МАЛАКАЛО́ГІЯ (ад грэч. malakion малюск + ...логія),

раздзел заалогіі, які вывучае малюскаў. Асновы М. закладзены ў канцы 18 — пач. 19 ст. Ж.Кюўе вылучыў у асобную групу галаваногіх малюскаў (1797), англ. заолаг Р.Оўэн распрацаваў класіфікацыю малюскаў (1836) і выдаў манаграфію па групе наўтылусаў. Далейшае вывучэнне малюскаў канцэнтравалася пераважна ў Вялікабрытаніі, Германіі, Францыі і інш. На Беларусі працы па М. вядомы з канца 19 — пач. 20 ст., апісана малакафауна рэгіёнаў — Белавежскай пушчы, Кобрынскага, Мазырскага, Пінскага паветаў і Гродзенскай губ., воз. Свіцязь. Сучасныя пытанні М. вывучаюцца ў БДУ, БелНДІ эксперым. ветэрынарыі, Ін-це заалогіі Нац. АН Беларусі.

А.М.Петрыкаў.

т. 10, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)