Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МАЛА́ЙСКІ АРХІПЕЛА́Г,

найбуйнейшая група астравоў на Зямлі паміж Азіяй і Аўстраліяй. На М.а. тэр. Інданезіі, Малайзіі, Філіпін, Брунея, Усх. Тымора. Каля 10 тыс. астравоў, агульнай пл. больш за 2 млн. км². Уключае Вялікія Зондскія астравы, Малыя Зондскія астравы, Філіпінскія астравы, Малукскія астравы і інш. Найб. а-вы Калімантан, Суматра, Сулавесі, Ява. Пераважаюць сярэдневышынныя і нізкія горы выш. да 4101 м (г. Кінабалу на в-ве Калімантан). Ёсць узгорыстыя раўніны і нізіны, складзеныя з алювіяльных і марскіх адкладаў. Горы познакайназойскай і сучаснай складкавасці. Складзены пераважна з неагенавых абломкавых тоўшчаў, прарваных гранітнымі інтрузіямі (на в-ве Калімантан — з палеазойскіх парод). Каля 400 вулканаў, у т. л. больш за 100 дзеючых (найб. вядомы вулкан Кракатаў). Радовішчы волава, нафты, газу, баксітаў, медных, нікелевых, жал., марганцавых руд і інш. Клімат экватарыяльны і субэкватарыяльны. На раўнінах т-ры на працягу года 23—26 °C, ападкаў 2000—4000 мм; у гарах т-ры 15—17 °C, ападкаў больш за 5000 мм за год. Рэкі кароткія, мнагаводныя. 65% тэрыторыі ўкрыта вільготнымі трапічнымі лясамі, якія з’яўляюцца найстараж. лясной фармацыяй Зямлі. Характэрны высокі эндэмізм і велізарная відавая разнастайнасць флоры і фауны. У субэкватарыяльным поясе ўчасткі саваннаў. У гарах вышынная пояснасць. Трапічнае земляробства: на схілах узгоркаў вырошчваюць рыс, батат, земляны арэх, кукурузу; на нізінах — плантацыі гевеі, хіннага, кававага, гваздзіковага, кардамонавага дрэў і інш. Рыбалоўства.

М.В.Лаўрыновіч.

Герб і сцяг Малайзіі.
Да арт. Малайзія. Ансамбль урадавых будынкаў у г. Куала-Лумпур.
Да арт. Малайзія Музей культуры г. Малака.
Да арт. Малайзія Музей культуры г. Куала-Лумпур.
Да арт. Малайзія. Панарама г. Куала-Лумпур.
Да арт. Малайзія. Будынак парламента ў г. Куала-Лумпур.

т. 10, с. 7

МАЛА́КА (Malacca),

паўвостраў на ПдУ Азіі, паўд. частка п-ва Індакітай. Паўн. частка М. належыць Тайланду, паўд. — Малайзіі (Зах. Малайзія). Пл. каля 190 тыс. км², даўж. (на Пд ад перашыйка Кра) 1300 км. Абмываецца на З Андаманскім м. і Малакскім прал., на УПаўд.-Кітайскім м. і яго Сіямскім зал. У цэнтр. частцы М. нізкія і сярэдневышынныя горы выш. да 2190 м (г. Тахан), расчлянёныя на асобныя масівы з пакатымі вяршынямі і стромкімі схіламі. На ўзбярэжжы забалочаныя нізіны. Складзены з палеазойскай тэрыгенна-карбанатнай тоўшчы з праслоямі вулканітаў. Горы ўтвораны з мезазойскіх тэрыгенных адкладаў з гарызонтамі кіслых вулканітаў. Кайназойскія адклады запоўнілі ўпадзіны. Радовішчы волава, вальфраму, баксітаў, золата, каменнага вугалю і інш. Клімат на Пн субэкватарыяльны, мусонны, на Пд — экватарыяльны. На раўнінах сярэднямесячныя т-ры круглы год 25—27 °C, ападкаў 1500—2000 мм, у гарах больш за 4000 мм за год. Рачная сетка густая, рэкі кароткія, мнагаводныя. Каля 70% тэрыторыі ўкрыта густым трапічным лесам, пераважна вільготным, вечназялёным, з багатай флорай і фаунай; на ўзбярэжжах — участкі мангравых лясоў. Плантацыі рысу, каўчуканосаў, какосавай пальмы. На М. сталіца Малайзіі — г. Куала-Лумпур.

М.В.Лаўрыновіч.

