Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВЕ́ЙМАРСКАЯ РЭСПУ́БЛІКА,

парламенцкая дэмакр. рэспубліка ў Германіі ў 1919—33. Узнікла ў выніку Лістападаўскай рэвалюцыі 1918. Юрыдычна аформлена Устаноўчым сходам у г. Веймар (6.2.1919—21.5.1920). У гістарыяграфіі ФРГ неафіцыйна наз. 1-й Герм. рэспублікай (2-й рэспублікай лічыцца ФРГ). Дзейнічала канстытуцыя 31.7.1919, паводле якой абвяшчаліся дэмакр. свабоды, усеагульнае выбарчае права, надзяляўся вял. паўнамоцтвамі прэзідэнт краіны, прадстаўніцтва партый у парламенце (рэйхстагу) было прапарцыянальна атрыманым галасам выбаршчыкаў, захаваліся традыцыі федэралізму (дзяржава складалася з аўтаномных 15 рэспублік-зямель і 3 вольных гарадоў), парламент быў двухпалатны — ніжняя палата (рэйхстаг) выбіралася ўсеагульна, верхняя (рэйхсрат) складалася з прадстаўнікоў урадаў зямель. У эканоміцы захоўвалася панаванне буйных землеўладальнікаў, прамыслоўцаў і банкіраў. Кіраўнічыя колы, вымушаныя пад націскам працоўных пагадзіцца з дэмакр. канстытуцыяй, на справе не прынялі парламенцкую дэмакратыю. У жыцці краіны пераважалі правыя і рэакц. тэндэнцыі. Левыя сілы (сацыял-дэмакраты і камуністы), канфліктуючы паміж сабой, не здолелі абараніць парламенцкую дэмакратыю. Схільнасць лібералаў да кансерватызму і рэакцыі садзейнічала пашырэнню ўплыву нацыянал-сацыялісцкай партыі, якая пасля прыходу да ўлады (1933) знішчыла Веймарскую рэспубліку.

Літ.:

Руге В. Германия в 1917—1933 гг.: От Вел. От Вел. Окт. соц. революции до конца Веймарской республики: Пер. с нем. М., 1974;

Драбкин Я.С. Становление Веймарской республики. М., 1978;

Mocht und Ohnmacht der Weimarer Republik. Berlin, 1990.

М.Г.Елісееў.

т. 4, с. 61

ВЕ́ЙМУТАВА ХВО́Я,

гл. ў арт. Хвоя.

т. 4, с. 61

ВЕЙН

(Vane) Джон Роберт (н. 29.3.1927, Тардэбіг, графства Херэфард-энд-Вустэр. Вялікабрытанія),

англійскі фармаколаг. Чл. Амер. акадэміі навук і мастацтваў. Д-р філасофіі (1953). Скончыў ун-т у Бірмінгеме (1946). З 1946 у Оксфардзе, з 1953 у Іельскім ун-це, з 1955 у Ін-це фундаментальных мед. даследаванняў пры Каралеўскім каледжы хірургаў, з 1973 дырэктар аддзела даследаванняў і развіцця Фонду Уілкама ў Лондане. Навук. працы па вылучэнні простагландзінаў і вывучэнні іх хіміі і біяхіміі. Нобелеўская прэмія 1982 (разам з С.Бергстрамам і Б.Самуэльсанам).

т. 4, с. 61

ВЕ́ЙНА,

вёска ў Беларусі, у Магілёўскім р-не. Цэнтр сельсавета і аграгандлёвай фірмы «Вейна». За 10 км на ПдУ ад г. Магілёў, 13 км ад чыг. ст. Магілёў-1. 1544 ж., 555 двароў (1996). Фабрыка па вытв-сці напітку пепсі-кола «Вейнаўская крыніца». Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Вейнаўская Пакроўская царква.

т. 4, с. 61

ВЕ́ЙНАЎСКАЯ ПАКРО́ЎСКАЯ ЦАРКВА́,

помнік архітэктуры позняга класіцызму. Пабудавана ў 1-й пал. 19 ст. ў в. Вейна (Магілёўскі р-н). Цэнтрычны, у плане блізкі да квадрата будынак са скругленымі вугламі. У сілуэце дамінуе цыліндрычны барабан са сферычным купалам. Вуглавыя часткі гал. фасада завершаны круглымі вежамі з купальнымі пакрыццямі. Бакавыя ўваходы вылучаны рызалітамі, завершанымі трохвугольнымі франтонамі. У інтэр’еры фрэскавая размалёўка ў стылі класіцызму, выявы 4 евангелістаў і 4 шматфігурныя кампазіцыі на біблейскія сюжэты. Размаляваны таксама скляпенні і сцены апсіды.

