Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ІЗБО́РСК,

старажытны горад Русі (цяпер с. Стары Ізборск у Пячорскім р-не Пскоўскай вобл.). Упершыню згадваецца пад 862. Паводле легенды, у І. пасяліўся Трувор (адсюль назва першага стараж. паселішча — Труворава гарадзішча, што ўзнікла ў 8 ст.). У 1313—1320-я г. неаднаразова асаджваўся крыжакамі. У 1329 крэпасць перанесена на т.зв. Жэраўю Гару, а ў канцы 14 — пач. 15 ст. вакол крэпасці фарміравалася новая гар. структура з пасадамі і могільнік. На думку некат. даследчыкаў, летапісны І. знаходзіўся ў сутоках рэк Пскава і Вялікая, дзе ў сярэдзіне 11 ст. быў знішчаны і потым адноўлены пад назваю Пскоў. Частка жыхароў зруйнаванага горада пасялілася на Труворавым гарадзішчы, якое з таго часу пачалі называць І.

А.В.Іоў.

Да арт. Ізборск. Сцяна Ізборскай крэпасці з вежамі. 14 ст.

т. 7, с. 179

І́ЗВА,

рака ў Навагрудскім р-не Гродзенскай вобл., левы прыток р. Нёман. Даўж. 26 км. Пл. вадазбору 141 км2. Пачынаецца на зах. схілах Навагрудскага ўзв. У верхнім і сярэднім цячэнні наз. Ізаўка. Цячэ пераважна па лесе, у сярэднім цячэнні — па глыбока ўрэзанай даліне.

т. 7, с. 179

ІЗВО́РСКА-ЕЛІЗА́Р’ЕВА (Маргарыта Мікалаеўна) (н. 13.2.1946, г. Бяла-Слаціна, Балгарыя),

бел. рэжысёр оперы, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1990). Скончыла Балгарскую (1969) і Ленінградскую (1974) кансерваторыі. У 1975—94 рэжысёр Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, з 1975 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. У бел. т-ры паставіла оперы «Дон Карлас» Дж.Вердзі (1979), «Служанка-пані» Дж.Б.Пергалезі (1981), «Воўк і сямёра казлянят» А.Уладзігерава (1984), «Севільскі цырульнік» Дж.Расіні (1986), «Чароўная флейта» В.А.Моцарта (1987), «Тоска» Дж.Пучыні (1991), камічную кантату «Выбар капельмайстра» І.Гайдна (1981), фантазію «Шэкспір і Вердзі» (1992), «Лэдзі Макбет Мцэнскага павета» («Кацярына Ізмайлава») Дз.Шастаковіча (1994); у Бел. акадэміі музыкі — «Паяцы» Р.Леанкавала, «А досвіткі тут ціхія» К.Малчанава, «Арфей і Эўрыдыка» К.В.Глюка, «Так робяць усе» Моцарта і інш. Як рэжысёру ёй уласцівы тонкае разуменне сцэнаграфічнай эстэтыкі, сучаснае светаадчуванне, сінтэз новай оперна-рэжысёрскай лексікі і класічнай традыцыі.

Т.Г.Мдывані.

т. 7, с. 180

ІЗГО́І,

1) катэгорыя насельніцтва ў Кіеўскай Русі і некат. усх.-слав. княствах 11—12 ст. Упамінаюцца ў Рускай праўдзе, устаўнай грамаце 1136—37 (з прыпіскаю 1150) смаленскага кн. Расціслава Мсціславіча і царк. статуце наўгародскага кн. Усевалада Мсціславіча (12 ст., па інш. меркаваннях 14 ст.). Большасць І. паходзіла з сялян, якія пакінулі сваю абшчыну, засталіся без зямлі, сродкаў вытв-сці і мусілі перайсці ў феад. залежнасць. І. станавіліся таксама б. рабы, якім удалося атрымаць ці выкупіць у феадала свабоду. У далейшым яны маглі перайсці ў склад вотчынных сялян. І. меліся ва ўдзелах царк. і свецкіх феадалаў. У працэсе феадалізацыі грамадства зліліся з асн. масай феадальна-залежнага насельніцтва.

2) Людзі, якія па розных абставінах выбылі са свайго б. грамадскага становішча.

А.В.Іоў.

т. 7, с. 180

Ізетбегавіч Алія

т. 18, кн. 1, с. 393

І́ЗЛЕДЗЬ,

рака на мяжы Валожынскага, Стаўбцоўскага р-наў Мінскай вобл. і Іўеўскага р-на Гродзенскай вобл., левы прыток р. Волка (бас. р. Нёман). Даўж. 30 км. Пл. вадазбору 134 км2. Пачынаецца на ПнЗ ад в. Забор’е Валожынскага р-на на схілах Мінскага ўзв. У нізоўі цячэ па Налібоцкай пушчы. Асн. прыток — р. Каменка. Рэчышча б.ч. каналізаванае.