т. 10, с. 8

МАЛА́КА (Malacca),

горад і порт у Малайзіі, на паўд.-зах. узбярэжжы п-ва Малака. Адм. ц. штата Малака. Засн. ў 1402. Каля 120 тыс. ж. (1997), пераважна кітайцы. Трансп. вузел. Аэрапорт. Цэнтр с.-г. раёна (пераважае каўчукаводства). Прам-сць: буд. матэрыялаў, тэкст., алейная, гумавая, машынабудаўнічая. ЦЭС. Культ. і гіст. цэнтр. Дзярж. музей. Арх. помнікі калан. перыяду (17—18 ст.). Кіт. могілкі з пахаваннямі часоў дынастыі Мін.

т. 10, с. 8

МАЛАКАЛО́ГІЯ (ад грэч. malakion малюск + ...логія),

раздзел заалогіі, які вывучае малюскаў. Асновы М. закладзены ў канцы 18 — пач. 19 ст. Ж.Кюўе вылучыў у асобную групу галаваногіх малюскаў (1797), англ. заолаг Р.Оўэн распрацаваў класіфікацыю малюскаў (1836) і выдаў манаграфію па групе наўтылусаў. Далейшае вывучэнне малюскаў канцэнтравалася пераважна ў Вялікабрытаніі, Германіі, Францыі і інш. На Беларусі працы па М. вядомы з канца 19 — пач. 20 ст., апісана малакафауна рэгіёнаў — Белавежскай пушчы, Кобрынскага, Мазырскага, Пінскага паветаў і Гродзенскай губ., воз. Свіцязь. Сучасныя пытанні М. вывучаюцца ў БДУ, БелНДІ эксперым. ветэрынарыі, Ін-це заалогіі Нац. АН Беларусі.

А.М.Петрыкаў.

т. 10, с. 8

МАЛАКАМПЛЕ́КТНАЯ ШКО́ЛА,

школа з малой колькасцю вучняў, магчымай адсутнасцю ў структуры адной або некалькіх вучэбных паралелей, наяўнасцю класаў-камплектаў (гл. Аднакамплектная школа) і шматпрадметнасцю ў дзейнасці настаўніка. Арганізуюцца ў невял. нас. пунктах, пераважна ў сельскай мясцовасці. Пашыраны ў многіх краінах. Можа быць базавай (1—9-ы класы) і агульнаадук. сярэдняй (1—12-ы класы). Арг-цыя навуч.-выхаваўчага працэсу ў малаколькасных класах і класах-камплектах арыентавана на групавое і індывідуальнае навучанне. На Беларусі асн. мэты дзейнасці М.ш. вызначаюцца Прыкладным палажэннем аб агульнаадукацыйнай сярэдняй школе (1993). У 1998/99 навуч. г. каля 3450 М.ш.; колькасць іх штогод скарачаецца.

В.М.Салдатава.

т. 10, с. 8

МАЛАКА́Н,

кветкавая расліна, тое, што латук.

т. 10, с. 8

МАЛАКА́НЕ,

адна з плыней у духоўным хрысціянстве, якая сфарміравалася ў канцы 18 ст. ў Расіі. Падзяляюцца на шэраг асобных кірункаў. Заснавальнікам лічыцца селянін з Тамбоўшчыны Сямён Уклеін. М. адмаўляюць царк. іерархію, абразы, абрадавую сістэму, лічаць, што Бог-Бацька вышэй за Бога-Сына і Бога Духа-Святога. Ідэя ўратавання тлумачыцца ў агульнапратэстанцкім сэнсе, не з дапамогай царквы, а асабістай верай. Біблію М. ўспрымаюць адвольна, як «духоўнае млека». Крыніцай веравызнання з’яўляецца кніга «Догматы малакан», змест якой складаюць хіліястычнае вучэнне і прароцтвы аб другім прышэсці Хрыста. Часткай культу з’яўляюцца пасты; «духоўныя» пасты патрабуюць устрымання ад зла (курэння, п’янства, весялосці і інш.), а «цялесныя» — ад ежы і вадкасці. М.-суботнікі не ўжываюць мяса, хрышчэнне ў М. «духоўнае». Сац. асновай М. заўсёды былі сяляне (раней аднадворцы і адыходнікі), а кіраўнікамі выбіраліся заможныя вяскоўцы, гандляры, прамыслоўцы і рамеснікі. У цяперашні час засталіся невял. групы М. у Закаўказзі, на Украіне, Стаўрапольскім краі, Тамбоўскай вобл., куды яны былі высланы або перасяляліся ў час праследаванняў з боку ўрада Расіі ў 19 ст.

