Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МУ́РСІЯ (Murcia),

гістарычная вобласць і сучасная правінцыя на ПдУ Іспаніі, каля ўзбярэжжа Міжземнага м. Пл. 11,3 тыс. км². Нас. 1038 тыс. ж. (1992). Гал. горад — Мурсія. Рэльеф пераважна горны, выш. асобных хрыбтоў 1300—1700 м. Па даліне р. Сегура — Мурсійская нізіна. М. — аграрна-індустр. вобласць. Важны раён паліўнога земляробства, які спецыялізуецца на вырошчванні субтрапічных (пераважна цытрусавых) культур і шаўкаводстве. На непаліўных землях пасевы ячменю і пшаніцы. Прам-сць: каляровая металургія (выплаўка свінцу, цынку), нафтаперапрацоўка, хім. (серная к-та, азотныя ўгнаенні), суднабудаванне і суднарамонт, харч., шаўковая, гарбарна-абутковая, баваўняная; вытв-сць абсталявання для кансервавай прам-сці. Буйны марскі порт — Картахена.

т. 11, с. 35

МУ́РСІЯ (Murcia),

горад на ПдУ Іспаніі, на р. Сегура. Адм. ц. аўтаномнай вобласці і правінцыі Мурсія. Засн: ў 825. 319 тыс. ж. (1991). Трансп. вузел. Гал. цэнтр вытв-сці натуральнага шоўку. Прам-сць: вытв-сць матацыклаў, абсталявання для кансервавай прам-сці, шкла, выбуховых рэчываў, баваўняных тканін, перапрацоўка цытрусавых. Ун-т. Сабор (14—15 ст.), царква (16—17 ст.).

т. 11, с. 35

МУРЫ́ЛЬЁ ((Murillo) Барталаме Эстэбан) (хрышчаны 1.1.1618, г. Севілья, Іспанія — 3.4.1682),

іспанскі жывапісец. Вучыўся ў Х. дэль Кастыльё ў Іспаніі. Адзін з заснавальнікаў (1660) і першы прэзідэнт Севільскай АМ У ранні перыяд зазнаў уплыў караваджызму, трактаваў рэліг. сцэны як падзеі з нар. жыцця. З 1650-х г. яго жывапісная манера вызначалася вытанчанасцю каларыту, залацістым святлаценем, лірычным ладам кампазіцыі, часам сентыментальнасцю. Сярод твораў: серыі рэліг. карцін для францысканскага кляштара («Францысканскі цыкл», 1645—46), для кляштара капуцынаў («Святыя», 1665), для царквы Санта Марыя ла Бланка («Сон патрыцыя», «Тлумачэнне сна папам Ліберыем» і інш., 1665—66), для капэлы шпіталя Ла Карыдад («Св. Ізабэла Венгерская», «Майсей здабывае ваду са скалы» і інш., 1671—74), для аўгусцінскага кляштара («Св. Фама Вільянуэва раздае міласціну» і інш., 1678) у Севільі, «Прытча пра блуднага сына» (1660—80); карціны «Тайная вячэра» (1640), «Св. сям’я з птушкай» (1640-я г.), «Рэвека і Елеазар» (1650), «Адпачынак на шляху ў Егіпет» (1665—70), «Бязгрэшнае зачацце» (1668) і інш. Ствараў жанравыя сцэны («Хлопчык з садавіной», 1645—54; «Маленькі жабрак», каля 1650; «Хлопчык з сабакам», 1650-я г., і інш.), партрэты («Партрэт рыцара»; аўтапартрэт, каля 1655, і інш.).

Літ.:

Левина И.М. Картины Мурильо в Эрмитаже. Л., 1969.

С.І.Пракоп’ева.

Б.Э.Мурыльё. Рэвека і Елеазар. 1650.

т. 11, с. 35

МУ́РЫН (Аляксандр Рыгоравіч) (3.1.19,17, С.-Пецярбург — 6.12.1992),

расійскі харавы дырыжор. Нар. арт. СССР (1976). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1940). З 1937 хормайстар Ленінградскага радыё, з 1940 — ансамбля песні і танца Ленінградскай ваен. акругі, з 1947 — Малога опернага т-ра. З 1952 хормайстар, у 1961—89 гал. хормайстар Ленінградскага т-ра оперы і балета імя С.М.Кірава. Кіраваў пастаноўкай хар. сцэн у многіх класічных оперных спектаклях, у т. л.: «Хаваншчына», «Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага, «Іван Сусанін» М.Глінкі, «Царская нявеста», «Пскавіцянка» М.Рымскага-Корсакава, «Мазепа» П.Чайкоўскага і інш. Дзярж. прэмія Расіі імя М.Глінкі 1974. Дзярж. прэмія СССР 1976.

