МЕ́ДЫКА-ГЕНЕТЫ́ЧНАЕ КАНСУЛЬТАВАННЕ,
адзін з відаў спецыялізаванай мед. дапамогі, накіраваны на прафілактыку спадчынных хвароб. Асн. задачы М.-г.к.: вызначэнне мед.-генет. прагнозу, стадыі генет. рызыкі ў адносінах да будучага патомства ў сем’ях, дзе ёсць спадчынная паталогія; ацэнка мед. і сац. вынікаў генет. парушэнняў; прапаганда мед.-генет. ведаў і інш. На Беларусі ажыццяўляецца Ін-там генетыкі і цыталогіі Нац. АН, рэсп. мед. генет. цэнтрам у Мінску, кансультатыўнымі кабінетамі. Працуюць 6 кабінетаў па мед. генетыцы, 5 кансультацый «Шлюб і сям’я» (1997). З мэтай вызначэння рызыкі спадчынных хвароб, анамалій развіцця і выяўлення хвароб на ранніх стадыях праводзяць генет. прасейванне (скрынінг). Створана праграма па выяўленні носьбітаў спадчынных хвароб.
Э.А.Вальчук.
т. 10, с. 252
МЕ́ДЫКА-РЭАБІЛІТАЦЫ́ЙНАЯ Э́КСПЕРТНАЯ КАМІ́СІЯ,
МРЭК, медыцынская камісія, якая праводзіць экспертызу абмежавання жыццядзейнасці грамадзян, складае індывід. праграмы рэабілітацыі і ажыццяўляе кантроль за іх выкананнем. Утворана ў 1992 замест урачэбна-прац. экспертных камісій. Працуе паводле тэр. прынцыпу. Існуюць абласныя, гар., міжраённыя, раённыя, спецыялізаваныя камісіі. У склад МРЭК уваходзяць урачы-рэабілітолагі-эксперты (тэрапеўт, хірург, неўрапатолаг), у склад спецыялізаванай — урачы паводле профілю камісіі, таксама тэрапеўт ці неўрапатолаг, метадыст-рэабілітолаг і інш. МРЭК высвятляе ступень абмежаванасці жыццядзейнасці хворых, ступень страты працаздольнасці, прычыну і час надыходу інваліднасці і інш. На Беларусі функцыянуюць 83 МРЭК (1999).
Э.А.Вальчук.
т. 10, с. 252
МЕ́ДЫКА-САНІТА́РНАЕ АБСЛУГО́ЎВАННЕ,
сістэма мерапрыемстваў па вырашэнні праблем аховы здароўя насельніцтва. Асн. функцыі: умацаванне і прафілактыка (у т. л. вакцынапрафілактыка) здароўя насельніцтва; лячэнне і рэабілітацыя хворых, правядзенне сан.гігіенічных мерапрыемстваў, ахова здароўя маці і дзіцяці, планаванне сям’і, сан. адукацыя, забеспячэнне насельніцтва рацыянальным і дабраякасным харчаваннем, пітной вадой, лек. сродкамі і інш. Ажыццяўляецца сістэмай лячэбна-прафілактычных устаноў (бальніцы, паліклінікі, дыспансеры, санаторыі, прафілакторыі, цэнтры гігіены і эпідэміялогіі, цэнтры здароўя, дэзінфекц. станцыі, аптэчныя ўстановы і інш.).
Э.А.Вальчук.
т. 10, с. 252
МЕ́ДЫКА-САНІТА́РНАЯ ЧА́СТКА (МСЧ),
комплексная лячэбна-прафілактычная ўстанова для аказання мед.сан. дапамогі тым, хто працуе на прадпрыемствах, ва ўстановах і г.д. Бывае закрытага тыпу (абслугоўвае толькі тых, хто працуе) і адкрытага (абслугоўвае і іх сем’і). Ствараюцца на буйных прадпрыемствах ці ў групе галіновых прадпрыемстваў з колькасцю працуючых 4 тыс. і больш; урачэбныя пункты аховы здароўя — з колькасцю працуючых 1,2 тыс. і больш; фельчарскія пункты — менш за 1 тыс. У МСЧ уваходзяць: бальнічна-паліклінічны комплекс з паліклінікай, стацыянарам, пунктамі аховы здароўя, лячэбна-дыягнастычнымі аддзяленнямі, кабінетамі, дзённымі стацыянарамі, санаторыямі-прафілакторыямі і інш. Забяспечвае мед.-сан. дапамогу працуючым пры захворваннях і траўмах (у т. л. дома), плануе і ажыццяўляе сан.-гігіенічныя і проціэпідэмічныя мерапрыемствы па аздараўленні ўмоў працы, зніжэнні агульнай захворваемасці, праводзіць дыспансерызацыю і інш. Узначальвае МСЧ гал. ўрач.
