Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВУЛКАНІ́ЧНАЯ СЬЕ́РА, Ціхаакіянская Кардыльера,

ланцуг вулканічных конусаў, які цягнецца ўздоўж Ціхаакіянскага ўзбярэжжа Цэнтр. Амерыкі. Дзеючыя вулканы: Тахумулька (4217 м) у Гватэмале (найвыш. пункт Цэнтр. Амерыкі), Санта-Ана, Ісалька (Сальвадор), Ірасу (Коста-Рыка) і інш.

т. 4, с. 292

ВУЛКАНІ́ЧНЫЯ АЗЁРЫ,

размяшчаюцца ў кратэрах патухлых вулканаў, у варонках узрыву, кальдэрах, паніжэннях лававых палёў, а таксама запруджаныя лавай. Ёсць на Курыльскіх а-вах, Камчатцы, у Закаўказзі і інш.

т. 4, с. 293

ВУЛКАНІ́ЧНЫЯ АСТРАВЫ́,

астравы, якія ўтварыліся ў выніку вулканічнай дзейнасці на дне мора (напр., Гавайскія, а-вы Узнясення, Стромбалі і інш.).

т. 4, с. 293

ВУЛКАНІ́ЧНЫЯ БО́МБЫ,

застылыя кавалкі лавы, выкінутыя пры выбуховых вывяржэннях вулканаў. У залежнасці ад тыпу лавы пры застыванні набываюць формы аладкападобную (вадкія лавы), вітую, верацёнападобную, грушападобную і інш. (малавязкія) і круглаватую ці шматгранную (вязкія лавы); папярочнік іх да 7 м.

т. 4, с. 293

ВУЛКАНІ́ЧНЫЯ ГА́ЗЫ,

газы, якія выдзяляюцца вулканамі ў час вывяржэння (эруптыўныя) і спакойнай дзейнасці (фумарольныя). У іх уваходзяць пара вады (больш за 90% аб’ёму), дыаксіды вугляроду і серы, аксід вугляроду, метан, вадарод, азот, сера, фторысты і хлорысты вадарод і інш. Эруптыўныя вулканічныя газы выходзяць з кратэра, трэшчын, паверхні магмы, фумарольныя — з паверхні фумарольных палёў і застылай лавы. Праходзячы праз падземныя воды, награюць іх, утвараюцца гарачыя крыніцы (гл. Гейзеры).

т. 4, с. 293

ВУЛКАНІ́ЧНЫЯ ГО́РНЫЯ ПАРО́ДЫ, вулканіты,

горныя пароды, якія ўтварыліся ў выніку вывяржэння вулканаў. Падзяляюць на вылітыя, або эфузіўныя горныя пароды (базальты, андэзіты, трахіты, ліпарыты, дыябазы і інш.) і вулканагенна-абломкавыя, або піракластычныя пароды (туфы, туфабрэкчыі, вулканічныя бомбы, попел, пясок і інш.), якія розняцца хім. саставам, структурна-тэкстурнымі асаблівасцямі, ступенню захаванасці рэчыва. Глыбока змененыя, больш старажытныя, эфузіўныя пароды называюць палеатыпнымі, а нязмененыя — кайнатыпнымі. Выкарыстоўваюцца як буд. і абліцовачны матэрыял, у керамічнай і цэментнай прам-сці. На Беларусі вядомыя ў дакембрыі (звычайна змененыя другаснымі працэсамі), у верхнім пратэразоі (андэзіты, дацыты, базальты, туфы і інш.) і дэвоне (трахіты, базальты, нефелініты, сіеніт-парфіры, туфы і інш.).

У.Я.Бардон.

т. 4, с. 293

ВУЛКАНІ́ЧНЫЯ ГО́РЫ,

ізаляваныя горы і хрыбты, якія ўтварыліся ў выніку вулканічных вывяржэнняў. Напр., вулканічны хрыбет ва Усх. Карпатах, а таксама вулканічныя нагор’і (Армянскае нагор’е); могуць утвараць горныя краіны (Камчатка).

т. 4, с. 293

ВУЛКАНІ́ЧНЫ ЗАЛІ́Ў,

гл. Уціура.

т. 4, с. 293

ВУЛКАНІ́ЧНЫ ПО́ПЕЛ,

вулканічны пыл і пясок (часцінкі 0,1—2 мм), якія ўтвараюцца пры вывяржэнні вулканаў у выніку раздраблення вадкай ці цвёрдай лавы выбухам. Могуць быць абломкі горных парод і мінералаў, што складаюць вулкан (вулканічныя бомбы). Разносіцца ветрам на сотні і тысячы кіламетраў, зрэдку па ўсім зямным шары (вывяржэнне вулкана Кракатаў у Інданезіі ў 1883), можа цалкам засыпаць бліжэйшыя да вулкана населеныя пункты. Уваходзіць у склад вулканакластычнага матэрыялу і вулканічных горных парод.

т. 4, с. 293

ВУЛКАНІ́ЧНЫ ТУФ,

гл. Туф вулканічны.

т. 4, с. 293