ДЭДУ́КЦЫЯ (ад лац. deductio вывядзенне),
спосаб вывядзення заключэнняў ад агульнага да канкрэтнага і адзінкавага, ад агульных разважанняў да канкрэтных або інш. вывадаў. У шырокім сэнсе — любы вывад увогуле, без якога не абыходзяцца паўсядзённыя разважанні і працэс пабудовы навук. тэорый. Упершыню тэорыя Д. распрацавана Арыстоцелем, сустракаецца ў творах Баэцыя. Ф.Бэкан недаацэньваў ролю Д. ў працэсе навук. пазнання. Р.Дэкарт супрацьпастаўляў Д. інтуіцыі. Г.Лейбніц выказваў ідэю пабудовы логікі як вылічэння, паставіў задачу вывучэння лагічных уласцівасцей адносін з мэтай пашырэння сродкаў дэдукцыйнага вываду. У сучаснай логіцы Д. разумеюць як абагульнены вывад, у якім з выказванняў, што існуюць, па правілах логікі будуецца новае (заключэнне), а выказванні, з якіх яно атрымліваецца, наз. пасылкамі. Пасылкі размяшчаюцца вольна, тэарэт. ланцуг можа быць вялікім, але заўсёды мае канец. Калі пасылкі праўдзівыя і правілы дэдукцыйнага вываду не парушаны, то заключэнне заўсёды ісціннае. Д. цесна звязана з назіраннем, эксперыментам (гл. Дослед) і індукцыяй. Ужываецца для пабудовы навук. тэорый у матэматыцы, логіцы, а таксама фізіцы, біялогіі, сацыялогіі і інш. навуках. Складанымі з’яўляюцца філас. праблемы, якія звязаны з дэдукцыйнымі вывадамі і даследуюцца ў розных кірунках філасофіі (напр., эмпірызме, рацыяналізме, марксізме і інш.). Метады і правілы Д. вывучаюцца логікай, тэорыяй пазнання і псіхалогіяй. Дэдукцыйныя працэсы, што вывучаюцца матэм. сродкамі, можна аўтаматызаваць з дапамогай ЭВМ.
Літ.:
Логика научного познания. М., 1987;
Пугач Г.В. Познавательная активность человека. М., 1985;
Стереотипы и динамика мышления. Мн., 1993.
В.М.Пешкаў.
т. 6, с. 325
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)