т. 7, с. 180

ІЗМАІ́Л,

горад на Украіне, раённы цэнтр Адэскай вобл. Размешчаны на левым беразе Кілійскага гірла (вусця) Дуная, за 80 км ад Чорнага м. 95 тыс. ж. (1993). Порт, даступны для марскіх суднаў. Чыг. станцыя. Прам-сць: харчасмакавая (кансервавая, рыбная, мясная і інш.), суднарамонтна-механічная, цэлюлозна-кардонная, буд. матэрыялаў і лёгкая. Пед. ін-т. Музей А.В.Суворава (у т.л. дыярама «Штурм крэпасці Ізмаіл»), карцінная галерэя. Арх. помнікі: мячэць 16 ст., Пакроўскі сабор (1831), цэрквы Раства (1823) і Нікольская (1833).

Вядомы са стараж. часоў. У 12 ст. на месцы І. была генуэзская крэпасць, пазней належала Малдаўскаму княству 3 16 ст. тур. крэпасць. У рус.-тур. вайну 1768—74 узяты рус. войскамі, з 1771 база рас. Дунайскай ваен. флатыліі. Паводле Кючук-Кайнарджыйскага мірнага дагавора 1774 вернуты Турцыі. У рус.-тур. вайну 1787—91 зноў узяты рус. войскамі на чале з А.В.Суворавым. Паводле Яскага дагавора 1791 вернуты Турцыі. Трэці раз І. узяты рус. войскамі ў час рус.-тур. вайны 1806—12 і паводле Бухарэсцкага дагавора 1812 застаўся за Расіяй. У выніку Крымскай вайны 1853—56 паводле Парыжскага дагавора 1856 І. разам з паўд ч. Бесарабіі адышоў да Турцыі. У час рус.-тур. вайны 1877—78 чацвёрты раз узяты рус. войскамі і паводле Сан-Стэфанскага мірнага дагавора 1878 перададзены Расіі. У 1918 акупіраваны Румыніяй, з 1940 у СССР. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны ням.-рум. войскамі (1941—44).

т. 7, с. 180

ІЗМА́ЙЛАВА (Галія Баязітаўна) (н. 12.12.1923, г. Томск, Расія),

узбекская артыстка балета, балетмайстар. Нар. арт. СССР (1962). Скончыла балетную школу (1941), тэатр.-маст. ін-т (1958) у Ташкенце. З 1941 салістка, з 1977 гал. балетмайстар Узб. т-ра оперы і балета імя А.Наваі. Сярод партый: Семург («Акбіляк» С.Васіленкі), Аўрора, Адэта—Адылія («Спячая прыгажуня», «Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), Шэхеразада («Шэхеразада» на муз. М.Рымскага-Корсакава), Кітры («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Жызэль («Жызэль» А.Адана), Марыя («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), Кармэн («Балеро» на муз. М.Равеля), Эсмеральда («Эсмеральда» Ц.Пуні). Выканальніца танцаў народаў Азіі. Сярод пастановак: «Лебядзінае возера» (1957), «Шэхеразада», «Балеро»; «Штраусіяна» на муз. І.Штрауса (усе 1960); «Амулет кахання» М.Ашрафі (1969, з А.Андрэевым), «Легенда аб каханні» А.Мелікава (1979), танцы ў операх. Дзярж. прэмія СССР 1950.

т. 7, с. 180

ІЗМА́ЙЛАВА (Людміла Канстанцінаўна) (н. 16.6.1931, г. Невель Пскоўскай вобл., Расія),

бел. жывапісец. Скончыла Бел. тэатр. маст. ін-т (1960). Выкладае ў Рэсп. каледжы мастацтваў у Мінску (з 1963). Сярод твораў партрэты (медсястры Абакумавай, 1961; калгасніцы Г.Гулевіч з сынам, 1973; снайпера Іванушкіна, 1975; брыгадзіра П.Краско, 1978), карціны («Узоры», 1967; «Юныя спартсменкі» і «Гаспадыня саду», абедзве 1980; «Вяселле», 1982), пейзажы («Пасля дажджу», 1977; «Марскія пейзажы», 1980; «Возера Нарач», 1982; «Лепельскае возера», 1995), нацюрморты («Восеньскі нацюрморт», 1988).

Г.А.Фатыхава.

Л.Ізмайлава. Гаспадыня саду. 1980.

т. 7, с. 180

ІЗМА́ЙЛАЎ (Аляксандр Яфімавіч) (25.4.1779, С.-Пецярбург — 28.1.1831),

рускі празаік, байкапісец. Скончыў Горны кадэцкі корпус (1797). У 1826—28 віцэ-губернатар у Цверы і Архангельску. Аўтар сатыр. рамана «Яўген, або Згубныя вынікі кепскага выхавання...» (ч. 1—2, 1799—1801), аповесці «Бедная Маша» (1801). Найб. вядомы яго байкі, якія карысталіся поспехам у сучаснікаў («Байкі і казкі», 1814; «Новыя байкі і казкі...», 1817).

т. 7, с. 181