Э.А.Вальчук.
т. 10, с. 252
МЕДЫ́НА (араб. Медынат-Расул-Алах або Медынат-ан-Набі — горад прарока),
горад на З Саудаўскай Аравіі, у аазісе. Больш за 500 тыс. ж. (1997). Вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Другі (пасля Меккі) свяшчэнны горад і месца паломніцтва мусульман (штогод каля 2 млн. чал.): грабніцы заснавальніка ісламу Мухамеда, яго дачкі Фатымы, першых арабскіх халіфаў у мячэці Харам (7—8 ст., перабудавана ў 19 ст.). Абслугоўванне паломнікаў, вытв-сць прадметаў рэліг. культу. Мусульм. ун-т.
У дамусульманскі перыяд вядома пад назвай Ясрыб (Ятрыб). У 622 сюды пераехаў Мухамед, пакінуўшы Мекку (гл. Хіджра), з гэтага часу наз. М. Стала другім пасля Меккі свяшчэнным горадам ісламу. У 632—656 сталіца араб. халіфата. Пры Амеядах і Абасідах адм. ц. Хіджаза. З 10 ст. пад уладай егіп. дынастый. З 1517 у складзе Асманскай імперыі. З 1804 пад уладай вахабітаў, у 1916—24 — караля Хіджаза, пазней далучаны да Саудаўскай Аравіі.
т. 10, с. 252
МЕ́ДЫНЬШ ((Mediņš) Екабс) (22.3.1885, Рыга — 27.11.1971),
латышскі кампазітар, педагог, хар. дырыжор. Нар. арт. Латвіі (1960). Брат Язепса Медыньша і Яніса Медыньша. Скончыў 1-ы Рыжскі муз. ін-т па класах скрыпкі, аргана і фп. (1905), удасканальваўся ў Берліне. З 1917 дырэктар муз. вучылішча ў Сызрані, з 1921 — Нар. кансерваторыі ў Елгаве. З 1944 выкладаў у Латв. кансерваторыі (з 1945 праф., у 1948—51 рэктар). Адзін з гал. дырыжораў рэсп. Пеўчых свят (1948—70). Творчая спадчына М.-кампазітара ўключае пераважна хар. музыку і інстр. канцэрты, у т. л. для кларнета з арк. (1948), і інш. Складальнік песенных зборнікаў для школ. Аўтар кніг «Асновы харазнаўства» (1956), «Сілуэты» (аўтабіяграфія, 1968), «Методыка выкладання дырыжорска-харавых дысцыплін» (выд. 1978) і інш.
т. 10, с. 252
МЕ́ДЫНЬШ ((Mediņš) Язепс) (13.2.1877, г. Каўнас, Літва — 12.6.1947),
латышскі кампазітар, дырыжор. Засл. дз. маст. Латвіі (1945). Брат Екабса Медыньша і Яніса Медыньша. Скончыў 1-ы Рыжскі муз. ін-т па класах скрыпкі, віяланчэлі і фп. (1896), потым кіраўнік гэтага ін-та і педагог. У 1906—11 дырыжор т-ра Рыжскага лат. т-ва, у 1915—22 кіраўнік розных оперных труп. У 1922—25 канцэртмайстар і дырыжор Латв. нац. оперы. Выкладаў у Латв. кансерваторыі (з 1946 праф.). Асн. творы: оперы «Жрыца» (паст. 1927), «Земдэгі» (1947, закончана М.Зарыньшам); 3 сімфоніі (1922—41), сімф паэма «Латышская зямля» (1935); канцэрт для скрыпкі з арк. (1911); хары, сольныя песні і інш.
Л.А.Сівалобчык.
т. 10, с. 252
МЕ́ДЫНЬШ ((Mediņš) Яніс) (9.10.1890, Рыга — 4.3.1966),
латышскі кампазітар, дырыжор; адзін з заснавальнікаў лат. класічных оперы і балета. Брат Екабса Медыньша і Язепса Медыньша. Скончыў 1-ы Рыжскі муз. ін-т па класах фп., скрыпкі і віяланчэлі (1909). З 1904 скрыпач аркестра Лат. т-ра ў Рызе, з 1913 (з перапынкам) дырыжор Лат. оперы. У 1928—44 гал. дырыжор сімф. аркестра і муз. кіраўнік Лат. радыё. У 1921—44 выкладаў у Латв. кансерваторыі (з 1929 праф.). З 1944 жыў у Германіі, з 1948 — у Стакгольме. Сярод твораў: оперы «Агонь і ноч» паводле Я.Райніса (1921, дылогія), «Багі і людзі» (1922), «Хлопчык з пальчык» (1927), «Свавольніца» (1939), балеты «Перамога кахання» (1935), «Стальныя крылы» (1936; усе паст. ў Рызе); сімф. творы, у т. л. 4 арк. сюіты, паэмы «Іманта» (1924), «Сіняя гара» (1927); канцэрты для віяланчэлі і для фп. з арк.; камерна-інстр. творы, сольныя песні.
