ТРАНЗІ́ЦЫЯ (ад лац. transitio пераход, перамяшчэнне) у генетыцы, мутацыя, абумоўленая заменай азоцістай асновы ў малекуле нуклеінавай к-ты. Пры Т. адна пурынавая аснова замяняецца на другую (адэнін на гуанін, ці наадварот), або адна пірымідзінавая аснова на другую (тымін на цытазін ці наадварот). Адносіцца да генных мутацый, якія прыводзяць да змены сэнсу кадона і парушэнняў счытвання інфармацыі ў ланцужку ДНК. Часам Т. фенатыпічна не праяўляецца за кошт лішку генет. кода (адну амінакіслату кадзіруюць некалькі кадонаў).
Р.Г.Заяц.
т. 15, с. 505
ТРАНКВІЛІЗА́ТАРЫ (ад лац. tranquillo супакойваю),
лекавыя сродкі, якія ўплываюць на тармажэнне ў ц. н. с.; група псіхатропных сродкаў. Найб. ужываюцца хім. рэчывы, вытворныя бензадыязепіну — хлозепід (эленіум), сібазон (седуксен, рэланіум), феназепам, назепам (тазепам), ксанакс і інш. Памяншаюць пачуццё страху, трывогі, псіхаэмацыянальнага напружання і інш. Валодаюць седатыўным, снатворным, процісутаргавым дзеяннем, расслабляюць мышцы Выкарыстоўваюцца пры неўрозах і неўрозападобных станах, эпілепсіі, сутаргах, артэрыяльнай гіпертаніі, стэнакардыі і інш. Валодаюць пабочнымі эфектамі: выклікаюць санлівасць, мышачную слабасць, псіхічную і фіз. залежнасць.
І.М.Семяненя.
т. 15, с. 505
ТРАНС... (ад лац. trans скрозь, цераз, за), першая састаўная частка складаных слоў, якая абазначае: рух цераз якую-н. прастору, перасячэнне яе (напр., трансаўстралійская магістраль); абазначэнне ці перадача пры дапамозе чаго-н. (напр., транспірацыя, транслітарацыя); размяшчэнне па-за межамі чаго-н. (напр., транснацыянальны).
т. 15, с. 505
ТРАНС (франц. transe ад transir здранцвець),
стан зацямнення свядомасці, пры якім аўтаматычна выконваюцца некат. дзеянні (нематываваныя або мэтанакіраваныя); таксама стан змрочнасці, экстазу, «яснабачання», «празорлівасці». Назіраецца гал. чынам пры эпілепсіі, істэрыі, глыбокім гіпнозе і інш. Перажытае звычайна не захоўваецца ў памяці (амнезія).
т. 15, с. 505
ТРАНСАВАНГА́РД (ад лат. транс... + авангард),
плынь у жывапісе постмадэрнізму. Узнік у Італіі ў канцы 1970-х г. Гал. яго тэарэтык А.Беніта-Аліва прадставіў работы трансавангардыстаў на біенале 1980 і 1982 у Венецыі. Майстры Т. (С.Кія, Ф.Клементэ, Э.Кукі, Н. дэ Марыя, М.Паладзіна) супрацьпаставілі канцэптуальнай творчасці непасрэдную работу мастака над стварэннем карціны, такім чынам аднавіўшы цікавасць да жывапіснай выяўленчасці.
Я.Ф.Шунейка.
т. 15, с. 505
ТРАНСАЗІЯ́ЦКАЯ АЎТАМАГІСТРА́ЛЬ Злучае гарады Стамбул—Анкара (Турцыя)—Тэбрыз—Тэгеран—Керман—Мешхед (Іран)—Герат—Кабул (Афганістан)—Пешавар—Равалпіндзі (Пакістан)—Срынагар—Дэлі—Калькута (Індыя)—Дака (Бангладэш). Даўж. каля 9000 км. Пабудавана ў 1940—60-я г.
т. 15, с. 505
ТРАНСАЗІЯ́ЦКАЯ МАГІСТРА́ЛЬ,
шыротная 2-калейная чыг. магістраль: Стамбул—Анкара (Турцыя)—Тэбрыз—Тэгеран—Керман—Захедан (Іран)—Квета—Лахор (Пакістан)—Дэлі—Канпур—Калькута (Індыя)—Дака—Чытагонг (Бангладэш). Даўж. больш за 7 тыс. км. Аб’ядноўвае чыг. сетку 5 краін. У Турцыі (Эдырне) стыкуецца з транс’еўрапейскай магістраллю «Захад—Усход».
т. 15, с. 505
ТРАНСАЛЯ́СКІНСКІ НАФТАПРАВО́Д У ЗША, перасякае тэр. штата Аляска ад Паўн. схілу (Прадха-Бей) да нафтабазы Валдыз. Далей нафта ў марскіх танкерах ідзе на нафтаперапр. з-ды штата Каліфорнія. Пабудаваны ў 1974—77.
т. 15, с. 505
ТРАНСАМАЗО́НСКАЯ ІПАША́ (Transamazonica Rodovia),
найбуйнейшая трансп. магістраль Бразіліі: ад г. Жуан-Песоа, праз трапічныя лясы бас. р. Амазонка да гарадоў Рыу-Бранку і Крузейру-ду-Сул (граніца з Балівіяй і Перу). Даўж. каля 4400 км. Частка сістэмы аўтамагістралей, што злучаюць амазонскія штаты Бразіліі з марскімі партамі. Пабудавана ў 1970—74.
т. 15, с. 505
ТРАНСАМЕРЫКА́НСКАЯ МАГІСТРА́ЛЬ,
шыротная 2-калейная чыг. магістраль: Сан-Паўлу—Карумба (Бразілія)—Санта-Крус—Ла-Пас (Балівія)—Антафагаста (Чылі). Даўж. больш за 3 тыс. км. Злучае парты Атлантычнага (у Бразіліі) і Ціхага акіянаў (у Чылі). Пабудавана ў 1920—30-я г.
т. 15, с. 505