ІЗГО́І,

1) катэгорыя насельніцтва ў Кіеўскай Русі і некат. усх.-слав. княствах 11—12 ст. Упамінаюцца ў Рускай праўдзе, устаўнай грамаце 1136—37 (з прыпіскаю 1150) смаленскага кн. Расціслава Мсціславіча і царк. статуце наўгародскага кн. Усевалада Мсціславіча (12 ст., па інш. меркаваннях 14 ст.). Большасць І. паходзіла з сялян, якія пакінулі сваю абшчыну, засталіся без зямлі, сродкаў вытв-сці і мусілі перайсці ў феад. залежнасць. І. станавіліся таксама б. рабы, якім удалося атрымаць ці выкупіць у феадала свабоду. У далейшым яны маглі перайсці ў склад вотчынных сялян. І. меліся ва ўдзелах царк. і свецкіх феадалаў. У працэсе феадалізацыі грамадства зліліся з асн. масай феадальна-залежнага насельніцтва.

2) Людзі, якія па розных абставінах выбылі са свайго б. грамадскага становішча.

А.В.Іоў.

т. 7, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)