т. 4, с. 62

ВЕ́ЙНГАРТНЕР,

Вайнгартнер (Weingartner) Фелікс Паўль фон (2.6.1863, г. Задар, Харватыя — 7.5.1942), аўстра-нямецкі дырыжор, кампазітар, муз. пісьменнік. Вучыўся ў г. Грац (Аўстрыя), у Лейпцыгскай кансерваторыі (1881—93). Працаваў оперным і канцэртным дырыжорам у ням. гарадах. У 1908—11 і 1935—36 дырэктар і гал. дырыжор Венскай оперы, у 1919—24 — т-ра «Фольксопер». Адзін з буйнейшых прадстаўнікоў аўстра-ням. дырыжорскай школы. Тонкі інтэрпрэтатар твораў Л.Бетховена, Р.Вагнера, Г.Берліёза, А.Барадзіна, П.Чайкоўскага. Сярод яго твораў 9 опер, 7 сімфоній, 3 сімф. паэмы, інстр. і харавыя творы.

Тв.:

Рус. пер. — О дирижировании. Л., 1927;

Исполнение классических симфоний: Советы дирижерам. Т. 1. М., 1965.

т. 4, с. 62

ВЕ́ЙНІК Альберт Віктар Іазефавіч

(н. 3.10.1919, г. Ташкент — 24.11.1996),

бел. вучоны ў галіне цеплафізікі. Чл.-кар. АН Беларусі (1956), д-р тэхн. н. (1953), праф. (1995). Скончыў Маскоўскі авіяц. тэхнал. ін-т (1944). З 1956 у Ін-це энергетыкі, з 1958 у Фізіка-тэхн. ін-це АН Беларусі. Адначасова ў 1957—69 у БПІ. Навук. працы па цеплавой тэорыі ліцейных працэсаў. Распрацаваў абагульненую тэрмадынамічную тэорыю, якая аб’ядноўвае класічную тэрмадынаміку, тэрмадынаміку неабарачальных працэсаў, цепла- і масаабмен і інш.

Тв.:

Расчет отливки. М., 1964;

Термодинамика. 3 изд. Мн., 1968;

Термодинамическая пара. Мн., 1973.

М.У.Токараў.

т. 4, с. 62

ВЕ́ЙНКА,

Падвейка, рака ў Беларусі, у Лагойскім р-не Мінскай вобл., правы прыток Дзвінасы (бас. Віліі). Даўж. 20 км. Пл. вадазбору 98 км². Пачынаецца за 1 км на Пд ад в. Роўнядзь, цячэ па паўн. схілах Мінскага ўзвышша. Ад вытоку амаль да в. Пячное цячэ праз лес, далей да вусця (9,4 км) каналізаваная.

т. 4, с. 62

ВЕЙНЯРО́ВІЧ Іосіф Навумавіч

(н. 28.11.1909, Мінск),

бел. кінааператар і рэжысёр. Нар. арт. Беларусі (1973). Скончыў Дзярж. ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1934). З 1926 аператар кінахронікі, у 1946—90 рэжысёр-аператар кінастудыі «Беларусьфільм». У Вял. Айч. вайну здымаў франтавую і партыз. хроніку (Дзярж. прэмія СССР 1943), якая ўвайшла ў фільмы «Наша Масква» (1941), «Дзень вайны» (1942), «Народныя мсціўцы» (1943), «Вызваленне Савецкай Беларусі» (1944), выкарыстана ў кінаэпапеі «Вялікая Айчынная» (1979). Рэж.-аператар фільмаў: «Балада пра маці» (1965), «Генерал Пушча» (1967, Дзярж. прэмія Беларусі 1968), «Права на бессмяротнасць» (1976), «На трывожных скрыжаваннях» (1980); рэжысёр фільмаў: «Пра маці можна расказваць бясконца», «Магілёў. Дні і ночы мужнасці» (абодва 1975), «Неўміручы подзвіг Мінска» (1978), «Добрага вам здароўя» (1981) і інш.

Літ.:

Бондарева Е.Л. В кадре и за кадром. Мн., 1973.

Р.З.Ясінскі.

т. 4, с. 62

ВЕЙС

(Weiss) Войцех (4.5.1875, г. Леорда, Румынія — 7.12.1950),

польскі жывапісец і графік. Вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у Кракаве (1892—99) у Я.Матэйкі, Л.Вычулкоўскага; выкладаў там жа (з 1910 праф.). Паслядоўнік рэаліст. традыцый 19 ст., выкарыстоўваў асобныя прыёмы імпрэсіянізму. Пісаў партрэты, жанравыя карціны, пейзажы («Аўтапартрэт з маскамі», 1900, «Дэман», 1904, партрэт Эміліі Фларковай, 1916—17; «Амур», «Венера», 1919; «Мадысткі», 1922; «Сям’я пад арэхам», 1933, і інш.). Стварыў сімвалічную, амаль манахромную кампазіцыю «Маніфест» (1950).

Літ.:

Juszczak W. Młody Weiss. Warszawa, 1979.

І.М.Марціновіч.

т. 4, с. 62