўвала Смаленскую, Віцебскую, Магілёўскую, Мінскую і Віленскую губ. Скасавана пасля абвяшчэння Беларускай ССР.

т. 7, с. 24

ЗАХО́ДНЯЯ КАРДЫЛЬЕ́РА А́НДАЎ

(Cordillera Occidental),

горны хрыбет, найб. высокі зах. край горнай сістэмы Андаў. Размешчана на тэр. Калумбіі, Эквадора, Перу, Балівіі, уздоўж чылійска-балівійскай мяжы. Даўж. каля 400 км. Выш. рэльефу ад 2500 м да 5000 м і больш. Найб. выш. 6768 м (г. Уаскаран). Складзена з трыясава-юрскіх вапнякоў, кангламератаў, пясчанікаў, гіпсаў, сланцаў, якія перамяжаюцца вулканічнымі пародамі і пранізаны інтрузіямі гранадыярытаў. Старажытны і сучасны вулканізм, шматлікія дзеючыя і патухлыя вулканы (Чымбараса, 6267 м; Карапуна, 6425 м; Сахама, 6520, і інш.). На самых высокіх вяршынях снежнікі і ледавікі. Радовішчы золата, плаціны, серы, руд медзі і жалеза.

т. 7, с. 24

ЗАХО́ДНЯЯ РЫ́МСКАЯ ІМПЕ́РЫЯ,

прынятая ў гіст. л-ры назва зах. ч. Рымскай імперыі ў 4 ст.—476 (год звяржэння апошняга імператара Ромула Аўгустула).

т. 7, с. 24

ЗАХО́ДНЯЯ САХА́РА,

тэрыторыя на ПнЗ Афрыкі. Мяжуе на Пн з Марока і Алжырам, на У і Пд з Маўрытаніяй; на З абмываецца Атлантычным ак. Падзяляецца на 4 правінцыі. Пл. 252,1 тыс. км2. Нас. 260 тыс. чал. (1993). Адм.ц. — г. Эль-Аюн. Афіц. мова — арабская.

Прырода. Паверхня пераважна раўнінная, на У ўздымаецца да выш. 300—350 м. На ПнУ перадгор’і Атласкіх гор (500—700 м). Карысныя выкапні: фасфарыты (каля 10 млрд. т, прыкладна чвэрць сусв. запасаў), жал., медныя. ртутныя, уранавыя руды, калійная і кухонная солі. Клімат трапічны, пустынны. Сярэднямесячныя т-ры ад 17—20 °C да 25—30 °C. Ападкаў 50—200 мм, выпадаюць у кастр.-ліст. і сак.-маі. Пастаянных рэк няма. Вял. тэрыторыі займаюць пясчаныя і камяністыя прасторы без расліннасці, месцамі — разрэджаныя ксерафітныя хмызнякі і травы.

Насельніцтва. Жывуць паўкачавыя і качавыя плямёны араба-берберскага паходжання, агульная назва — маўры. Усе вызнаюць іслам суніцкага толку. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва каля 1 чал. на 1 км2. У асобныя перыяды многія групы насельніцтва качуюць па тэр. суседніх краін. У сувязі з ваен. дзеяннямі некалькі дзесяткаў тысяч жыхароў З.С. знаходзяцца ў бежанскіх лагерах на тэр.

Алжыра. У г. Эль-Аюн з прыгарадамі 139 тыс. ж. (1990).

