Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЗАХО́ДНІ ЎНУ́ТРАНЫ НАФТАГАЗАНО́СНЫ БАСЕ́ЙН,

у цэнтр. частцы ЗША, у штатах Канзас, Аклахома, Аява, Небраска, Місуры, Тэхас. Пл. каля 750 тыс. км2. Радовішчы нафты адкрыты ў 1860, прамысл. асваенне з 1887. Адкрыта каля 5000 радовішчаў нафты і больш за 1600 газу. Нафтагазаносныя паклады палеазою. Гал. радовішчы: нафтагазаносныя — Аклахома-Сіці, Уэст-Эдманд, Панхандл, Эльдарада, газавыя — Х’югатан, Мокейн-Лаверн. На тэр. басейна сетка нафта-, газа- і прадуктаправодаў.

т. 7, с. 17

ЗАХО́ДНІ ЎЧА́СТАК АТРА́ДАЎ ЗАСЛО́НЫ,

аб’яднанне атрадаў Чырв. Арміі з мэтай абароны Сав. Рэспублікі на зах. напрамку ад магчымага наступлення герм. войск у 1918. Створаны 29.3.1918 на аснове дырэктывы Вышэйшага савета абароны Рэспублікі. Уключаў атрады: Аршанскі, Бранскі, Віцебскі, Курскі, Невельска-Вялікалуцкі, Рослаўскі, Смаленскі. Участак узначальваўся Ваен. саветам — ваен. кіраўнік У.М.Ягор’еў і 2 (з 29 жн. 3) ваен. камісары. 11.9.1918 перафарміраваны ў Заходні раён абароны 1918.

т. 7, с. 17

ЗАХО́ДНІ ФРОНТ 1915—18,

аператыўна-стратэгічнае аб’яднанне рус. армій у 1-ю сусв. вайну. Утвораны 12(25).8.1915. Штаб у Мінску, з 22.2.1918 у Смаленску, з 24.3.1918 у Тамбове. Ўваходзілі арміі: 1-я (да крас. 1916), 4-я (да кастр. 1916), Асобая (снеж. 1916 — ліп. 1917), 2, 3 і 10-я (да сак. 1918). Фронт размяшчаўся на Маскоўскім стратэг. напрамку працягласцю каля 500 км ад мяст. Відзы да р. Прыпяць. У маі 1917 налічваў каля 1560,9 тыс. чал. У тыле З.ф. размяшчалася Стаўка Вярх. галоўнакамандуючага (Магілёў).

У вер. 1915 войскі З.ф. вялі баі па ліквідацыі кав. групоўкі ворага, якая ў выніку Свянцянскага прарыву 1915 выйшла ў глыбокі тыл фронту і да кастр. 1915 адкінулі яе да лініі азёр Нарач—Свір. Фронт стабілізаваўся на лініі Дзвінск—воз. Нарач—Баранавічы—Пінск. Войскі З.ф. ў сак. 1916, каб аблегчыць становішча саюзнікаў, правялі Нарачанскую аперацыю 1916, у чэрв.ліп. 1916 падтрымалі наступленне Паўн.-Зах. фронту Баранавіцкай аперацыяй 1916. Абедзве аперацыі скончыліся няўдачай. Паражэнні, бяссэнсавая гібель людзей, дрэннае забеспячэнне боепрыпасамі выклікалі незадаволенасць салдат, спрыялі разлажэнню рус. арміі. У выніку Лют. рэвалюцыі 1917 на 1.9.1917 на З.ф. дзейнічалі 7284 вайск. к-ты, у склад якіх было абрана 4825 афіцэраў, 1598 ваенных чыноўнікаў, 54 467 салдат. Наяўнасць гэтых арг-цый у войсках, а таксама пастаянны ўплыў Мінскага і інш. Саветаў фактычна стварылі на З.ф. двоеўладдзе. Паводле плана летняга 1917 наступлення рус. арміі войскі З.ф. сіламі 10-й арміі наносілі дапаможны ўдар у напрамку Вільні, але наступленне 9(22).7.1917 скончылася няўдачай. З.ф. адыграў важную ролю ў тым, што бальшавікі прыйшлі да ўлады. Сав. ўлада на З.ф. была абвешчана 20—25.11(3—8.12).1917 на 2-м з’ездзе армій Зах. фронту. Салдаты фронту актыўна адгукнуліся на прапанову Саўнаркома спыніць ваен. дзеянні, дагавор аб часовым прымірэнні быў падпісаны 21.11—(4.12).1917. У снеж. 1917 — студз. 1918 з З.ф. былі адпраўлены на франты грамадз. вайны каля 15 «найбольш моцных» палкоў пяхоты і З артыл. брыгады, якія падтрымлівалі бальшавікоў. Наступленне германскіх войск на З.ф. пачалося раніцай 18.2.1918. Пры адсутнасці неабходных сіл у войсках З.ф. пачаліся паніка і адступленне. З.ф. старой рус. арміі практычна спыніў сваё існаванне.

