Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГІПЕРГУ́К,

пругкія хвалі з частатой 10​9—10​13 Гц. Па фізічнай прыродзе не адрозніваецца ад ультрагуку (2·10​4—10​9 Гц). Існуе гіпергук прыродны (цеплавыя ваганні крышталічнай рашоткі) і штучны (генерыруецца пры дапамозе спец. выпрамяняльнікаў; гл. П’езаэлектрычнасць, Магнітастрыкцыя).

Пругкія хвалі распаўсюджваюцца ў асяроддзі, калі іх даўжыні большыя за даўжыню свабоднага прабегу малекул у газах ці міжатамных адлегласцей у вадкіх і цвёрдых целах. Таму ў газах, у т. л. ў паветры, пры нармальных умовах гіпергук не распаўсюджваецца, у вадкасцях хутка затухае; параўнальна добрыя праваднікі гіпергуку — монакрышталі пры нізкіх т-рах. Гіпергук выкарыстоўваюць для даследавання стану рэчыва, асабліва ў фізіцы цвёрдага цела, для стварэння акустычных ліній затрымкі ў ЗВЧ дыяпазоне і інш. прылад акустаэлектронікі і акустаоптыкі.

т. 5, с. 256

ГІПЕРЗАРА́Д,

характарыстыка элементарных часціц, роўная падвоенаму сярэдняму эл. зараду часціцы ў ізатапічным мультыплеце (гл. Ізатапічная інварыянтнасць). Адрозніваюць моцны і слабы гіперзарад.

Моцны гіперзарад вызначаецца алг. сумай усіх унутраных квантавых лікаў часціцы і выкарыстоўваецца для апісання прыблізнай ізатапічнай інварыянтнасці адронаў. У розных рэакцыях элементарных часціц моцны гіперзарад амаль што захоўваецца, парушэнні яго захавання звязаны з уплывам электрамагнітнага ўзаемадзеяння. Слабы гіперзарад вызначае інтэнсіўнасць электраслабага ўзаемадзеяння элементарных ферміёнаў з нейтральным прамежкавым базонам і з’яўляецца крыніцай поля гэтага базона. Значэнні слабага гіперзарада, атрыманыя эксперыментальна, пакуль што не паддаюцца тлумачэнню. Напр., левыя нейтрына і электрон маюць слабы гіперзарад, роўны -1/2, правы электрон -1, левыя u- і d-кваркі + 1/6, правыя u- і (d-кваркі -2/3 і -1/3 адпаведна (гл. Кваркі).

І.С.Сацункевіч.

т. 5, с. 256

ГІПЕРІНФЛЯ́ЦЫЯ

(ад гіпер... + інфляцыя),

выключна хуткі рост таварных цэн і грашовай масы ў абарачэнні (да 50% за месяц). Вядзе да рэзкага абясцэнення грашовай адзінкі, расстройства плацежнага абароту, парушэння нармальных гасп. сувязей і катастрафічнага зніжэння ўзроўню жыцця. Найчасцей абумоўлена экстраардынарнымі фактарамі — вайной, эканам. разрухай і інш. Найб. адмоўна ўплывае на эканам. становішча насельніцтва з фіксаванымі даходамі.

т. 5, с. 256

ГІПЕРКАМПЛЕ́КСНЫ ЛІК,

абагульненне паняцця комплекснага ліку і пашырэнне яго на мнагамерную прастору. Уведзены ў 19 ст. пры спробах пабудаваць лікі ў мнагамернай вектарнай прасторы, якія б адыгрывалі ў ёй такую ж ролю, што і камплексныя лікі на плоскасці. Арыфм. дзеянні над гіперкамплексным лікам выражаюць некаторыя геам. працэсы ў мнагамернай прасторы ці даюць колькаснае апісанне якога-н. фіз. закона.