Гісторыя. З 11 ст. падпарадкавана Альмаравідам. У 15 ст. каля ўзбярэжжа З.С. з’явіліся партугальцы, якіх на мяжы 15 і 16 ст. выцеснілі іспанцы. У выніку пагадненняў з Францыяй (1900, 1903, 1912) пра падзел Сахары — ісп. калонія пад назвай Ісп. Зах. Афрыка. Складалася з 2 частак: Рыо-дэ-Ора і Сегіет-эль-Хамра. Пасля атрымання незалежнасці Марока (1956) і Маўрытанія (1960) заявілі прэтэнзіі на тэр. З.С. У 1958 Іспанія надала сваёй калоніі фармальны статус заморскай правінцыі пад назвай Ісп. Сахара. У 1963 адкрыта багатае радовішча фасфарытаў (эксплуатуецца з 1973). У выніку ўзмацнення вызв. руху, які падтрымлівалі краіны Магрыба (у 1973 створаны Фронт Палісарыо), Іспанія аб’явіла ў 1975 пра спыненне сваёй прысутнасці ў З.С. Да 1976 гэта тэрыторыя была падпарадкавана сумеснай іспана-маракана-маўрьпанскай адміністрацыі. Калі іспанцы канчаткова пакінулі З.С. (1976), пачаўся яе падзел паміж Марока і Маўрытаніяй. Адначасова Палісарыо абвясціў аб стварэнні Сахарскай Араб. Дэмакр. Рэспублікі (САДР) і сфарміраваў урад у эміграцыі (Алжыр). З’езд Фронту Палісарыо (1976) прыняў канстытуцыю (перапрацавана ў 1982), паводле якой вышэйшы дзярж. орган — Рада кіраўніцтва рэвалюцыі, кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якім з’яўляецца старшыня Рады; заканадаўчая ўлада належыць Сахарскай нац. радзе. Прэзідэнтам і старшынёй Рады абраны М.Абд аль-Азіз. У 1979, пасля афіц. адмовы Маўрытаніі ад прэтэнзій на частку З.С., уся яе тэрыторыя была анексіравана Марока. Міжнар. спробы ўрэгуляваць канфлікт паміж Марока і Палісарыо (незалежнасць З.С. або далучэнне яе да Марока) прывялі да прыняцця ў 1988 абодвума бакамі прапановы ААН вырашыць канфлікт шляхам рэферэндуму. У 1991 заключана пагадненне пра спыненне агню, вядзецца падрыхтоўка да рэферэндуму, тэрмін якога ўвесь час адсоўваецца. САДР — чл. Арг-цыі афр. адзінства (з 1984), яе прызналі каля 70 дзяржаў.

Гаспадарка. Эканоміка адсталая. Валавы нац. прадукт на 1 жыхара складае каля 300 дол. ЗША у год. У пач. 1980-х г. вялася здабыча фасфарытаў і жал. руды, арганізаваная ісп., амер. і герм. капіталам. Але з пач. ваен. дзеянняў яна спынена. Здабыча кухоннай солі. Насельніцтва займаецца паўкачавой і качавой гадоўляй вярблюдаў (каля 60—80 тыс. галоў), коз і авечак (каля 110—120 тыс. галоў). Пад пашай каля 11% тэрыторыі, часткова выкарыстоўваюцца пашавыя ўгоддзі ў суседніх краінах. Для земляробства прыдатныя 400—600 га у аазісах, вырошчваюць фінікавую пальму, ячмень, проса, агародніну. Лоўля рыбы, лангустаў, здабыча водарасцей і губак. Невял. рыбакансервавыя, харч., металаапр., швейныя прадпрыемствы. Саматужная рамесніцкая вытв-сць, пераважна выраб скур і ткацтва. 2 аэрапорты. Даўж. грунтавых аўтадарог 6,2 тыс. км, у т.л. 500 км з палепшаным пакрыццём. Пабудаваны унікальны транспарцёр даўж. больш за 100 км, які падаваў да пач. ваен. дзеянняў фасфарыты з радовішча Бу-Краа да новага порта Эль-Аюн. З.С. экспартуе невял. колькасць рыбных кансерваў, кухоннай солі, скур і воўны, імпартуе ўсе неабходныя харч. і прамысл. тавары. Гандаль пераважна з Марока і Іспаніяй. Выкарыстоўваюцца мараканскія грошы.

І.Я.Афнагель (прырода, гаспадарка), Н.К.Мазоўка (гісторыя).

т. 7, с. 24

ЗАХО́ДНЯЯ СІБІ́Р,

заходняя частка Сібіры на У ад Урала да р. Енісей, у Расіі. Пл. каля 3 млн. км2. Большая ч. занята Заходне-Сібірскай раўнінай. На ПдУ узнімаюцца горы Алтая, Салаіра і Кузнецкага Алатау. У межах З.С. размешчаны Алтайскі край, Курганская, Цюменская, Омская, Новасібірская, Томская, Кемераўская вобл. і крайнія зах. раёны Краснаярскага краю.

т. 7, с. 24