Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ДЭДУ́КЦЫЯ (ад лац. deductio вывядзенне),

спосаб вывядзення заключэнняў ад агульнага да канкрэтнага і адзінкавага, ад агульных разважанняў да канкрэтных або інш. вывадаў. У шырокім сэнсе — любы вывад увогуле, без якога не абыходзяцца паўсядзённыя разважанні і працэс пабудовы навук. тэорый. Упершыню тэорыя Д. распрацавана Арыстоцелем, сустракаецца ў творах Баэцыя. Ф.​Бэкан недаацэньваў ролю Д. ў працэсе навук. пазнання. Р.​Дэкарт супрацьпастаўляў Д. інтуіцыі. Г.​Лейбніц выказваў ідэю пабудовы логікі як вылічэння, паставіў задачу вывучэння лагічных уласцівасцей адносін з мэтай пашырэння сродкаў дэдукцыйнага вываду. У сучаснай логіцы Д. разумеюць як абагульнены вывад, у якім з выказванняў, што існуюць, па правілах логікі будуецца новае (заключэнне), а выказванні, з якіх яно атрымліваецца, наз. пасылкамі. Пасылкі размяшчаюцца вольна, тэарэт. ланцуг можа быць вялікім, але заўсёды мае канец. Калі пасылкі праўдзівыя і правілы дэдукцыйнага вываду не парушаны, то заключэнне заўсёды ісціннае. Д. цесна звязана з назіраннем, эксперыментам (гл. Дослед) і індукцыяй. Ужываецца для пабудовы навук. тэорый у матэматыцы, логіцы, а таксама фізіцы, біялогіі, сацыялогіі і інш. навуках. Складанымі з’яўляюцца філас. праблемы, якія звязаны з дэдукцыйнымі вывадамі і даследуюцца ў розных кірунках філасофіі (напр., эмпірызме, рацыяналізме, марксізме і інш.). Метады і правілы Д. вывучаюцца логікай, тэорыяй пазнання і псіхалогіяй. Дэдукцыйныя працэсы, што вывучаюцца матэм. сродкамі, можна аўтаматызаваць з дапамогай ЭВМ.

Літ.:

Логика научного познания. М., 1987;

Пугач Г.В. Познавательная активность человека. М., 1985;

Стереотипы и динамика мышления. Мн., 1993.

В.​М.​Пешкаў.

т. 6, с. 325

ДЭ́ДЭКІНД ((Dedekind) Юліус Вільгельм Рыхард) (6.10.1831, г. Браўншвайг, Германія — 12.2.1916),

нямецкі матэматык. Чл. Берлінскай (1880) і Парыжскай (1910) АН. Вучыўся ў Гётынгенскім ун-це ў К.​Гаўса і П.​Дзірыхле. У 1862—1912 праф. Вышэйшай тэхн. школы ў Браўншвайгу. Навук. працы па тэорыі алгебраічных лікаў. Стварыў шэраг агульных канцэпцый сучаснай алгебры, у прыватнасці ўвёў паняцце кольца, даў сучаснае вызначэнне ідэала ў матэматыцы. Д. — аўтар адной з сістэм строгага абгрунтавання тэорыі рэчаісных лікаў.

Літ.:

Стройк Д.Я. Краткий очерк истории математики.: Пер. с нем. 2 изд. М., 1969. С. 219—221.

т. 6, с. 325

ДЭДЭРО́Н (ням. Dederon ад скарачэння DDR),

гандлёвая назва поліаміднага валакна і тканіны з гэтага валакна, што выпускаліся ў ГДР.

т. 6, с. 325

ДЭЗ... (франц. dés... ад..., раз...), прыстаўка, якая абазначае знішчэнне, выдаленне, спыненне або адсутнасць чаго-н., напр., дэзінфекцыя, дэзінфармацыя.

т. 6, с. 325

ДЭЗАВУІ́РАВАННЕ (ад франц. désavouer адмаўляцца, выказваць неадабрэнне),

заява пра нязгоду з дзеяннямі сваёй даверанай асобы ці аб тым, што дадзеная асоба не ўпаўнаважана дзейнічаць ад імя заяўніка. У міжнар. праве — заява кіраўніка дзяржавы ці ўрада аб тым, што дыпламат. прадстаўнік або інш. афіц. асоба дзейнічала без адпаведнага даручэння ці з перавышэннем паўнамоцтваў.

т. 6, с. 325

ДЭЗАДАРА́НТЫ (ад дэз... + лац. odor пах),

сродкі для аслаблення ці знішчэння дрэннага паху; кампазіцыі арган. злучэнняў — спіртоў, альдэгідаў, вытворных вышэйшых тлустых кіслот, прыродных і сінт. пахучых рэчываў і інш. з рознымі дабаўкамі. Паводле прызначэння адрозніваюць Д. паветра (для памяшканняў, вопраткі і інш.) і гігіенічныя (касметычныя для знішчэння паху поту, асвяжэння цела і поласці рота), якія звычайна маюць рэчывы, што памяншаюць выдзяленне поту (фармалін, уратрапін) ці аказваюць дэзінфіцыруючае дзеянне.

