ГУ́ДЗЕВІЧЫ,
вёска ў Мастоўскім р-не Гродзенскай вобл. на р. Верацейка. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 38 км на З ад Мастоў, 60 км ад Гродна, 30 км ад чыг. ст. Рось. 662 ж., 196 двароў (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Гудзевіцкі краязнаўчы музей. Царква.
т. 5, с. 520
ГУ́ДЗІЙ Мікалай Калінікавіч
(3.5.1887, г. Магілёў-Падольскі, Украіна — 29.10.1965),
рускі і ўкр. гісторык л-ры. Акад. АН УССР (1945). Скончыў Кіеўскі ун-т (1911). З 1922 праф. Маскоўскага ун-та. Кіраваў аддз. стараж.-рус. л-ры ў Ін-це сусв. л-ры АН СССР (1938—47), аддз. рус. л-ры (1945—52) і аддз. стараж. укр. л-ры (1952—61) у Ін-це л-ры АН УССР. Даследаваў стараж.-рус. л-ру («Слова пра паход Ігаравы», публіцыстыка 16 ст., творы Авакума), рус. і ўкр. л-ру 18 — пач. 20 ст. (Ф.Пракаповіч, М.Ламаносаў, А.Пушкін, М.Гогаль, Л.Талстой, В.Брусаў, Т.Шаўчэнка, І.Франко і інш.), а таксама пытанні тэксталогіі.
Тв.:
Пушкин. Киев, 1949;
Лев Толстой. 3 изд. М., 1960;
Хрестоматия по древней русской литературе XI—XVII вв. 7 изд. М., 1962;
История древней русской литературы. 7 изд. М., 1966;
Литература Киевской Руси и украинского-русское литературное единение XVII—XVIII вв. Киев, 1989.
т. 5, с. 520
ГУДЗІ́МАЎ Сцяпан Мітрафанавіч
(7.11.1913, с. Ягаднае Валгаградскай вобл., Расія — 22.6.1941),
лётчык-знішчальнік, які ў Вял. Айч. вайну адзін з першых тараніў варожы самалёт. З 1934 у Чырв. Арміі, з 1938 служыў у Беларусі. Штурман эскадрыллі знішчальнага авіяпалка лейтэнант Гудзімаў у баі каля г. Пружаны збіў 2 варожыя бамбардзіроўшчыкі, адзін з іх тараніў. Загінуў у гэтым баі. У Пружанах яму пастаўлены помнік.
т. 5, с. 520
ГУДЗО́Н,
Хадсан (Hudson), рака на У ЗША. Даўж. 520 км, пл. басейна каля 35 тыс. км². Пачынаецца з ледавіковых азёр гор Адырондак, цячэ ў Апалачах, у глыбокай даліне з шматлікімі парогамі і вадаспадамі; упадае ў бухту Лоўэр-Бей Атлантычнага ак.; утварае эстуарый глыб. ад 3,5 м да 14 м. Падводная даліна, т.зв. Каньён Гудзона, працягваецца ў глыб. акіяна на 200—250 км. Марскія прылівы на 240 км ад вусця да плаціны г. Трой. Жыўленне снега-дажджавое. Макс. веснавое разводдзе ў сак.—красавіку. Сцёк зарэгуляваны плацінамі. Сярэдні расход вады каля 630 м³/с. Суднаходства ад г. Трой. Суднаходнымі каналамі злучана з азёрамі Эры (канал Эры), Антарыо і Шамплейн (водны шлях да р. Св. Лаўрэнція). У бас. Гудзона буйныя ГЭС (Шэрман-Айленд, Спайр-Фолс і інш.). На Гудзоне гарады Трой, Олбані, Хадсан, Кінгстан, Пакіпсі, у вусці — г. Нью-Йорк. Названа ў гонар англ. мараплаўца Г.Гудзона, які адкрыў у 1609 вусце ракі.
т. 5, с. 520
ГУДЗО́Н,
Хадсан (Hudson) Генры (каля 1550, Вялікабрытанія — 1611), англійскі мараплавец. У пошуках паўн. марскога шляху з Атлантычнага ак. ў Ціхі здзейсніў 4 плаванні ў арктычных морах, арганізаваныя лонданскімі і амстэрдамскімі купцамі, якія шукалі новыя шляхі ў Кітай і Індыю. У 1607 імкнуўся прайсці ў Ціхі ак. праз Паўн. полюс, падняўся да 80°23 паўн. ш., адкрыў в-аў Ян-Маен. У 1608 няўдала спрабаваў знайсці праход паміж а-вамі Шпіцберген і Новая Зямля. У 1609 накіраваўся ў Баранцава м., а адтуль да берагоў Паўн. Амерыкі для пошукаў Паўн.-Зах. праходу, абследаваў частку ўзбярэжжа мацерыка, адкрыў вусце ракі (пазней названа яго імем) і падняўся па ёй на 250 км. У 1610 прайшоў на З пралівам паміж Лабрадорам і Бафінава Зямлёй і адкрыў вял. заліў (пазней названы яго імем). У яго паўд. ч. (зал. Джэймс) карабель Гудзона зазімаваў. У чэрв. 1611 на зваротным шляху каманда ўзбунтавалася. Гудзон з сынам і 7 маракамі былі высаджаны з карабля ў шлюпку і прапалі без вестак.
