ПЕТУШКО́Ў (Аляксей Свірыдавіч) (18.10.1913, г. Лісічанск Луганскай вобл., Украіна — 27.7.1991),
Герой Сав. Саюза (1944). Беларус. Скончыў Сталінградскую ваен. авіяшколу (1936), Ваен. акадэмію Генштаба (1956). У Чырв. Арміі з 1933. У Вял.Айч. вайну на фронце з 1941. Нам. камандзіра авіяпалка далёкага дзеяння падпалк. П. да крас. 1944 зрабіў 250 баявых вылетаў на бамбардзіроўку варожых аб’ектаў у Варонежы, Курску, Арле, Харкаве, Кіеве, Мінску, Таліне, Нарве, Пскове, Оршы. Удзельнічаў у вызваленні Кёнігсберга, Бухарэста, Данцыга, Будапешта, Берліна. Да 1959 у Сав. Арміі, да 1977 на адм. рабоце.
«ПЕТУШО́К». «Пеўнік», бел.нар. танец. Муз. памер 2/4. Тэмп умераны. Выконваецца некалькімі парамі, якія кружацца, узяўшыся за рукі. Зафіксаваны ў 19 ст. на Віцебшчыне. Сцэн. варыянт «П.» стварыў у 1930-я г. балетмайстар К.Алексютовіч. Падобны танец вядомы ў Латвіі.
дасягненне партнёрамі палавога задавальнення шляхам узаемных ласкаў, але без палавых зносін. Акрамя захавання нявіннасці, П. карыстаюцца, каб засцерагчыся ад цяжарнасці, з мэтай прафілактыкі венерычных захворванняў і інш.
ПЕТЫНЕ́ЦІ, Петынелі (Petinetti, Petinelli) Гаэтана, танцоўшчык, педагог і балетмайстар 2-й пал. 18 ст. Працаваў у Неапалі. У 1774—79 разам з братам Ладавіка П. ў прыдворным т-ры і тэатр. школе А.Тызенгаўза ў Гродне. Быў пастаноўшчыкам балетаў «Квартэт дудароў», «Другі балет пекараў», «Сялянскі балет» (у апошнім выступалі яго вучні). З 1779 па запрашэнні К.С.Радзівіла працаваў танцорам і балетмайстрам Нясвіжскага т-ра (разам з А.Лойкам і Ф.Каселі ў 1784 удзельнічаў у падрыхтоўцы балетаў «Арфей у пекле» і, магчыма, «Пігмаліён»). Пакінуў Нясвіж у 1786.
ПЕТЫПА́ (Марыус Іванавіч) (11.3.1818, г. Марсель, Францыя — 14.7.1910),
рускі артыст балета, балетмайстар, педагог. На сцэне з 1838. Сярод партый: Феб («Эсмеральда» Ц.Пуні), Конрад («Карсар» А.Адана) і інш. З 1847 жыў у Расіі. У 1855—87 выкладаў у Пецярб.тэатр. вучылішчы. З 1862 балетмайстар, у 1869—1903 гал. балетмайстар Пецярб. балетнай трупы. Паставіў больш за 60 балетаў, у т. л. «Карсар» (1863) і «Жызэль» (1884) Адана, «Дон Кіхот» (1869) і «Баядэрка» (1877) Л.Мінкуса, «Наяда і рыбак» (1874) і «Канёк-Гарбунок» (1895) Пуні, «Лебядзінае возера» (1895) П.Чайкоўскага (з Л.Івановым). Вяршыня творчасці П. — пастаноўка балетаў «Спячая прыгажуня» Чайкоўскага (1890) і «Раймонда» А.Глазунова (1898). Яго пастаноўкі вызначаліся майстэрствам кампазіцыі, зладжанасцю харэаграфічнага ансамбля, віртуознай распрацоўкай сольных партый. Стварыў сістэму балетнага акадэмізму, па-наватарску вырашыў праблему ўзаемадзеяння класічнага і характарнага танца, даў непераўзыдзеныя ўзоры абагульненай яго вобразнасці. Многія балеты з харэаграфіяй П. пастаўлены ў Нац.акад. т-ры балета Рэспублікі Беларусь.
Тв.:
Материалы. Воспоминания. Статьи. Л., 1971.
Літ.:
Красовская В. Русский балетный театр второй половины XIX в. М.; Л., 1963.
ПЕТЭ́Н ((Pétain) Анры Філіп) (24.4.1856, Кашы-а-ла-Тур, Францыя — 23.7.1951),
французскі ваен. і дзярж. дзеяч. Маршал Францыі (1918). Скончыў ваен. вучылішча Сен-Сір (1878), служыў у арміі. У 1-ю сусв. вайну генерал, камандзір брыгады, корпуса, каманд. 2-й арміяй, якая ўдзельнічала ў Вердэнскай аперацыі 1916; з мая 1916 каманд. групай армій «Цэнтр», з мая 1917 галоўнакаманд. франц. арміяй. У 1920—31 нам. старшыні вышэйшага ваен. савета, адначасова (з 1922) ген. інспектар арміі. У 1925—26 кіраваў задушэннем нац.-вызв. паўстання ў Марока. У 1934 ваен. міністр. З 16.6.1940 прэм’ер-міністр Францыі. Падпісаў Камп’енскае перамір’е 1940 з Германіяй. 10.7.1940 атрымаў ад Нац. сходу ўсю паўнату ўлады, што азначала скасаванне Трэцяй рэспублікі. У ліп. 1940 — жн. 1944 кіраўнік дзяржавы (да крас. 1942 адначасова ўрада) прагерм. рэжыму «Вішы». У крас. 1945 арыштаваны, Вярх. судом Францыі прыгавораны за калабарацыянізм да смяротнага пакарання, якое было заменена пажыццёвым зняволеннем.
ПЕ́ТЭРС (Георгій Барысавіч) (27.7.1897, г. Масква — 18.5.1978),
удзельнік баёў у Беларусі ў Вял.Айч. вайну, ген.-маёр (1943), Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Маскоўскую ваенна-інж. школу (1924), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1929). У Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік вызвалення Беларусі ад герм. і польскіх інтэрвентаў у 1918—20. У Вял.Айч. вайну з 1941 на Зах., 3-м Бел. франтах. Стралк. дывізія на чале з ген.-маёрам П. вызначылася ў чэрв.—ліп. ў час Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944 пры вызваленні г. Орша і фарсіраванні Нёмана, у крас. 1945 у час штурму крэпасці Пілаў (цяпер г. Балтыйск, Расія). Да 1959 у Сав. Арміі.
ПЕТЭРСО́Н (Эльмарт Адэльбертавіч) (Сяргей Аляксандравіч; н. 1.1.1935, с. Каяк Чулымскага р-на Новасібірскай вобл., Расія),
бел. мастацтвазнавец. Канд. мастацтвазнаўства (1974). Скончыў БДУ (1962). З 1960 працаваў у Дзярж.маст. музеі Беларусі, з 1969 выкладае ў Бел.АМ (з 1998 праф.). Даследуе праблемы сучаснага выяўл. мастацтва Беларусі. Аўтар раздзелаў у «Гісторыі беларускага мастацтва» (т. 4—6, 1990—94), творчага партрэта «В.К.Жолтак» (1987), зб. артыкулаў «Крытык — давераная асоба мастацтва» (2001).
Тв.:
Андрэй Бембель. Мн., 1980;
С.М.Вакар. Мн., 1980;
Леў Гумілеўскі. Мн., 1982;
Портретная скульптура Советской Белоруссии. Мн., 1982.