Гіперкамплексны лік з’яўляецца лінейнай камбінацыяй (з сапраўднымі каэфіцыентамі) некат. сістэмы базісных адзінак (гл. Базіс). Складанне і адыманне гіперкамплекснага ліку вызначана адназначна. Множанне аднаго гіперкамплекснага ліку на другі патрабуе вызначэння здабыткаў базісных адзінак, якія б захоўвалі ўсе правілы звычайнай арыфметыкі; такое магчыма толькі для сапраўдных і камплексных лікаў; у астатніх выпадках неабходна адмовіцца ад выканання таго ці іншага правіла, напр. адназначнасці дзялення, камутатыўнасці множання. Гл. таксама Кватэрніёны.

т. 5, с. 256

ГІПЕРКІНЕ́ЗЫ

(ад гіпер... + грэч. kenēsis рух),

міжвольныя рухі чалавека без біял. мэтазгоднасці і фізіял. сэнсу. Бываюць пры арган., у т. л. спадчынных, захворваннях ц. н. с. і пры неўрозах. У аснове гіперкінезаў — пашкоджанне нерв. сістэмы: ад кары паўшар’яў вял. мозга да сегментаў спіннога мозга. Да гіперкінезаў адносяць лакальныя і генералізаваныя цікі, харэю, атэтоз, тарсіённую дыстанію, міякланію, дрыжанне, гемібалізм і інш. Спалучаюцца са зменамі мышачнага тонусу; узмацняюцца пры хваляванні і эмацыянальным напружанні, знікаюць у час сну. Бываюць ізаляваныя і ў спалучэннях (цікі і харэя, харэя і атэтоз і інш.). Лячэнне тэрапеўтычнае і хірургічнае.

Літ.:

Антонов И.П., Шанько Г.Г. Гиперкинезы у детей. Мн., 1975.

Г.Г.Шанько.

т. 5, с. 256

ГІПЕРМАРФО́З

(ад гіпер... + марф... + ...оз),

гіпертэлія, звышспецыялізацыя, залішняе павелічэнне арганізма або яго асобных органаў у сувязі з парушэннем у эвалюцыйным развіцці балансу з асяроддзем у выніку хуткай яго змены (напр., гіганцкія мезазойскія рэптыліі, буйныя іклы ў выкапнёвых шаблязубых тыграў і інш.). Гіпермарфоз — следства надзвычайнай спецыялізацыі да вузкіх умоў існавання, пры нязначнай змене асяроддзя вядзе да вымірання гэтай групы арганізмаў.

т. 5, с. 256

ГІПЕРМЕТАМАРФО́З

(ад гіпер... + метамарфоз),

ускладнены спосаб развіцця некат. паразітычных насякомых, калі лічынка праходзіць да 6 фаз (узростаў) развіцця, якія адрозніваюцца паміж сабой марфал. і біял. ўласцівасцямі. Пашыраны ў некат. жукоў, перапончатакрылых, двухкрылых, сеткакрылых.

т. 5, с. 257

ГІПЕРМЕТРАПІ́Я

(ад гіпер... + метр... + грэч. ōps вока),

гл. Дальназоркасць.

т. 5, с. 257

ГІПЕРНЕФРО́ІДНЫ РАК,

гл. Гіпернефрома.

т. 5, с. 257

ГІПЕРНЕФРО́МА

(ад гіпер... + нефр... + ...ома),

гіпернефроідны рак, пухліна Гравіца, злаякасная пухліна ныркі, што развіваецца з клетак кары наднырачнікаў ці з эпітэлію нырачных канальцаў. Апісана ням. патолагам П.А.Гравіцам у 1883. Найчасцей бывае ў мужчын. Прычына хваробы невядомая (магчыма, запаленчыя працэсы, траўмы, радыеактыўныя рэчывы). Прыкметы гіпернефромы на ранняй стадыі (т. наз. «малыя» сімптомы): умераныя болі ў паясніцы і ў падрабрынні, павышаны артэрыяльны ціск, мікрагематурыя, пратэінурыя, поліцытэмія. Лячэнне хірургічнае.

М.Я.Саўчанка.

т. 5, с. 257