ТРАНКВІЛІЗА́ТАРЫ (ад лац. tranquillo супакойваю),

лекавыя сродкі, якія ўплываюць на тармажэнне ў ц. н. с.; група псіхатропных сродкаў. Найб. ужываюцца хім. рэчывы, вытворныя бензадыязепіну — хлозепід (эленіум), сібазон (седуксен, рэланіум), феназепам, назепам (тазепам), ксанакс і інш. Памяншаюць пачуццё страху, трывогі, псіхаэмацыянальнага напружання і інш. Валодаюць седатыўным, снатворным, процісутаргавым дзеяннем, расслабляюць мышцы Выкарыстоўваюцца пры неўрозах і неўрозападобных станах, эпілепсіі, сутаргах, артэрыяльнай гіпертаніі, стэнакардыі і інш. Валодаюць пабочнымі эфектамі: выклікаюць санлівасць, мышачную слабасць, псіхічную і фіз. залежнасць.

І.​М.​Семяненя.

т. 15, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)