Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СКАРАДЗІ́Т (ад грэч. skorodon часнок; ад часночнага паху, што ўзнікае пры ўдары па мінерале),

мінерал класа арсенатаў прыродных, гідрат арсеніду жалеза, Fe [As O4]∙2H2O. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі, утварае зямлістыя масы, рэдка крышталі пірамідальныя, прызматычныя, таблітчастыя. Колер шаравата-зялёны, зеленавата-буры. Цв. 3,5—4. Шчыльн. 3,3 г/см³. Крохкі. Паходжанне гіпергеннае. Трапляецца ў жалезных шапках, у зонах акіслення рудных радовішчаў, вакол некат. тэрмальных крыніц у Аўстраліі, Францыі, Грэцыі, Вялікабрытаніі, Намібіі, Бразіліі.

т. 14, с. 438

СКАРАДУ́МАЎ (Гаўрыла Іванавіч) (23.3.1755, С.-Пецярбург — 23.7.1792),

рускі гравёр і мініяцюрыст. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1764—73). У 1773—82 пенсіянер АМ у Лондане, дзе працаваў пад кіраўніцтвам Ф.​Барталоцы, пазней самастойна. Пачынальнік у Расіі гравюры каляровай, а таксама выкананай у пункцірнай манеры. Гравюры вызначаюцца вытанчанасцю тэхн. прыёмаў, часам падобныя да малюнкаў сангінай або бістрам (партрэты І.​І.​Скарадумава, пач. 1790-х г.; К.​Р.​Дашкавай, 1777). Аўтар партрэтных мініяцюрных акварэляў, малюнкаў пяром.

Літ.:

Некрасова Е.А. Г.​И.​Скородумов. М., 1954.

Г.Скарадумаў. Партрэт І.​І.​Скарадумава. Пач. 1790-х г.

т. 14, с. 438

СКАРАПА́ДСКІ (Іван Ільіч) (1645, г. Умань Чаркаскай вобл., Украіна — 14.7.1722),

украінскі дзярж. дзеяч. З 1674 на Левабярэжнай Украіне, у часы гетманства І.​С.​Мазепы (1687—1708) быў генеральным бунчужным з 1698, генеральным есаулам з 1701, старадубскім палкоўнікам (1706—08). У Паўночную вайну 1700—21, калі Мазепа з часткай укр. старшыны казацкай перайшоў на бок шведаў (1708), С. захаваў вернасць Расіі і на старшынскай нарадзе ў г. Глухаў (17.11.1708) паводле рэкамендацыі цара Пятра I выбраны гетманам Левабярэжнай Украіны (1708—22). Удзельнік Палтаўскай бітвы 1709. Найбуйнейшы землеўладальнік (валодаў больш як 20 тыс. двароў); праводзіў у інтарэсах старшыны далейшае запрыгоньванне ўкр. сялян (у т. л. забараніў сялянам скардзіцца на паноў), раздаваў укр. землі рус. памешчыкам. Фактычна С. дзейнічаў пад поўным кантролем царскіх улад. Яго спробы ўзмацніць самастойнасць укр. казацкай старшыны ў кіраванні Левабярэжнай Украінай былі беспаспяховымі. Адхіліўшы пратэсты С., які бараніў Сакавіцкія артыкулы 1654, Пётр I 27.5.1722 стварыў Маларасійскую калегію, якая абмежавала ўладу гетмана.

С.​Б.​Каўн.

І.І.Скарападскі.

