Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЗАБО́Р’Е,

вёска ў Расонскім р-не Віцебскай вобл. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 37 км ад г. п. Расоны, 190 км ад Віцебска, 32 км ад чыг. ст. Дрэтунь. 532 ж., 197 двароў (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму.

т. 6, с. 489

ЗАБО́РСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну,

састаўная частка Расонскага патрыятычнага падполля. Дзейнічала ў жн. 1941 — крас. 1942 (кіраўнік У.В.Петрачэнка) на тэр. Віцебскай вобл. Мела 3 групы (23 чал.): у вёсках Аўсюкова і Забор’е (А.Дз.Цітоў, І.Ф.Лапатка), Лакці і Пакоціна (Я.А.Каган, А.І. і Н.І.Папляцеевы), Баканіха і Шарстова (М.Ф.Максіменка). Падпольшчыкі дзейнічалі ў кантакце з партызанамі, збіралі для іх зброю, разведданыя, харчаванне, медыкаменты. Разам з партызанамі ўдзельнічалі ў падрыве моста цераз р. Дрыса, 6 мастоў на шашэйных дарогах, спалілі будынак ням. камендатуры ў в. Забор’е, здзейснілі шэраг дыверсій па знішчэнні баявой тэхнікі, аўтатранспарту і жывой сілы ворага. Вясной і летам 1942 амаль усе падпольшчыкі пайшлі ў партызаны. Дзейнасць падполля ўвекавечана ў Музеі баявой садружнасці бел., рус., латв. і літ. партызан у г.п. Расоны.

т. 6, с. 489

ЗАБО́РСКІ (Георгій Уладзіміравіч) (н. 11.11.1909, Мінск),

бел. архітэктар. Засл. будаўнік Беларусі (1961), нар. архітэктар СССР (1981). Акад. Рас. акадэміі архітэктуры і буд. навук (1995). Скончыў Ленінградскую АМ (1939). У 1952—64 выкладчык БПІ (дацэнт з 1954). Працаваў у ін-тах «Белдзяржпраект», «Мінскпраект», з 1964 у БелНДІдзіпрасельбудзе (у 1966—79 кіраўнік майстэрні). Асн. работы ў Мінску: корпус Лечсанупраўлення (1948), ансамбль жылых дамоў на вул. Леніна (1949—56), карпусы пед. ун-та (1951—59), гасцініца Бел. саюза мастакоў, Літ. музей Я.Коласа (абедзве 1952), рэканструкцыя будынка сувораўскага вучылішча (1953), аэравакзал «Мінск-1» (1957), музей гісторыі Вял. Айч. вайны (1967), кінатэатр «Піянер», т-р лялек (абедзве 1964). Сааўтар генплана Полацка (1949). Сярод работ у сельскім буд-ве: сааўтар планіроўкі і забудовы вёсак Верцялішкі (Дзярж. прэмія СССР 1971), Сарачы і Рэдкавічы Любанскага р-на (1969), аўтар Палаца культуры, гандл. цэнтра з гасцініцай, жылых дамоў у в. Сноў (1970-я г.) і інш. Творы манум. мастацтва: Манумент Перамогі, помнік Я.Коласу (1972) у Мінску, мемар. комплекс Зыслаў.

Г.У.Заборскі.

т. 6, с. 489

ЗАБО́РСКІ (Пётр Іванаў) (?—1665),

майстар-цаніннік, чаканшчык і ювелір. Паходзіў з Беларусі. У 1658—65 узначальваў арцель бел. майстроў (І.Максімаў, С.Палубес, Ф.Чука і інш.), якія стварылі вонкавае ўбранства і аздабленне інтэр’ера Васкрасенскага сабора Нова-Іерусалімскага манастыра (каля г. Істра Маскоўскай вобл.) шматкаляровымі паліванымі кафлямі.

т. 6, с. 489

«ЗАБРО́ДДЗЕ»,

каменны метэарыт, які ўпаў у 1893 каля в. Заброддзе Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл. Маса 3155 г. Належыць да хандрытаў. Асн. частка метэарыта зберагаецца ў музеі Віленскага ун-та, 195 г — у калекцыі Адэскага ун-та, 3 г — у Брытанскім музеі. Муляж метэарыта знаходзіцца ў Ін-це геал. навук Нац. АН Беларусі. Гл. таксама Метэарыты.

Літ.:

Бордон В.Е., Давыдов М.Н. Рожденные в космосе. Мн., 1982. С. 37—38.

У.Я.Бардон.

т. 6, с. 489

ЗАБРО́ДСКІ (Сяргей Сцяпанавіч) (17.12.1911, г. Нясвіж, Мінскай вобл. — 7.1.1980),

бел. вучоны ў галіне гідрадынамікі і цепла- і масаабмену. Чл.-кар. АН БССР (1966), д-р тэхн. н. (1960), праф. (1964). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1978). Скончыў БПІ (1939). З 1946 навук. супрацоўнік Энергасектара, потым Ін-та энергетыкі АН БССР, з 1957 заг. лабараторыі Ін-та цепла- і масаабмену АН БССР. Навук. працы па даследаванні цепла- і масаабмену ў дысперсных сістэмах. Прапанаваў формулу для разліку каэф. цеплаабмену ў кіпячым слоі, распрацаваў асновы выкарыстання дысперсных матэрыялаў і інш.

