СКАРАПА́ДСКІ (Іван Ільіч) (1645, г. Умань Чаркаскай вобл., Украіна — 14.7.1722),

украінскі дзярж. дзеяч. З 1674 на Левабярэжнай Украіне, у часы гетманства І.​С.​Мазепы (1687—1708) быў генеральным бунчужным з 1698, генеральным есаулам з 1701, старадубскім палкоўнікам (1706—08). У Паўночную вайну 1700—21, калі Мазепа з часткай укр. старшыны казацкай перайшоў на бок шведаў (1708), С. захаваў вернасць Расіі і на старшынскай нарадзе ў г. Глухаў (17.11.1708) паводле рэкамендацыі цара Пятра I выбраны гетманам Левабярэжнай Украіны (1708—22). Удзельнік Палтаўскай бітвы 1709. Найбуйнейшы землеўладальнік (валодаў больш як 20 тыс. двароў); праводзіў у інтарэсах старшыны далейшае запрыгоньванне ўкр. сялян (у т. л. забараніў сялянам скардзіцца на паноў), раздаваў укр. землі рус. памешчыкам. Фактычна С. дзейнічаў пад поўным кантролем царскіх улад. Яго спробы ўзмацніць самастойнасць укр. казацкай старшыны ў кіраванні Левабярэжнай Украінай былі беспаспяховымі. Адхіліўшы пратэсты С., які бараніў Сакавіцкія артыкулы 1654, Пётр I 27.5.1722 стварыў Маларасійскую калегію, якая абмежавала ўладу гетмана.

С.​Б.​Каўн.

І.І.Скарападскі.

т. 14, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)