Л.А.Сівалобчык.
т. 10, с. 252
МЕДЫТАТЫ́ЎНАЯ ЛІ́РЫКА,
жанр лірычнай паэзіі, у якім перадаецца роздум над праблемамі жыцця і смерці, дружбы і кахання, чалавека і прыроды і інш. Асаблівае пашырэнне атрымала ў паэзіі сентыменталістаў і рамантыкаў. Да М.л. звярталіся А.Пушкін, М.Лермантаў, А.Блок, М.Рыльскі, Т.С.Эліят, Р.М.Рыльке і інш. У бел. л-ры заняла значнае месца ў творчасці М.Багдановіча («... Шмат у нашым жыцці ёсць дарог», «Мяжы», «...Я хацеў бы спаткацца з вамі на вуліцы»), які разважаў пра сутнасць жыцця і смерці, класавы падзел грамадства, пра ўзаемаадносіны паміж людзьмі. Творы М.л. ёсць у Я.Купалы («...Пакіньма напуста на лёс свой наракаць», «Мая навука»), А.Куляшова (цыкл «Маналог»), М.Танка («Мне здаецца», «...Божа паэзіі»), С.Дзяргая («Сапраўднае», «Мысль і слова»), А.Вярцінскага («Дзівак чалавек», «...Абрастаем»), П.Макаля («...Век з рэактыўнай хуткасцю імкне»). Жанравую актуальнасць сучаснай М.л. вызначае спалучэнне філас. і грамадз. аспектаў.
В.П.Рагойша.
т. 10, с. 252
МЕДЫТА́ЦЫЯ (ад лац. meditatio роздум, разважанне, абдумванне),
разумовае дзеянне, мэтай якога з’яўляецца прывядзенне псіхікі чалавека ў стан паглыбленай засяроджанасці, яго самаўдасканаленне і вылячэнне; адна з сістэм псіхафіз. трэніроўкі чалавека. М. існавала са стараж. часоў у культуры многіх народаў свету, яе гал. прызначэннем лічылася спасціжэнне Вышэйшай Рэальнасці, Абсалютнай Ісціны, Бога, дасягненне прасветленасці («азарэння»). Суправаджаецца цялеснай расслабленасцю, адсутнасцю эмацыянальных перажыванняў, канцэнтрацыяй увагі на якім-н. прадмеце, з’яве, працэсе (музыцы, дыханні, зямлі, небе і інш.); сеанс М. можа працягвацца ад 10—15 мін да некалькіх гадзін. Існуюць розныя тыпы М. ў залежнасці ад культ.-гіст. умоў. Усходні тып (прадстаўлены ўсімі формамі ёгі ў Індыі, даасізмам у Кітаі, дзэн-будызмам у Японіі) накіраваны на рэліг.-містычнае растварэнне індывід. свядомасці ў безасабовым, «акіянападобным Абсалюце». Хрысціянскі тып прадугледжвае своеасаблівае зліццё дзвюх асоб (чалавечай і боскай) і праяўляецца ў час працяглых малітваў, літургій і да т.п. Псіхафізічны тып разлічаны на тэрапеўтычна-аздараўляльны эфект. Методыкі М. распрацоўваюцца ў сучасным псіхааналізе, аналітычнай псіхалогіі, выкарыстоўваюцца ў псіхатэрапіі, псіхафіз. трэнінгах (аўтагенная трэніроўка нервова-мышачная рэлаксацыя, аўтагіпноз). Заняткі М. дазваляюць павысіць імунітэт і вынослівасць арганізма, палепшыць фіз. і інтэлектуальныя здольнасці чалавека, выявіць яго экстрасенсорныя магчымасці (тэлепатыя, яснабачанне і інш.).
Літ.:
Каптен Ю.Л. Основы медитации: Вводный практич. курс. СПб., 1991;
Лесняк Ю. Медитация. М., 1992;
Психотерапевтическая энциклопедия. СПб., 1998.
Э.С.Дубянецкі.
т. 10, с. 253