Літ.:

Гидродинамика и теплообмен в псевдоожиженном (кипящем) слое. М.;Л., 1963; Высокотемпературные установки с псевдоожиженным слоем. М., 1971.

С.С.Забродскі.

т. 6, с. 489

Забродскі Эдуард Андрэевіч

т. 18, кн. 1, с. 386

ЗАБРУ́ДЖВАЛЬНІКІ,

прыродныя (натуральныя) і антрапагенныя агенты (фіз. фактары, хім. рэчывы, біял. віды — пераважна мікраарганізмы і інш.), якія трапілі ў навакольнае асяроддзе або ўзніклі ў ім у колькасцях, што перавышаюць звычайныя, гранічныя ваганні ці сярэдні прыродны фон за вызначаны час (гл. Забруджванне навакольнага асяроддзя). Існуюць З. атмасферы, вод, глеб (гл. ў арт. Забруджванне атмасферы, Забруджванне вод, Забруджванне глеб). Адрозніваюць першасныя З., што непасрэдна ўтвараюцца ў натуральных, прыродна-антрапагенных і антрапагенных працэсах, і другасныя, якія выяўляюцца ў працэсе мадыфікацыі, распаду або пад уздзеяннем першасных. Асобныя агенты, што атрымліваюцца пры ўтварэнні небяспечных З. у фіз.-хім. працэсах, якія адбываюцца непасрэдна ў асяроддзі, могуць быць у месцах вытв-сці і выкарыстання няшкоднымі, але становяцца небяспечнымі пры іх міграцыі ў інш. геасферы (напр., фрэоны, хімічныя інертныя каля паверхні Зямлі, у стратасферы ўдзельнічаюць у фотахім. рэакцыях з утварэннем іона хлору, які з’яўляецца каталізатарам пры разбурэнні азонавага слоя планеты).

Я.В.Малашэвіч.

т. 6, с. 489

ЗАБРУ́ДЖВАННЕ АНТРАПАГЕ́ННАЕ,

забруджванне, якое выклікаецца гасп. дзейнасцю чалавека (гл. Забруджванне навакольнага асяроддзя). Гасп. дзейнасць людзей (прама ці ўскосна) вядзе да ўзнікнення шкодных для навакольнага асяроддзя фіз., хім., біял., інфарм. агентаў і павелічэння іх канцэнтрацый (гл. Забруджванне атмасферы, Забруджванне вод, Забруджванне глеб). Найб. катастрафічныя З.а. звязаны з ваеннай, хім., паліўнай прам-сцю. Узровень З.а. кантралюецца прынятымі нарматывамі — ГДК, ГДВ і інш.

т. 6, с. 490

ЗАБРУ́ДЖВАННЕ АТМАСФЕ́РЫ,

працэс змены складу атмасферы ў выніку паступлення ў яе забруджвальнікаў (аэразолей, газаў, цвёрдых часцінак і інш.). Негатыўна ўздзейнічае на жывыя арганізмы, прыносіць шкоду матэрыяльным каштоўнасцям. Адрозніваюць прыроднае (натуральнае) З.а. і забруджванне антрапагеннае. Крыніцы натуральнага З.а. — касмічны пыл, дзейнасць вулканаў, ветравая эрозія глебы, выветрыванне горных парод, зрэдку масавае цвіценне раслін і інш. У атмасферы дамешкі размяркоўваюцца нераўнамерна, у залежнасці ад размяшчэння крыніц забруджвання, метэаралагічных, тапаграфічных і інш. фактараў; маюць значэнне і мясц. атм. працэсы і трансгранічны перанос забруджвальнікаў. Антрапагеннае З.а. абумоўлена інтэнсіўнымі выкідамі і фіз. ўздзеяннямі на атмасферу розных галін гасп. дзейнасці чалавека; асн. забруджвальнікі: аксіды азоту, серы, вугляроду і інш. газападобныя злучэнні, пыл, аэразолі, вуглевадароды. Штогод у атмасферу выкідваецца каля 20 млрд. т вуглякіслага газу CO2, 700 млн. т інш. злучэнняў; тэхнагеннае паступленне CO2 складае каля 150 млн. т.

Канцэнтрацыя забруджвальнікаў паветра ў гарадах большая, чым у аддаленых населеных месцах. Непасрэдна з З.а. звязана ўзнікненне смогу ў буйных гарадах. Да асн. крытэрыяў якасці паветра належаць гранічна дапушчальныя канцэнтрацыі для населеных месцаў (стандарты якасці паветра). Для аздараўлення павет. басейна ўдасканальваюць тэхналогіі вытв. працэсаў, спосабы газаачысткі, пыла- і попелаўлоўнікаў, герметызацыю абсталявання, удасканальваюць спосабы спальвання паліва, цвёрдае і вадкае паліва замяняюць прыродным газам, ствараюць больш дасканалыя трансп. рухавікі і інш. Барацьба з З.а. — вядучая задача аховы атмасферы.

Я.В.Малашэвіч.

т. 6, с. 490