Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МЕНШАВІКІ́,

прадстаўнікі паліт. плыні (фракцыі) у Рас. с.-д. рабочай партыі (РСДРП), з 1912 самаст. паліт. партыя (таксама наз. РСДРП). Паняцце «М.» ўзнікла на II з’ездзе РСДРП (1903), калі частка дэлегатаў засталася ў меншасці па пытаннях аб выбарах у кіруючыя органы партыі. Гал. лідэры-ідэолагі: Л.​Мартаў, П.​Б.​Аксельрод, А.​С.​Мартынаў (ураджэнец г. Пінск), Г.В.Пляханаў. Выступалі супраць строгага цэнтралізму ў рабоце партыі і надзялення ЦК вял. паўнамоцтвамі. Лічылі, што ў рэвалюцыю 1905—07 пралетарыят павінен дзейнічаць у саюзе з ліберальнай буржуазіяй супраць самадзяржаўя; адмаўлялі рэв. патэнцыял сялянства; аддавалі перавагу мірным метадам дзейнасці. У 1-ю сусв. вайну б.ч. М. стала на пазіцыі сацыял-патрыятызму. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 яны падтрымлівалі Часовы ўрад, у маі 1917 увайшлі ў яго і разам з ім падзялілі адказнасць за прамаруджванне з вырашэннем пытанняў аб міры, нац., агр., што прывяло да абвастрэння паліт. сітуацыі. У Беларусі і ў некаторых інш. месцах М. ў гэты перыяд разам з бальшавікамі ўваходзілі ў агульныя парт. арг-цыі (аб’яднанкі). Да восені 1917 яны разам з эсэрамі мелі большасць у Саветах. М. не прынялі Кастрычніцкую рэвалюцыю 1917, бо лічылі, што Расія не выспела для сацыялізму. У грамадз. вайну ўдзельнічалі ў антыбальшавіцкіх урадах і ўзбр. выступленнях (у Беларусі сумесна з Бундам), аднак былі супраць інтэрвенцыі краін Антанты. 14.7.1918 ВЦВК выключыў М. са свайго складу і з мясц. Саветаў. У 1924 меншавізм як арганізаваная сіла спыніў існаванне на тэр. СССР. У сак. 1931 на сфальсіфікаваным суд. працэсе 14 чл. т.зв. меншавіцкага «Саюзнага Бюро РСДРП» былі абвінавачаны ў шпіянажы і шкодніцтве і асуджаны на розныя тэрміны пазбаўлення волі.

Літ.:

Меньшевики в 1917 г. Т. 1—3. Мн., 1995—96.

т. 10, с. 290

МЕ́НШЫКАЎ (Аляксандр Данілавіч) (16.11.1673, Масква — 23.11.1729),

расійскі дзярж. і ваен. дзеяч, фаварыт і паплечнік Пятра I. Граф (1704), святлейшы князь (1707), генералісімус (1727). З 1686 дзяншчык Пятра I. Удзельнік Азоўскіх паходаў 1695—96, Вялікага пасольства. У час Паўночнай вайны 1700—21 вызначыўся як военачальнік. З 1705 каманд. кавалерыяй рас. арміі ў Рэчы Паспалітай; кіраваў адыходам войск з Гродна ў Брэст (1706), атрымаў перамогу ў бітве каля г. Каліш (1706, Польшча), удзельнічаў у бітве пад Лясной 1708, Палтаўскай бітве 1709 і інш.; камендант крэпасці Нотэбург (1702, цяпер г. Петракрэпасць), губернатар Пецярбурга (1703), кіраваў буд-вам Пецярбурга і Кранштата, занятымі рас. войскамі прыбалтыйскімі землямі і Іжорскай зямлёй (1714). Кіраваў краінай у час ад’ездаў Пятра I. У 1718—24 і 1726—27 прэзідэнт Ваеннай калегіі. Пасля смерці Пятра I з дапамогай гвардыі ўзвёў на прастол Кацярыну I, фактычна кіраваў дзяржавай. Быў адным з найбагацейшых рас. памешчыкаў (валодаў 90 тыс. прыгонных, 6 гарадамі, маёнткамі ў Расіі, Украіне, Прусіі, Аўстрыі і інш. багаццямі. У Рэчы Паспалітай, напр., у 1709 дамогся ад польск. караля і вял. князя ВКЛ Аўгуста II перадачы яму ў трыманне Дзісенскага і Аршанскага старостваў, узяў у заклад у гетмана Р.​А.​Агінскага Язёрскае староства на Магілёўшчыне, якое паводле загаду Пятра I у 1710 вярнуў, у 1710 купіў мяст. Ула ў Полацкім ваяв., у 1711 узяў у заклад у Ю.​Сапегі Горы-Горацкае графства, у 1715 купіў мяст. Дуброўна, набыў інш. маёнткі ў Беларусі). Трапіў у няміласць пры Пятру II, пазбаўлены маёмасці і высланы з сям’ёй у крэпасць Бярозаў (цяпер Бярозава Цюменскай вобл.), дзе і памёр.

