Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КО́РПУС ДОБРААХВО́ТНІКАЎ СВАБО́ДЫ,

аб’яднанне партыз. сіл Руху Супраціўлення ў акупіраванай ням.фаш. войскамі Італіі ў 2-ю сусв. вайну. 9.6.1944 у г. Мілан па ініцыятыве кампартыі пры К-це нац. вызвалення (КНВ) Паўн. Італіі ўтворана аб’яднанае камандаванне К.д.с. з прадстаўнікоў антыфаш. партый на чале з камуністам Л.Лонга, членам Партыі дзеяння Ф.Пары і беспартыйным ген. Р.Кадорна. 29.3.1945 КНВ Паўн. Італіі ператварыў партыз. фарміраванні К.д.с. (150 тыс. чал.) на беспарт. аснове ў адзіную армію (104 дывізіі, 52 брыгады) на чале з галоўнакамандуючым Кадорна (намеснікі Лонга і Пары). У крас. 1945 часці К.д.с. вызвалілі большасць гарадоў Паўн. Італіі. Расфарміраваны пасля завяршэння Італьянскай кампаніі 1943—45.

т. 8, с. 421

КО́РСАК (Тадэвуш) (1741?, в. Заскаркі або Данева Полацкага р-на Віцебскай вобл. — 4.11.1794),

дзяржаўны і вайск. дзеяч ВКЛ. З роду Корсакаў. Па пратэкцыі караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў 1787 стаў віленскім земскім суддзёй. Быў адным з самых актыўных паслоў ад ВКЛ на Чатырохгадовым сейме 1788—92, дамагаўся стварэння асобнай для ВКЛ скарбовай і паліцэйскай адміністрацыі. У пач. паўстання 1794 у ВКЛ прыбыў у Вільню на чале некалькіх дзесяткаў узбр. сялян. У маі 1794 увайшоў у склад паўстанцкай парадкавай камісіі Віленскага ваяв. 19—20.7.1794 удзельнічаў у абароне Вільні разам з атрадам ген. Меена. 31.8.1794 атрымаў ад Т.Касцюшкі званне ген.-маёра. Загінуў пры абароне Прагі — прадмесця Варшавы. Пахаваны разам з Я.Ясінскім пры варшаўскім касцёле «На Камёнку».

У.П.Емяльянчык.

т. 8, с. 421

КО́РСАК (Юрый Фёдаравіч) (н. 18.5.1941, в. Вілейка Мінскай вобл.),

бел. піяніст, педагог. Засл. арт. Беларусі (1990). Скончыў Бел. кансерваторыю (1963), з 1964 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі (з 1993 праф.). Яго выкананне вызначаецца змястоўнасцю і артыстызмам, багаццем гукавой палітры, тонкім густам. У рэпертуары творы сусв. класічнай і сучаснай музыкі, бел. кампазітараў. Выступаў як саліст і ансамбліст, у т. л. ў трыо з Г.Клачко і Б.Скабло. Сярод яго вучняў В.Раінчык, І.Шуміліна, С.Мікулік.

т. 8, с. 422

КО́РСАКАС ((Korsakas) Костас) (5.10.1909, в. Пашвіцініс Пакруайскага р-на, Літва — 24.11.1986),

літоўскі літ.-знавец, паэт. Нар. пісьменнік Літвы (1979). Акад. АН Літвы (1949). Д-р філал. н. (1965). Засл. дз. нав. Літвы (1959). Вучыўся ў Каўнаскім ун-це (1931—40). У 1946—84 дырэктар ін-таў літ. л-ры, літ. мовы і л-ры АН Літвы. У 1944—57 выкладаў у Вільнюскім ун-це (з 1948 праф.). Друкаваўся з 1925. Аўтар літ.-знаўчых прац «Пісьменнікі і кнігі» (1940), «Літаратура і крытыка» (1949), «Дружба літаратур» (1962), «Волат латышскай літаратуры» (пра А.Упіта, 1967). Гал. рэдактар і адзін з аўтараў «Гісторыі літоўскай літаратуры» (т. 1—4, 1957—68; Дзярж. прэмія Літвы 1969), у якой адзначаны і бел.-літ. ўзаемасувязі і ўзаемаўплывы. Выдаў паэт. зб-кі «Закон барацьбы» (1943), «Жніво» (1969), «Лістапад» (1979). Аўтар артыкулаў, успамінаў пра Я.Купалу, Я.Коласа, М.Лынькова («Янка Купала і літоўская літаратура», 1952; «Якуб Колас і Літва», «Блізкі нам голас», абодва 1962; «Друг літоўскай літаратуры», 1979). На бел. мову асобныя творы К. пераклалі Х.Жычка, П.Панчанка, А.Разанаў.

Тв.:

Бел. пер. — у кн. Галасы сяброў. Мн., 1958;

Рус. пер. — Избранное. Вильнюс, 1953;

Стихи. Вильнюс, 1976.

А.В.Мальдзіс.

К.Корсакас.

