МУРЫ́ЛЬЁ ((Murillo) Барталаме Эстэбан) (хрышчаны 1.1.1618, г. Севілья, Іспанія — 3.4.1682),

іспанскі жывапісец. Вучыўся ў Х. дэль Кастыльё ў Іспаніі. Адзін з заснавальнікаў (1660) і першы прэзідэнт Севільскай АМ У ранні перыяд зазнаў уплыў караваджызму, трактаваў рэліг. сцэны як падзеі з нар. жыцця. З 1650-х г. яго жывапісная манера вызначалася вытанчанасцю каларыту, залацістым святлаценем, лірычным ладам кампазіцыі, часам сентыментальнасцю. Сярод твораў: серыі рэліг. карцін для францысканскага кляштара («Францысканскі цыкл», 1645—46), для кляштара капуцынаў («Святыя», 1665), для царквы Санта Марыя ла Бланка («Сон патрыцыя», «Тлумачэнне сна папам Ліберыем» і інш., 1665—66), для капэлы шпіталя Ла Карыдад («Св. Ізабэла Венгерская», «Майсей здабывае ваду са скалы» і інш., 1671—74), для аўгусцінскага кляштара («Св. Фама Вільянуэва раздае міласціну» і інш., 1678) у Севільі, «Прытча пра блуднага сына» (1660—80); карціны «Тайная вячэра» (1640), «Св. сям’я з птушкай» (1640-я г.), «Рэвека і Елеазар» (1650), «Адпачынак на шляху ў Егіпет» (1665—70), «Бязгрэшнае зачацце» (1668) і інш. Ствараў жанравыя сцэны («Хлопчык з садавіной», 1645—54; «Маленькі жабрак», каля 1650; «Хлопчык з сабакам», 1650-я г., і інш.), партрэты («Партрэт рыцара»; аўтапартрэт, каля 1655, і інш.).

Літ.:

Левина И.М. Картины Мурильо в Эрмитаже. Л., 1969.

С.І.Пракоп’ева.

Б.Э.Мурыльё. Рэвека і Елеазар. 1650.

т. 11, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)