Літ.:

Клибанов А.И. История религиозного сектантства в России. М., 1965;

Малахова И.А. Духовные христиане. М., 1970.

А.А.Цітавец.

т. 10, с. 8

МАЛАКО́,

сакраторная вадкасць малочных залоз млекакормячых жывёл і чалавека, фізіялагічна прызначаная для выкормлівання дзіцянят. Выпрацоўваецца ў перыяд лактацыі. Змяшчае большасць элементаў, неабходных для нармальнага росту і развіцця арганізма, аховы яго ад захворванняў, у збалансаваным, аптымальным для засваення стане. Склад М. залежыць ад віду, пароды, узросту жывёл, стадыі лактацыі, сезона года і інш. Асн. кампаненты М.: вада, бялкі (казеін, лактаглабулін, лактальбумін), тлушчы (гліцэрыны), малочны цукар (лактоза), мінер. рэчывы (калій, кальцый, магній, натрый, фосфар і інш. макра- і мікраэлементы), большасць вядомых вітамінаў, імунаглабуліны. Некаторыя з іх (казеін, лактоза) у інш. прыродных прадуктах адсутнічаюць. У невял. колькасцях у М. ёсць свабодныя амінакіслоты, інш. азоцістыя злучэнні (ацэтылхалін, крэацін і інш.), тлушчападобныя рэчывы (лецыціны, халестэрын, эргастэрын і інш.), свабодныя тлустыя к-ты, ферменты (лактаза, ліпаза, пераксідаза, пратэіназа і інш.), гармоны (аксітацын, інсулін, пралакцін і інш.), пігменты, газы (вуглякіслы газ, кісларод, вадарод, аміяк), мікраарганізмы; у сырадоі — антыбактэрыяльныя рэчывы (лактэніны). М. многіх с.-г. жывёл — каштоўны харч. прадукт, сыравіна для вытв-сці разнастайных малочных прадуктаў. Найб. шырока выкарыстоўваецца каровіна М., якое змяшчае ў сярэднім вады 87%, тлушчу 3,9, бялку 3,2 (казеіну 2,7), малочнага цукру 4,7, мінер. рэчываў 0,7%; мае энергет. каштоўнасць 690 ккал/кг.

Л.Л.Галубкова.

т. 10, с. 8

МАЛАКО́ВІЧ (Марына Фядосьеўна) (1903, в. Зубарэвічы Глускага р-на Магілёўскай вобл.жн. 1943),

адна з арганізатараў Мінскага патрыятычнага падполля, кіраўнік Каладзішчанскага патрыятычнага падполля ў Вял. Айч. вайну. Скончыла акадэмію камуніст. выхавання імя Крупскай (1932). З 1924 на камсам. рабоце ў Глускім, Жлобінскім, Бабруйскім р-нах, працавала ў Ін-це сав. права, Ін-це гісторыі партыі пры ЦК КП(б)Б, БПІ. У час ням.-фаш. акупацыі стварыла падп. групу з б. студэнтаў і выкладчыкаў Мінскага юрыд. ін-та, узначальвала падполле ў пас. Калодзішчы Мінскага р-на. У час падрыхтоўкі дыверсіі схоплена акупантамі і закатавана.

М.Ф.Малаковіч.

т. 10, с. 8

МАЛАКО́ВІЧ (Пракоп Дзянісавіч) (20.7.1895, в. Зубарэвічы Глускага р-на Магілёўскай вобл. — 26.9.1937),

дзяржаўны дзеяч БССР. Удзельнік 1-й сусв.

вайны. У 1917 старшыня палкавога к-та. Удзельнічаў у ліквідацыі мяцяжу Ю.Р.Доўбар-Мусніцкага ў Бабруйскім пав., у барацьбе з ням. акупантамі. У 1918—20 ваен. камісар Бабруйскага, Дарагабужскага пав., ваен. камісар сувязі Зах. фронту. З 1920 старшыня Бабруйскага пав. выканкома, з 1922 нарком унутр. спраў БССР, з 1923 старшыня Амурскага губ. рэўкома, выканкома. З 1927 старшыня Гомельскага акр. выканкома, з 1928 сакратар Гомельскага акр. к-та КП(б)Б. З 1931 у Наркамаце сувязі СССР. Чл. ЦВК БССР у 1920—23 і 1927—31, канд. у чл. яго Прэзідыума ў 1927—29. Чл. ЦБ КП(б)Б у 1922—23 і ЦК КП(б)Б у 1927—30, канд. у чл. Бюро ў 1928 і чл. Бюро ЦК КП(б)Б у 1929—30.

т. 10, с. 8