т. 8, с. 422

КО́РСАКАЎ (Дзмітрый Аляксандравіч) (22.7.1843, Масква — 1920),

расійскі гісторык. Чл.-кар. Рас. АН (1917; чл.-кар. Пецярбургскай АН з 1905), праф. (1881). Скончыў Казанскі ун-т (1814). Працы па гісторыі Растова-Суздальскай зямлі, рас. дваранства 18 ст., артыкулы пра рас. гісторыкаў К.Дз.Кавеліна, М.І.Кастамарава, К.М.Бястужава-Руміна і інш.

т. 8, с. 422

КО́РСАКІ,

дзяржаўныя дзеячы, род уласнага герба «Корсак» (змененая «Катвіца») у ВКЛ. Паходзяць з полацкага баярства. Родапачынальнік Фёдар упамінаецца ў 1385, калі ён атрымаў ад полацкага кн. Андрэя Альгердавіча землі каля воз. Беразвеч. Яго сын Дзмітрый меў сыноў Саву, Якава (Яшку) і Васіля, якія ўзвысіліся пры вял. кн. Свідрыгайле [1430—32]. Ад Савы пайшла галіна, якая карысталася прозвішчам Савічы-К. і гербам «Ліс», дапоўненым выявай герба «Катвіца» ў клейнодзе. Найб. вядомыя К.:

Васіль Дзмітрыевіч (каля 1380—1452), намеснік полацкі пры Свідрыгайле, потым у яго радзе, калі апошні быў валынскім князем. Баркулаб (каля 1520—76), пасол у Маскву ў час Лівонскай вайны ў 1562, староста свіслацкі, дзісненскі. Праз шлюб з князёўнай П.Крошынскай набыў маёнткі ў Аршанскім пав., дзе заснаваў названае сваім імем мяст. Баркалабава. Іосіф (каля 1540—1618), полацкі войскі з 1570 і суддзя земскі з 1586, кашталян мінскі, потым полацкі з 1597. Ян Рыгоравіч (каля 1560—1625), полацкі харунжы з 1598, гараднічы да 1611, кашталян дэрпцкі з 1620, полацкі з 1621, у канцы жыцця ваявода смаленскі. Іосіф Львовіч (каля 1570—1643), мсціслаўскі староста з 1629 і ваявода з 1639, заснавальнік базыльянскага кляштара ў Беразвеччы і кармеліцкага ў Глыбокім. Рафаіл (свецкае імя Мікалай; каля 1595—28.8.1640), архімандрыт уніяцкіх манастыроў Віленскага св. Тройцы, Ануфрыеўскага, Кобрынскага св. Спаса, Жыдзічынскага, протаархімандрыт (генерал) базыльянскага ордэна (1626—40), епіскап галіцкі (1626—32) і турава-пінскі (1632—37), мітрапаліт грэка-каталіцкай царквы Рэчы Паспалітай (1636—40). Ян Раманавіч (каля 1620—97), полацкі падчашы з 1658, падкаморы з 1659, кашталян з 1661. Самуэль (каля 1745 — пасля снеж. 1795), грамадска-паліт. і вайсковы дзеяч ВКЛ. Пасол ад Навагрудскага ваяв. на сейм 1773, які зацвердзіў 1-ы падзел Рэчы Паспалітай. Уваходзіў у апазіцыю на чале з Т.Рэйтанам і С.Багушэвічам, якая імкнулася не дапусціць падзелу. Удзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання 1794, падпісаў віленскі акт паўстання 24.4.1794. Уваходзіў у Найвышэйшую літоўскую раду. Гл. таксама Корсак Т.

т. 8, с. 422

КО́РСІКА (Corse),

востраў на ПнЗ Міжземнага мора. Дэпартамент Францыі. Пл. 8,7 тыс. км². Даўж. 183 км, шыр. да 85 км. Нас. 249,7 тыс. чал. (1990). Рэльеф гарысты. Б.ч. вострава займаюць горы (выш. да 2706 м, г. Мон-Сенто), мерыдыянальнага напрамку, якія на З стромка абрываюцца да мора і фарміруюць скалісты бераг, моцна расчлянёны залівамі. На У вострава вузкая нізіна Плен-’Алерыя, шыр. да 10 км. Берагі тут плоскія, нізкія, месцамі забалочаныя, слаба расчлянёныя. К. складзена на З з гранітаў, на У — з моцна дыслацыраваных тоўшчаў мезакайназою, у асн. гліністымі сланцамі. Клімат міжземнаморскі з гарачым сухім летам і цёплай вільготнай зімой. Сярэднія т-ры студз. 12—13 °C, ліп. 24—26 °C. Ападкаў ад 600 мм за год на раўнінах да 1000—1200 мм у гарах. Максімум ападкаў выпадае зімой, часам у выглядзе снегу. Сухі сезон доўжыцца 3—4 мес. Кароткія парожыстыя рэкі моцна мялеюць і перасыхаюць. Глебы карычневыя і горна-лясныя бурыя. Лясы сустракаюцца асобнымі масівамі, на б.ч. вострава высечаны. Да выш. 600—700 м пашыраны (асабліва на ПнЗ) маквіс (дрэвападобны верас, сунічнае дрэва, каменны дуб, дзікая масліна, лаўр, ладаннік і інш.); да выш. 1100—1200 м — лясы з каштану і дубу; да выш. 1900 м — з буку, вольхі, хвоі. Вышэй субальпійская і альпійская расліннасць. У прыморскай паласе насаджэнні з коркавага дубу і эўкаліптаў. Рэзерваты Касаб’янда, Скандола. Апрацоўваемыя плошчы сканцэнтраваны на нізінах, у далінах і на тэрасаваных схілах вакол населеных пунктаў. Сады, вінаграднікі, аліўкавыя гаі, палі пшаніцы, ячменю, кукурузы. Жывёлагадоўля. Турызм. Гал. гарады — Аяча, Бастыя.