т. 6, с. 325

ДЭЗАДАРА́ЦЫЯ,

пазбаўленне ад непрыемнага паху цела чалавека, памяшканняў і хім. рэчываў з дапамогай спец. саставаў (дэзадарантаў). Дасягаецца вентыляцыяй памяшканняў, выкарыстаннем дэзадарантаў (у ветэрынарыі — торф, драўняны вугаль, марганцавакіслы калій, фармалін, хлорная вапна, азон і інш), своечасовай фіз. і хім. апрацоўкай адходаў і нечыстот. Да дэзадарантаў цела часта дабаўляюць касметычныя сродкі — ласьёны, крэмы, пасты і інш. Д. папярэднічае гігіенічная апрацоўка.

т. 6, с. 326

ДЭЗАКТЫВА́ЦЫЯ (ад дэз... + лац. activus дзейны, актыўны),

выдаленне радыеактыўных рэчываў з паверхні розных аб’ектаў: глебы, будынкаў і збудаванняў, зброі, тэхнікі, адзення, прадуктаў харчавання і інш.; адно з мерапрыемстваў па ліквідацыі наступстваў аварый, звязаных з выкідамі радыеактыўных рэчываў або выкарыстаннем ядз. боепрыпасаў. Абясшкоджванне ад радыеактыўных рэчываў вадкіх і газападобных асяроддзяў наз. ачысткай. Вытворчая Д. ажыццяўляецца пры эксплуатацыі АЭС, у працэсе тэхнал. цыкла атрымання ядз. паліва, пры абыходжанні з радыеактыўнымі адходамі і зняцці АЭС з эксплуатацыі. Ступень забруджвання аб’ектаў вызначаецца дазіметрычнымі прыладамі.

Д. ўключае сукупнасць аперацый з выкарыстаннем сродкаў па выдаленні радыеактыўных забруджванняў з аб’ектаў або ізаляцыі іх паверхняў. У залежнасці ад агрэгатнага стану дэзактывуючага асяроддзя спосабы Д. падзяляюцца на вадкасныя, бязвадкасныя і камбінаваныя. Вадкасную Д. праводзяць струменем вады, дэзактывуючымі растворамі, мыццём ці экстракцыяй; бязвадкасную Д. — струменем газу або паветра, пылаадсмоктваннем, зняццем забруджанага слоя, ізаляцыяй забруджанай паверхні; камбінаваную Д. — праціраннем шчоткамі ці анучкамі, апрацоўкай парай, пакрыццём паверхні спец. плёнкамі, якія хутка зацвердзяваюць. Д. мясцовасці праводзіцца заглыбленнем забруджанага пласта грунту пры дапамозе глыбокага ўзворвання. Пасля Чарнобыльскай катастрофы Д. ажыццяўлялася ў шырокіх маштабах на тэр. прамысл. пляцоўкі АЭС і ў населеных пунктах. У зонах радыеактыўнага забруджвання Д. праводзіцца дзярж. спецыялізаванымі прадпрыемствамі на найб. важных і сацыяльна-значных аб’ектах (школы і дашкольныя ўстановы, бальніцы, месцы адпачынку і масавага знаходжання людзей, прамысл. прадпрыемствы і інш.) Гл. таксама Засцярога ад зброі масавага знішчэння, Засцярога супраць іанізавальнага выпрамянення.

У.​У.​Скурат.

т. 6, с. 326

ДЭЗАМІ́ ((Dezamy) Тэадор) (4.3.1803, г. Люсон, Францыя — 24.7.1850),

французскі камуніст-утапіст. Удзельнік Рэвалюцыі 1848, паслядоўнік Ф.Н.Бабёфа. У 1830-я г. чл. бланкісцкага «Таварыства пораў года». У 1848 заснаваў газ. «Les droits de l′homme. Tribune des proletaires» («Правы чалавека. Трыбуна пралетарыяту»), дзе крытыкаваў капіталізм, прычыны прыгнёту прац. мас бачыў у прыватнай капіталіст. уласнасці, антаганізме класаў. Асн. праца «Кодэкс супольнасці» (1842), у якой выклаў свае погляды на асновы і арг-цыю будучага грамадства, заснаванага на супольнасці. Прапагандаваў ідэі камунізму, змагаўся супраць дробнамяшчанскага сацыялізму Л.А.Бланкі, ідэй хрысц. сацыялізму.

т. 6, с. 326

ДЭЗАМІНА́ЗЫ,

ферменты класа гідралаз, якія каталізуюць гідроліз C—N-сувязі, адрозныя ад пептыднай. Пашыраны ў прыродзе, многія ўдзельнічаюць ва ўтварэнні канчатковых прадуктаў азоцістага абмену. У выніку рэакцый, што працякаюць з удзелам Д., утвараецца аміяк ці мачавіна, адбываецца распад кольцаў цыклічных амідзінаў.

т. 6, с. 326