т. 5, с. 520
ГУДЗО́НАЎ ЗАЛІ́Ў
(Hudson Bay),
заліў Паўн. Ледавітага ак., глыбока ўрэзаны з Пн у тэр. Канады. На У Гудзонавым пралівам злучаецца з Атлантычным ак., на Пн — сістэмай канадскіх праліваў з Паўн. Ледавітым ак. Пл. 848 тыс. км². Глыб. да 258 м. На Пд утварае зал. Джэймс. Мае цыкланальны кругаварот цячэнняў. Т-ра вады на паверхні зімой ніжэй за 0 °C, летам (у жн.) ад 3 °C на Пн да 9 °C на Пд. З кастр. да ліп. ўкрыты льдамі. Прылівы паўсутачныя (да 7,9 м). Рыбалоўства (траска, селядзец, камбала); промысел цюленяў. Гал. парты — Чэрчыл, Порт-Нельсан. Адкрыты Г.Гудзонам.
т. 5, с. 520
ГУДЗО́НАЎ ПРАЛІ́Ў
(Hudson Strait),
праліў паміж п-вам Лабрадор і в-ам Бафінава Зямля (Паўн. Амерыка). Злучае Гудзонаў зал. з Атлантычным ак. Даўж. каля 806 км, шыр. 115—407 км, глыб. на фарватэры 141—988 м. Каля 8 месяцаў за год укрыты дрэйфуючымі льдамі. Названы ў гонар Г.Гудзона.
т. 5, с. 520
ГУ́ДМЕН
(Goodman) Бені (Бенджамін Дэйвід; 30.5.1909, г. Чыкага, ЗША — 13.6.1986, амерыканскі джазавы віртуоз-кларнетыст, кампазітар, кіраўнік джаз-аркестра. З 1921 выступаў з рознымі (з 1934 з уласным) джазавымі калектывамі; адзін з першых практыкаваў сумеснае музіцыраванне неграў і белых. Адзін з заснавальнікаў стылю свінг (празваны «каралём свінгу»),
выпрацаваў індывід. віртуозна-імправізацыйны стыль ігры на кларнеце. Вядомы і як выканаўца акад. музыкі (у т. л. канцэрта В.А.Моцарта, а таксама прысвечаных Гудмену твораў для кларнета Б.Бартака, А.Копленда, П.Хіндэміта, І.Стравінскага, Д.Міё і інш.). Аўтар камерных джазавых твораў.
т. 5, с. 521
ГУДО́Н,
Удон (Houdon) Жан Антуан (20.3.1741, г. Версаль, Францыя — 15.7.1828), французскі скульптар; адзін з буйных майстроў еўрап. скульптурнага партрэта 18 ст. Вучыўся ў Ж.Б.Пігаля. У 1764—68 пенсіянер Франц. акадэміі ў Рыме. У 1805—23 выкладаў у парыжскай Школе прыгожых мастацтваў. Надаючы вял. значэнне анатоміі як аснове скульптуры, выканаў анат. Фігуру «Экаршэ» (1767), якая стала навуч. дапаможнікам многім пакаленням скульптараў. Стварыў галерэю вобразаў вядомых гіст. асоб: бюсты Кацярыны II (1773), Ж.Ж.Русо (1778), А.Г.Мірабо (1791), Напалеона І (1806), помнік Дж.Вашынгтону (1778), бюст (1778) і статую (1781) Вальтэра і інш. Натуральнай прастатой і лірычнасцю вызначаюцца жаночыя і дзіцячыя партрэты («Партрэт жонкі», 1787).
Літ.:
Арнасон Г.Г. Скульптура Гудона: Пер. с англ. М., 1982.
т. 5, с. 521
ГУДРАНА́ТАР,
машына для транспартавання і раўнамернага размеркавання вадкіх вяжучых матэрыялаў на аснове гудрону (пераважна бітумаў) пры буд-ве і рамонце дарог. Мае цеплаізаляваную цыстэрну, награвальную і цыркуляцыйна-размеркавальную сістэмы, помпу. Бітум у гудранатары награецца да 150—200 °C, потым разліваецца. Найб. пашыраны самаходныя гудранатары (аўтагудранатары) з цыстэрнай ёмістасцю да 7 тыс. л. Бываюць таксама прычапныя, паўпрычапныя і ручныя (для рамонту дарожных пакрыццяў).
т. 5, с. 521