КО́РСАКІ,
дзяржаўныя дзеячы, род уласнага герба «Корсак» (змененая «Катвіца») у ВКЛ. Паходзяць з полацкага баярства. Родапачынальнік Фёдар упамінаецца ў 1385, калі ён атрымаў ад полацкага кн. Андрэя Альгердавіча землі каля воз. Беразвеч. Яго сын Дзмітрый меў сыноў Саву, Якава (Яшку) і Васіля, якія ўзвысіліся пры вял. кн. Свідрыгайле [1430—32]. Ад Савы пайшла галіна, якая карысталася прозвішчам Савічы-К. і гербам «Ліс», дапоўненым выявай герба «Катвіца» ў клейнодзе. Найб. вядомыя К.:
Васіль Дзмітрыевіч (каля 1380—1452), намеснік полацкі пры Свідрыгайле, потым у яго радзе, калі апошні быў валынскім князем. Баркулаб (каля 1520—76), пасол у Маскву ў час Лівонскай вайны ў 1562, староста свіслацкі, дзісненскі. Праз шлюб з князёўнай П.Крошынскай набыў маёнткі ў Аршанскім пав., дзе заснаваў названае сваім імем мяст. Баркалабава. Іосіф (каля 1540—1618), полацкі войскі з 1570 і суддзя земскі з 1586, кашталян мінскі, потым полацкі з 1597. Ян Рыгоравіч (каля 1560—1625), полацкі харунжы з 1598, гараднічы да 1611, кашталян дэрпцкі з 1620, полацкі з 1621, у канцы жыцця ваявода смаленскі. Іосіф Львовіч (каля 1570—1643), мсціслаўскі староста з 1629 і ваявода з 1639, заснавальнік базыльянскага кляштара ў Беразвеччы і кармеліцкага ў Глыбокім. Рафаіл (свецкае імя Мікалай; каля 1595—28.8.1640), архімандрыт уніяцкіх манастыроў Віленскага св. Тройцы, Ануфрыеўскага, Кобрынскага св. Спаса, Жыдзічынскага, протаархімандрыт (генерал) базыльянскага ордэна (1626—40), епіскап галіцкі (1626—32) і турава-пінскі (1632—37), мітрапаліт грэка-каталіцкай царквы Рэчы Паспалітай (1636—40). Ян Раманавіч (каля 1620—97), полацкі падчашы з 1658, падкаморы з 1659, кашталян з 1661. Самуэль (каля 1745 — пасля снеж. 1795), грамадска-паліт. і вайсковы дзеяч ВКЛ. Пасол ад Навагрудскага ваяв. на сейм 1773, які зацвердзіў 1-ы падзел Рэчы Паспалітай. Уваходзіў у апазіцыю на чале з Т.Рэйтанам і С.Багушэвічам, якая імкнулася не дапусціць падзелу. Удзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання 1794, падпісаў віленскі акт паўстання 24.4.1794. Уваходзіў у Найвышэйшую літоўскую раду. Гл. таксама Корсак Т.
т. 8, с. 422
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)