т. 14, с. 438

СКАРАПА́ДСКІ (Павел Пятровіч) (16.5.1873, г. Вісбадэн, Германія — 26.4.1945),

украінскі дзярж. і паліт. дзеяч. Ген.-лейтэнант рас. арміі (1916). Паходзіў з казацкага роду нашчадкаў В.​І.​Скарападскага (памёр у 1727) — брата ўкр. гетмана І.​І.​Скарападскага. Скончыў Пажскі корпус у Пецярбургу (1893), служыў у коннай гвардыі. Удзельнік рус.-яп. вайны 1904—05. Флігель-ад’ютант імператара Мікалая II (1905—10). У 1-ю сусв. вайну на Паўд.-Зах. фронце, камандаваў кав. брыгадай, дывізіяй, 34-м армейскім корпусам, які ў жн. 1917 ператварыў у 1-ы ўкр. корпус. У кастр.ліст. 1917 на чале корпуса падтрымаў укр. Цэнтральную раду, прызначаны кіраўніком яе ваен. фарміраванняў. У сак. 1918 ва ўмовах герм. акупацыі Украіны стварыў апазіцыйную да Цэнтр. рады «Укр. грамаду». 29.4.1918 на Усеўкр. з’ездзе хлебаробаў абвешчаны гетманам Украіны, пры падтрымцы Германіі і ч. рас. афіцэрства скінуў Цэнтр. раду і захапіў уладу. С. ўстанавіў аўтарытарную дыктатуру пераважна ў інтарэсах памешчыкаў, буржуазіі і заможнага сялянства. Пры ім адкрыты 150 укр. гімназій, 2 новыя ўкр. ун-ты (у Кіеве і Камянцы-Падольскім), Укр. акадэмія навук. Яго палітыка згодніцтва з герм. акупантамі, якія рабавалі Украіну, выклікалі масавыя выступленні рабочых і незаможных сялян, у т. л. рух пад кіраўніцтвам Н.​І.​Махно. Ва ўмовах паражэння Германіі ў 1-й сусв. вайне С. 14.12.1918 скінуты войскамі Украінскай дырэкторыі ўрада. Жыў у эміграцыі ў Швейцарыі і Германіі, дзе кіраваў «Укр. саюзам хлебаробаў-дзяржаўнікаў». 16.4.1945 смяротна паранены ў час адной з бамбардзіровак Германіі саюзнікамі.

Тв.:

Спогади. Київ, 1995.

Літ.:

Гетьман Павло Скоропадський (1873—1945): Матеріали до біобібліогр. Київ, 1996.

С.​Б.​Каўн.

т. 14, с. 438

Скарапанава Ірына Сцяпанаўна

т. 18, кн. 1, с. 457

СКАРАПА́НАЎ (Сцяпан Гардзеевіч) (7.11.1910, в. Бацвінава Чачэрскага р-на Гомельскай вобл. — 11.6.1999),

бел. вучоны ў галіне агульнага земляробства і меліярацыі, дзярж. дзеяч Беларусі. Акад. АН Беларусі (1961, чл.-кар. 1950), д-р с.-г. н. (1961), прафесар (1962). Акад. УАСГНІЛ (1972). Акад. Аграрнай АН Беларусі (1992). Засл. дз. нав. Беларусі (1968). Скончыў Бел. с.-г. ін-т (1936). У 1948—50 і 1952—59 дырэктар Бел. НДІ меліярацыі і воднай гаспадаркі. З 1959 акад.-сакратар Акадэміі с.-г. навук Беларусі. З 1961 міністр сельскай гаспадаркі Беларусі. У 1972—76 акад.-сакратар Зах. аддзялення УАСГНІЛ. Навук. працы па праблемах агульнага земляробства, меліярацыі і рацыянальным выкарыстанні тарфяна-балотных глеб, аховы навакольнага асяроддзя, таксама па пытаннях лугаводства, глебазнаўства і аграхіміі.

Тв.:

Осушение и сельскохозяйственное освоение болот в Белоруссии. 2 изд. М., 1955 (разам з А.​Ф.​Печкуровым, Б.​Б.​Бельскім);

Освоение и использование торфяно-болотных почв. Мн., 1961;

Мелиорация земель и охрана окружающей среды. Мн., 1982 (разам з У.​П.​Карлоўскім, У.​С.​Бразгуновым);

Земельная реформа и ее последствия. Мн., 1995.

Літ.:

Библиография научных трудов академика С.​Г.​Скоропанова. Мн., 1995.

С.Г.Скарапанаў.