т. 11, с. 36

МУ́РЫНА (Ларыса Аляксандраўна) (н. 22.3.1936, в. Куляшыха Хараўскага р-на Валагодскай вобл., Расія),

бел. мовазнавец і педагог. Чл.-кар. Акадэміі адукацыі Беларусі (1996). Д-р пед. н. (1986), праф. (1987). Скончыла Азербайджанскі пед. ін-т моў (1963). Працавала ў школах і ВНУ г. Баку. З 1970 у БДУ (з 1988 заг. кафедры методыкі выкладання рус. і бел. моў і л-р, з 1993 нам. дэкана, з 1996 дэкан філал. ф-та). Даследуе праблемы методыкі выкладання рус. і бел. моў, бел.-рус. моўных узаемаадносін, рыторыкі. Аўтар кніг «Культура рускага маўлення ў школах з беларускай мовай навучання» (1982), «Развіццё звязнай мовы вучняў» (1985), «Методыка рускай мовы ў школах Беларусі» (1990), «Рыторыка» (1994), сааўтар падручнікаў па рус. мове для 5—9-га класаў і інш.

І.К.Германовіч.

т. 11, с. 36

МУ́РЭЙ, Мары (Murray),

самая вялікая рака ў Аўстраліі. Даўж. 2570 км (ад вытоку р. Дарлінг — 3750 км), пл. басейна 1057 тыс. км². Вытокі ў Аўстрал. Альпах, цячэ пераважна па засушлівай раўніне, упадае ў мелкаводны заліў-лагуну Александрына (адгароджаны ад Індыйскага ак. штучным барам для папярэджання ад засалення). Гал. прытокі: Дарлінг і Марамбіджы (справа). Жыўленне снегавое і дажджавое. Вясной і летам паўнаводная, у сухі перыяд (зімой) большасць прытокаў перасыхае, не дасягае гал. ракі, і М. моцна мялее. Сярэдні гадавы расход вады 330 м³/с. Выкарыстоўваецца для арашэння. Рыбалоўства. На М. і яе прытоках вадасховішча, ГЭС. Суднаходная ад г. Олберы.

т. 11, с. 36

МУРЭ́НАВЫЯ, мурэны (Muraenidae),

сямейства рыб атр. вугрападобных. Каля 18 родаў, больш за 120 відаў. Пашыраны ў трапічных і субтрапічных морах. Жывуць каля берагоў у расколінах камянёў, падводных гротах і пячорах. Найб. вядомыя М. родаў гімнаторакс (Gymnothorax), лікадонтыс (Lycodontis), мурэна (Muraena).

Даўж. ад 10 см да 3 м. Цела змеепадобнае, скура голая. Афарбоўка яркая, разнастайная, з плямамі і палосамі. Грудныя плаўнікі адсутнічаюць. Зубы шматлікія, доўгія, вострыя. Драпежнікі, кормяцца рыбамі, галаваногімі малюскамі, ракападобнымі. У развіцці праходзяць стадыю лептацэфала (кароткае тупое рыла, закруглены хваставы плаўнік, слабая пігментацыя). Аб’ект промыслу. У некаторых відаў М. мяса ядавітае.

Да арт. Мурэнавыя. Мурэны: 1 — міжземнаморская; 2 — гімнаторакс; 3 — японская.

т. 11, с. 36

МУ́РЭШ, Мараш (рум. Mureş, венг. Maros),

рака ў Румыніі і Венгрыі, левы прыток р. Ціса (бас. р. Дунай). Даўж. 883 км, пл. бас. каля 30 тыс. км². Пачынаецца на зах. схілах Усх. Карпат, перасякае Трансільванскае плато і Зах. Румынскія горы, ніжняе цячэнне па Сярэднедунайскай раўніне. Сярэдні расход вады 175 м³/с. Веснавое разводдзе. Суднаходная ў ніжнім цячэнні. На М. — гарады Тыргу-Мурэш, Алба-Юлія, Арад (Румынія), Сегед (Венгрыя).

т. 11, с. 36