Літ.:

Ростунов И.И. Русский фронт первой мировой войны. М., 1976;

Смольянинов М.М. Революционное сознание солдат Западного фронта в 1917 г. Мн., 1991.

М.М. Смальянінаў.

т. 7, с. 17

ЗАХО́ДНІ ФРОНТ 1919—24,

аператыўна-стратэгічнае аб’яднанне войск Чырв. Арміі. Створаны 12—19.2.1919 Гал. камандаваннем Узбр. сіл РСФСР для абароны паўн.-зах. і зах. граніц. Штаб сфарміраваны з ліквідаванага штаба Паўн. фронту і размяшчаўся ў пач. 1919 у Старой Русе, потым у Маладзечне, Дзвінску, Смаленску, Мінску. У розны час у З.ф. уваходзілі 3, 4, 7, 12, 15-я (да 7.6.1919 армія Сав. Латвіі), 16-я (да 13.3.1919 — Зах., да 9.6.1919 Бел.-Літоўская), Запасная, Эстляндская, 1-я конная арміі і Мазырская група войск; у аператыўным узаемадзеянні з войскамі З.ф. знаходзіліся Дняпроўская ваенная флатылія і Заходнядзвінская ваенная флатылія. Камандуючыя фронтам: Дз.М.Надзёжны (люты—ліп. 1919), У.М.Гіціс (ліп. 1919—крас. 1920), М.М.Тухачэўскі (крас. 1920—сак. 1921, студз. 1922—сак. 1924), І.М.Захараў (в.а. сак.вер. 1921), А.І.Ягораў (вер. 1921—студз. 1922), А.І.Корк (в.а. сак.крас. 1924), АІ.Кук (в.а. крас. 1924). У 1919 войскі З.ф. разам з Балт. флотам пераважна трымалі абарону на лініі ад ПнЗ Расіі да Беларусі (тут стаяла Зах. армія) супраць т. зв. белых і інтэрвентаў (англійскіх, фінскіх, польскіх і інш.). З.ф. налічваў (люты 1919) 90 тыс. штыкоў і шабляў, 1941 кулямёт і 677 гармат (пра дзеянні З.ф. ў 1920 гл. ў арт. Грамадзянская вайна і ваенная інтэрвенцыя 1918—22, Савецка-польская вайна 1920). Пасля спынення 18.10.1920 баявых дзеянняў на фронце войскі З.ф. (часці 7-й і 16-й армій) дзейнічалі супраць Булак-Балаховіча паходу 1920, інш. антысавецкіх выступленняў. 8.4.1924 пераўтвораны ў Зах. ваен. акругу (гл. Беларуская ваенная акруга).

Л.А.Селіванаў.

т. 7, с. 17

ЗАХО́ДНІ ФРОНТ 1941—44 у Вялікую Айчынную вайну.

Утвораны 22.6.1941 на базе Заходняй Асобай ваеннай акругі. 24.7.1941 пасля разгрому у навагрудскім «катле» (камандуючыя Дз.Р.Паўлаў, ген. А.А.Грыгор’еў, А.А.Караткоў, У.Я.Кліманоўскіх і інш. расстраляны, у 1956 рэабілітаваны) сфарміраваны нанава і падзелены на Зах. і Цэнтр. (да 25.8.1941) франты. Камандуючыя: ген. арміі Дз.Р.Паўлаў (22—30.7.1941), ген.-лейт. А.І.Яроменка (30.6—2.7, 19—29.7.1941), Маршал Сав. Саюза С.К.Цімашэнка (2—19.7, 30.7—12.9.1941), ген.-палк. І.С.Конеў (12.9—12.10.1941, 26.8.1942—27.2.1943), ген. арміі Г.К.Жукаў (13.10.1941—26.8.1942), ген.арміі В.Д.Сакалоўскі (28.2.1943—15.4.1944), ген.-палк. І.Д.Чарняхоўскі (15—24.4.1944); чл. ваен. савета: А.Я.Фаміных, П.К.Панамарэнка, М.А.Булганін, Л.З.Мехліс, В.Е.Макараў; нач. штаба: У.Я.Клімаўскіх, Г.К.Маландзін, Сакалоўскі, У.С.Галушкевіч, А.П.Пакроўскі. У розны час у склад З.ф. ўваходзілі арміі: 3, 4, 5, 10, 11, 13, 16, 19, 20, 21, 22, 28, 29, 30, 31, 32, 33, 39, 43, 49, 50, 61, 68, 1-я Ударная, 10-я і 11-я гвардз., 3-я і 4-я танк., 1-я і 4-я паветраныя. Войскі фронту ўдзельнічалі ў Брэсцкай крэпасці абароне 1941, Магілёва абароне 1941, Мінска абароне 1941, Віцебска абароне 1941, Гомеля абароне 1941, нанеслі Лепельскі контрудар 1941, правялі Рагачоўска-Жлобінскую аперацыю 1941. Разам з інш. франтамі прымалі ўдзел у Смаленскай бітве 1941, Маскоўскай бітве 1941—42, Курскай бітве 1943, Смаленскай аперацыі 1943. У канцы 1943 — пач. 1944 войскі З.ф. развівалі наступленне на Віцебскім і Аршанскім напрамках, выйшлі да ўсх. раёнаў Беларусі. 24.4.1944 З.ф. перайменаваны ў Беларускі фронт трэці, яго левае крыло — у Беларускі фронт другі (2-га фарміравання).