т. 14, с. 438

СКАРАСПЕ́ЛАСЦЬ раслін і жывёл,

здольнасць да хуткага росту і развіцця. Вызначаецца раннім дасягненнем стану спеласці, у раслін — біял. і гасп., у жывёл — фізіял. палавой, гасп. і інш. З’яўляецца спадчыннай прыкметай, уласцівай пэўным культурам (салата, радыс радыска*, шпінат), сартам (аўса — Эрбграф; грэчкі — Чарнаплодная, Аніта Беларуская; бульбы — Беларуская ранняя, Дзецкасельская, Прыгожая-2, Адрэта, Дабро; капусты — Скараспелка-3, цыбулі — Янтарная, Стрыгуноўская мясцовая; агуркоў — Крынічка, Кустовы-98, Шчодры-118, Зграбны; памідораў — Талахін-186, Даходны, Марынадны; кабачкоў — Белаплодны), пародам (буйн. раг. жывёлы — абердзін-ангуская парода, герэфордская парода, джэйсерская парода, швіцкая парода; свіней — эстонская беконная, брэйтаўская, лівенская; трусоў — савецкая, шыншыла, серабрысты трус, чорна-буры трус, каліфарнійскі мясны; мяса-воўнавыя пароды авечак; цяжкавозныя пароды коней). Залежыць ад умоў вырошчвання раслін, кармлення і ўтрымання жывёл. Мае эканам. значэнне — больш прадукцыйна выкарыстоўваецца зямля, паскараецца ўзнаўленне і абарот статка, дасягаецца лепшая аплата кармоў.

т. 14, с. 438

СКАРАХО́Д (Вольга Раманаўна) (12.7.1915, г.п. Брагін Гомельскай вобл. — 25.6.1994),

бел. хімік. Д-р хім. н. (1971), праф. (1972). Скончыла БДУ (1939), дзе і працавала да 1986. Навук. працы па даследаванні малекулярнай, іонаабменнай і ліганднай сорбцыі арган. злучэнняў на іанітах. Прапанавала метады храматаграфічнага раздзялення блізкіх уласцівасцямі злучэнняў і экстракцыйна-фотаметрычнага вызначэння малібдэну і тытану ў сплавах і мінералах з дапамогай амінааксіфуранону.

Тв.:

Химический анализ: Основы методов концентрирования и разделения веществ Мн., 1980.

т. 14, с. 439

СКАРАХО́ДАЎ (Уладзімір Паўлавіч) (н. 14.2.1939, г. Клімавічы Магілёўскай вобл.),

педагог, грамадскі і дзярж. дзеяч. Засл. дз. маст. Беларусі (1997). Акад. Міжнар. АН Еўразіі (1998). Канд. філас. н. (1989). Праф. (1995). Скончыў Бел. кансерваторыю (1963), Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК КПСС (1985). З 1963 саліст аркестра Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. З 1968 выкладчык, нам. дырэктара, дырэктар Мінскага муз. вучылішча імя Глінкі. З 1977 у Мін-ве культуры Беларусі (у 1981—88 нам. міністра). Адначасова з 1981 выкладчык Бел. акадэміі музыкі. У 1991—98 і з 2001 рэктар Бел. ін-та праблем культуры. У 1998—2001 дарадца па пытаннях культуры Пасольства Рэспублікі Беларусь у Літве. Член міжнар. арг-цыі па нар. творчасці (з 1994). Вывучае праблемы маст. культуры і адукацыі Беларусі. Аўтар манаграфіі «Мастацкая культура ў дынаміцы сацыяльнага засваення» (1994), навукова-метадычных распрацовак. Сярод вучняў Г.​Забара, Я.​Аўсяннікаў, І.​Брычыкаў, А.​Вакуленка, А.​Дзмітрусік, В.​Зубраўскі.

І.​Л.​Чэбан.

т. 14, с. 439

СКАРБ,

1) дзяржаўная ўстанова ВКЛ у 15—18 ст., якая адказвала за эканам. і фінансавае кіраванне. Мела ўласны штат, куды ўваходзілі падскарбі земскі, скарбны, скарбовыя пісары і дваране.

2) Сховішча дзярж. даходаў ВКЛ: даніны, чыншу, дзякла, мезлева, асадных пенязяў, судовых пошлін, якія паступалі да вял. князя (віны, перасуды), сярэбшчыны і інш. У С. зберагаліся таксама дзярж. рэгаліі («клейноты і аздобы»), арыгіналы агульназемскіх і абласных прывілеяў, міжнар. дагавораў і інш. Да 2-й пал. 17 ст. на захоўванні ў С. знаходзіліся арыгіналы кніг Метрыкі Вялікага княства Літоўскага. С. быў цэнтр. арсеналам ВКЛ.

А.​І.​Груша.

т. 14, с. 439