Літ.:

Павленко Н.И. А.​Д.​Меншиков. 3 изд. М., 1989.

А.Д.Меншыкаў.

т. 10, с. 290

МЕНЬЕ́; (Meunier) Канстантэн Эміль (12.4.1831, г. Этэрбек, Бельгія — 4.4.1905), бельгійскі скульптар і жывапісец. Вучыўся ў свайго брата Ж.​Б.​Менье і ў АМ у Бруселі ў Ф.​Ж.​Навеза. У ранні перыяд працаваў у акад. манеры, пазней пад уплывам Г.​Курбэ і Ф.​Міле звярнуўся да рэалізму. У скульптурных творах увасабляў пераважна вобраз людзей працы: «Малатабоец», «Пудлінгоўшчык» (абедзве 1886), «Касец» (1891), «Пудлінгоўшчык каля печы» (1893), «Грузчык» (1905), кампазіцыя «Помнік працы» (1880-я г.). Аўтар жывапіснага трыпціха «Шахта» (каля 1878) і інш.

В.​Я.​Буйвал.

т. 10, с. 290

МЕНЬЕ́РА ХВАРО́БА,

хвароба ўнутранага вуха, якая праяўляецца прыступамі галавакружэння і шуму ў вуху, зніжэннем слыху. Апісана франц. урачом П.​Меньерам (1861). Найчасцей пашкоджваецца адно вуха, слых не аднаўляецца. Прыступы суправаджаюцца моташнасцю, ірвотай, парушэннем раўнавагі, зніжэннем артэрыяльнага ціску і т-ры цела. Лячэнне тэрапеўт., фізіятэрапеўт. і хірургічнае.

т. 10, с. 290

Менькоўскі Вячаслаў Іванавіч

т. 18, кн. 1, с. 428

МЕ́НЬШЫКАЎ (Алег Яўгенавіч) (н. 8.11.1960, г. Серпухаў Маскоўскай вобл.),

расійскі акцёр. Скончыў Тэатр. вучылішча імя М.​Шчэпкіна (1981). Працаваў у Маскоўскім Цэнтр. т-ры Сав. Арміі, Т-ры імя М.​Ярмолавай. З 1990 у Т-ры імя Массавета. Творчасці М. ўласцівы імправізацыйнасць, псіхал. заглыбленасць, вастрыня пластычнага малюнка: Ганя («Ідыёт» паводле Ф.​Дастаеўскага), Буланаў («Лес» А.​Астроўскага, абодва 1984), Адуванчык («Радавыя» А.​Дударава, 1985), Сярожа («Спартыўныя сцэны 1981 года» Э.​Радзінскага, 1986), Рабесп’ер («Другі год свабоды» А.​Бураўскага, 1988), Калігула (аднайм. п’еса А.​Камю, 1990), Сяргей Ясенін («Калі яна танцавала» М.​Шэрмана, паст. ў Лондане 1991; прэмія Брытанскай акадэміі тэатр. мастацтваў імя Л.​Аліўе, 1992), Іхараў («Гульцы» М.​Гогаля, паст. ў Лондане, 1992), Чацкі («Гора ад розуму» А.​Грыбаедава, 1999) і інш. З 1982 здымаецца ў кіно: «Палёты ў сне і наяве» (1983), «Стомленыя сонцам» (1994), «Каўказскі палонны» (1996), «Сібірскі цырульнік», «Усход—Захад» (абодва 1999) і інш. Выступае і як рэжысёр. Дзярж. прэміі Расіі 1996, 1998.

