Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ПЕЛІ́КУЛА (лац. pellicula памяншальнае ад pellis скура),

1) тонкі эластычны або цвёрды ахоўны слой пратаплазмы на паверхні цела многіх прасцейшых (жгуціканосцы, інфузорыі і інш.) і некат. аднаклетачных водарасцей (хрызаманадавыя, эўгленавыя). Вонкавая паверхня П. часта мае розныя вырасты.

2) Вонкавая плевачная лупіна насення раслін.

т. 12, с. 262

ПЕЛІ́ТЫ (ад грэч. pēlos гліна),

асадкавыя горныя пароды любога саставу і паходжання, складзеныя больш чым на 50% з часцінак памерам менш за 0,001—0,005 мм (гліна, аргіліт і інш.).

т. 12, с. 263

ПЕ́ЛІХ (Сяргей Аляксандравіч) (н. 13.2.1946, с. Мартыненка Кабяляцкага р-на Палтаўскай вобл., Украіна),

бел. вучоны-эканаміст і гасп. дзеяч. Д-р эканам. н. (1993), праф. (2001). Засл. работнік прам-сці Беларусі (1991). Скончыў Краснаярскі політэхн. ін-т (1971), Бел. ін-т нар. гаспадаркі (1983).

З 1978 на Смаргонскім з-дзе аптычнага станкабудавання (з 1985 ген. дырэктар). Адзін з арганізатараў бел. гуманіт. гімназіі ў Смаргоні (1991). З 1994 ген. дырэктар Гуманіт. фонду СНД «Садружнасць». З 1998 у Бел. эканам. ун-це. Адзін з заснавальнікаў Міжнар. акадэміі па інтэграцыі навукі, адукацыі, сацыякультуры, тэхналогіі і вытв-сці («Кантэнант»), яе ганаровы прэзідэнт. Навук. працы па праблемах развіцця сац. сферы, выкарыстання аперацыйна-эканам. механізмаў кіравання і павышэння эфектыўнасці вытв. працэсу на прадпрыемствах.

Тв.:

Социальная сфера: регион и предприятие. Мн., 1993;

Оперативное управление заводом. Мн., 1993;

Операционный менеджмент. Мн., 2001 (разам з А.​І.​Гоевым).

т. 12, с. 263

ПЕ́ЛІШЧА вёска ў Камянецкім р-не Брэсцкай вобл., на аўтадарозе Камянец—Жабінка. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 12 км на ПдУ ад г. Камянец, 41 км ад Брэста, 16 км ад чыг. ст. Жабінка. 2299 ж., 983 двары (2000). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Царква. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — касцёл Сэрца Ісуса (1-я пал. 20 ст.).

т. 12, с. 263

ПЕЛОІДАТЭРАПІ́Я,

тое, што гразелячэнне.

т. 12, с. 263

ПЕЛО́ІДЫ,

тое, што гразі лячэбныя.

т. 12, с. 263

ПЕЛО́ПС, Пелоп,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі герой, сын лідыйскага цара Тантала, унук Зеўса. Бацька забіў П. і падаў яго мяса багам, якіх запрасіў да сябе на баляванне. Разгневаныя багі жорстка пакаралі Тантала, а П. ажывілі і зрабілі прыгажуном. П. ажаніўся з дачкой цара Эліды (на п-ве Пелапанес у Грэцыі) Энамая, якога вераломна загубіў, каб захапіць яго прастол. Атрымаўшы ў спадчыну Эліду, П. пашырыў сваю ўладу на ўсю Паўд. Грэцыю, назву якой Пелапанес стараж. грэкі выводзілі ад імя П.

т. 12, с. 263

ПЕЛО́ТАС (Pelotas),

горад на Пд Бразіліі, у штаце Рыу-Гранды-ду-Сул. Засн. ў канцы 18 ст. Каля 300 тыс. ж. (1999). Порт на канале Сан-Гансалу, паблізу ад увахода ў лагуну Патус. Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Гандл. цэнтр с.-г. раёна (збожжавыя, жывёлагадоўля, пчалярства). Цэнтр харчасмакавай прам-сці (мясахаладабойні, піваварэнне). Прадпрыемствы лёгкай, тэкст., дрэваапр. прам-сці. 2 ун-ты.

т. 12, с. 263

ПЕЛЫ́М, Пелымская дзяржава,

аб’яднанне плямён угра-фінскага народа мансі (вагулаў) на ч. тэр. сучасных Свярдлоўскай вобл. і Ханты-Мансійскай аўт. акругі Расіі ў сярэдзіне 15 — канцы 16 ст. Уключала плямёны, што жылі па рэках Пелым, Сосьва, Лозьва, Конда і Таўда. Кіравалася мясц. родавай арыстакратыяй («князцамі»), Плямёны П. былі васаламі Рас. дзяржавы і Сібірскага ханства, перыядычна рабілі набегі на рус. паселішчы Прыуралля. У 1580—90-я г. П. канчаткова далучаны да Расіі, на месцы яго сталіцы пры ўпадзенні р. Пелым у Таўду ў 1593 засн. расійскі г. Пелым.

т. 12, с. 263

ПЕЛЬГРЫМО́ЎСКІ (Гальяш) (сярэдзіна 16 ст. — пасля 17.8.1604),

грамадскі дзеяч Рэчы Паспалітай, пісьменнік. Вучыўся ў кальвінісцкай школе. Удзельнік Лівонскай вайны 1558—83. У 1581 пад камандаваннем К.​Радзівіла прымаў удзел разам з Ф.​К.​Чарнабыльскім і А.​Рымшай у паходзе ў Расію. Сакратар польск. караля Стафана Баторыя, у 1583 па яго даручэнні ездзіў у Маскву да Івана IV Грознага. З 1586 пісар ВКЛ, з 1600 сакратар пасольства Рэчы Паспалітай у Маскве на чале з Л.​Сапегам, з 1602 выконваў абавязкі маршалка Літоўскага трыбунала. Літ. дзейнасць пачаў у 1583. Пісаў на бел., лац. і польск. мовах. Аўтар паэт. і празаічных панегірыкаў на лац. мове, празаічнага дыярыуша на польскай мове «Пасольства Льва Сапегі ў 1600 годзе ў Маскву паводле дыярыуша Гальяша Пельгрымоўскага, сакратара пасольства, з рукапісу, выпадкова знойдзенага, Уладзіславам Трэмбіцкім апісанае» (надрук. ў 1846, Гродна). У дыярыушы былі тэксты і на бел. мове: праект дагавора паміж Польшчай і Маскоўскай Руссю, пералік падарункаў рус. цару і яго сыну, выступленні Л.​Сапегі і П. ў прысутнасці цара. Гэтаму падарожжу П. прысвяціў і вершаваны твор на польскай мове. Ля вытокаў бел. паэзіі знаходзіцца яго паэма на бел. і польскай мовах «Гутарка аднаго Паляка з Маскалём на маскоўскім замку ў годзе 1601», у якой аўтар раскрывае сістэму поглядаў на міжнар. адносіны і становішча, справы рэлігіі, свабоды сумлення і інш. На сучасную бел. мову паэму П. пераклаў М.​Танк.

Тв.:

Бел. пер. — Гутарка аднаго Паляка з Маскалём на маскоўскім замку ў годзе 1601 // Полымя. 1994. № 7.

Літ.:

Казбярук У. Мастацкі дакумент сярэднявечча // Спадчына. 1992. №4;

Кавалёў С. У пошуках вечнага міру // Там жа.

У.​М.​Казбярук.

т. 12, с. 263