М.І.Камінскі.

т. 7, с. 17

ЗАХО́ДНІ ХРЫБЕ́Т,

гл. ў арт. Заходне-Сахалінскія горы.

т. 7, с. 18

ЗАХО́ДНІ ШТАБ ПАРТЫЗА́НСКАГА РУ́ХУ ў Вялікую Айчынную вайну,

аператыўны орган пры ваен. савеце Зах. фронту па кіраўніцтве партыз. рухам і арганізацыі ўзаемадзеяння партызан з Чырв. Арміяй у паласе фронту. Створаны 30.5.1942 паводле пастановы Дзярж. к-та абароны. 5.10.1942 перайменаваны ў прадстаўніцтва ЦШПР на Зах. фронце, 2.7.1943 — у Смаленскі штаб партыз. руху, 4.1.1944 — у аператыўную групу БШПР на Зах. фронце. Начальнікі штаба С.С.Бельчанка, Дз.М.Папоў, А.А.Прохараў.

т. 7, с. 18

ЗАХО́ДНІ ШЭ́ЛЬФАВЫ ЛЕДАВІ́К

(West Ice Shell),

адзін з буйнейшых шэльфавых ледавікоў Усх. Антарктыды. На Пн і У абмываецца м. Дэйвіса, на Зм. Садружнасці. Адкрыты ням. экспедыцыяй Э.Дрыгальскага у 1901—03, дэталёва абследаваны сав. антарктычнай экспедыцыяй у 1957—60. Пл. каля 36 тыс. км1. Працягласць з З на У 580 км, з Пд на Пн 65—95 км, таўшчыня лёду 100—580 м. У 1960-я г. адбылося значнае скарачэнне плошчы ледавіка ў выніку разбурэння яго паўн. часткі.

т. 7, с. 18

ЗАХОДНЯДЗВІ́НСКАЯ ВАЕ́ННАЯ ФЛАТЫ́ЛІЯ,

аператыўнае аб’яднанне баявых рачных караблёў у грамадз. вайну на Заходнім фронце 1919—24. Створана загадам РВСР 26.11.1919 з 2-га атрада Ваен.-рачной флатыліі Сав. Латвіі. База — г. Віцебск. Мела ў сваім складзе 21 карабель і дапаможнае судна, 26-ы паветраплавальны атрад з аэрастатамі (май 1920); налічвала 581 чал. (жн. 1920). Актыўна ўдзельнічала ў баявых дзеяннях у час савецка-польскай вайны 1920, асабліва ў майскай аперацыі Зах. фронту. Пры падрыхтоўцы да наступлення перавезла да 200 тыс. пудоў ваен. грузаў для войск 15-й арміі. У сярэдзіне мая 1920 забяспечыла пераправу на левы бераг Зах. Дзвіны ў раёне Дрысы (цяпер Верхнядзвінск) 164-й брыгады, якая ўдарыла ў тыл ворага. 22.5.1920 атрад маракоў разам з часцямі 15-й арміі пры артыл. падтрымцы караблёў флатыліі разбіў праціўніка каля в. Узмёны (пад Дрысай). Караблі ахоўвалі флангі і тылы войск. масты і пераправы. 23.11.1920 расфарміравана. Камандуючыя: В.К.Новак (да лют. 1920), Я.С.Гернет (да мая 1920), Г.М.Тырышкін (да вер. 1920), М.В.Бліноў (ч.в.а. да ліст. 1920). Камісары: Л.А.Вялічка (да лют. 1920), Я.І.Азолін (да ліп. 1920), К.В.Траянскі (да ліст. 1920).

І.Я.Краўцоў.

т. 7, с. 19

Заходняе Палессе

т. 18, кн. 1, с. 390