Літ.:

Вандер Ф. Корсика еще не открыта: Пер. с нем. М., 1961.

М.В.Лаўрыновіч.

т. 8, с. 422

КО́РСУНЬСКАЯ БІ́ТВА 1648.

Адбылася 15—16 мая каля г. Корсунь (цяпер г. Корсунь-Шаўчэнкаўскі, Украіна) паміж укр. казакамі пад камандаваннем Б.Хмяльніцкага (15—17 тыс. казакоў і 4 тыс. крымскіх татар) і польск. войскамі пад камандаваннем гетманаў М.Патоцкага і М.Каліноўскага (20 тыс. чал.). Пасля паражэння польск. авангарда каля г. Жоўтыя Воды гал. сілы польск. войск занялі абарону пад Корсунем. 15 мая татары беспаспяхова атакавалі польск. абарончыя пазіцыі паміж Корсунем і Сцяблёвам. Хуткім і ўмелым манеўраваннем Хмяльніцкі прымусіў Патоцкага пакінуць пазіцыі і ісці праз лес, дзе яго чакаў у засадзе 6-тысячны атрад М.Крываноса. Польскія войскі былі акружаны і разгромлены.

т. 8, с. 422

КО́РСУНЬ-ШАЎЧЭ́НКАЎСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,

наступальныя дзеянні 1-га (камандуючы ген. арміі М.Ф.Ватуцін) і 2-га (ген. арміі І.С.Конеў) Украінскіх франтоў у раёне г. Корсунь (цяпер г. Корсунь-Шаўчэнкаўскі Чаркаскай вобл., Украіна) 24.1—17.2.1944 у Вял. Айч. вайну. Мела на мэце сустрэчным ударам двух франтоў акружыць і ліквідаваць групоўку ням.-фаш. войск са складу 1-й танк. і 8-й ням. армій групы армій «Поўдзень» (ген.-фельдмаршал Э.Манштэйн), якая ўтрымлівала Корсунь-Шаўчэнкаўскі выступ і пагражала флангам 1-га і 2-га Укр. франтоў. У праціўніка было 170 тыс. чал., 2600 гармат і мінамётаў, 310 танкаў і штурмавых гармат, 1000 баявых самалётаў; сав. камандаванне на гал. напрамках удараў стварыла перавагу па колькасці войск у 1,7, па артылерыі ў 2,4, па танках і самаходных артыл. устаноўках у 2,6 раза. Войскі 2-га Укр. фронту перайшлі ў наступленне 24, 1-га Укр. фронту — 26 студзеня. Прарваўшы абарону праціўніка, яны злучыліся 28 студз. ў раёне Звенігародкі, стварылі знешні і ўнутраны франты акружэння, адбілі варожыя контратакі і контрудары, потым расчлянілі ням. групоўку і 17 лют. ліквідавалі яе. Праціўнік страціў больш за 73 тыс. салдат і афіцэраў, у т. л. 18,2 тыс. палоннымі; пацярпелі паражэнне яшчэ 15 дывізій, якія прарываліся на дапамогу акружаным ням.-фаш. войскам. К.-Ш.а. стварыла спрыяльныя ўмовы для вызвалення Правабярэжнай Украіны.

Літ.:

Корсунь-Шевченковская битва: [Сборник]. 4 изд. Киев, 1989.

т. 8, с. 422

КОРТ (англ. court),

пляцоўка для гульні ў тэніс, якая раздзелена сеткай на 2 роўныя ч. і размечана лініямі. Для адзіночнай гульні мае памеры 23,77 × 8,23 м; для парнай — 23,77 × 10,97 м. Памеры са свабоднай прасторай павінны быць не менш за 36 × 18 м (звычайна 40 × 20 м). Выш. сеткі над сярэдняй лініяй 0,91 м, каля слупоў 1,07 м. Мае гліна-пясчаны грунт, можа мець травяное, драўлянае, коркавае, асфальтавае ці бетоннае пакрыццё. Абносіцца загараджальнай сеткай для затрымання мяча.

т. 8, с. 423