т. 10, с. 290

МЕНЮ́ (франц. menu),

1) набор страў на абед, снеданне і інш.; лісток з пералікам такіх страў у сталовай, рэстаране, кафэ.

2) М. ў інфарматыцы — спіс варыянтаў (рэжымаў, каманд, адказаў ці інш.), якія выводзяцца на экран дысплея і прапануюцца карыстальніку на выбар. Выбраны варыянт вызначае наступнае дзеянне сістэмы, напр., персанальнай ЭВМ.

т. 10, с. 290

МЕНЮ́К ((Meniuk) Джорджэ) (Георгій Мікалаевіч; 20.5.1918, Кішынёў — 8.12.1987),

малдаўскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Малдовы (1982). У 1937—40 вучыўся ў Бухарэсцкім ун-це. Друкаваўся з 1934. Дэбютаваў як паэт і літ. крытык. Аўтар жанрава разнастайных лірычных твораў, адметных паглыбленай медытатыўнасцю і багатай вобразнасцю (зб-кі «Касмічны круг», 1939; «Балады і санеты», 1955; «Лірычныя строфы», 1956; «Паэмы», 1957; «Кветкі дабрыні», 1979; «Вершы», 1984). Майстар-навеліст: кнігі «Навелы» (1961), «Міёрыца» (1962), «Апошні вагон» (1965), «Калаян» (1966), «Дэльфін» (1969) і інш. Асн. ў яго творчасці — паліт., маральна-этычныя, эстэт. праблемы сучаснасці, усвядомленае пачуццё гісторыі, узаемасувязь сацыяльнага і асабістага, спалучэнне публіцыстычнага пафасу і лірычнай пранікнёнасці, традыцый нац. фальклору і класічнай л-ры. Аўтар твораў для дзяцей, кніг літ. эсэ («Разрыў-трава», 1959; «Наш сябра — Паэзія», 1964). На бел. мову асобныя творы М. пераклаў В.​Лукша. Дзярж. прэмія Малдовы 1972.

Тв.:

Рус. пер. — Зеленый край. М., 1960;

Миорица. Кишинев. 1962;

Журавлиные тропинки. М., 1971.

Г.​І.​Дайлідава.

Дж.Менюк.

т. 10, с. 290

МЕН-АНЖУ́,

парода буйной рагатай жывёлы мяснога кірунку. Выведзена ў Францыі скрыжаваннем парод мансель (мясц.) і дурхен (англ.). Гадуюць у Францыі. На Беларусі — у доследна-племянной гаспадарцы «Куранец» Вілейскага р-на.

Касцяк і галава цяжкія, лоб шырокі, шыя тоўстая, кароткая, тулава шырокае, доўгае, спіна прамая, грудзі глыбокія, паясніца кароткая, крыж доўгі, мясныя формы добра выяўленыя. Масць чырв., чырв.-пярэстая. Маса кароў 750—900, бугаёў 1200—1350 кг Скараспелыя. Мяса высокай якасці. Сярэдні гадавы надой 2,9 т (рэкордны 3,8 т). Непатрабавальныя да кармоў.

П.​П.​Ракецкі.

т. 10, с. 283