ГУРЭ́ЦКІ
(Górecki) Генрык Мікалай (н. 6.12.1933, Чарніца, Катавіцкае ваяв., Польшча),
польскі кампазітар. Чл. Польскай АН (1994). Вучыўся ў Дзярж. вышэйшай школе музыкі ў Катавіцах (1955—60), з 1968 выкладае ў ёй (з 1977 праф., у 1975—79 рэктар). Прымыкаў да авангардысцкіх кірункаў (1-я сімфонія, 1959; вак.-інстр. твор «Генезіс», 1962—63). У канцы 1960-х г. прыйшоў да радыкальнага спрашчэння выразных сродкаў, у т. л. заснаваных на традыцыях хар. поліфаніі. Сярод інш. твораў: вак.-сімф. паэма «Ad matrem» (1971); «Капернікаўская сімфонія» (2-я, 1972), «Сімфонія сумных песень» (3-я, 1976); «Рэфрэн» (1965) і «Старапольская музыка» (1969) для аркестра; канцэрт для клавесіна з аркестрам (1980). 1-я прэмія на Міжнар. трыбуне кампазітараў ЮНЕСКА (1973). Дзярж. прэмія Польшчы 1973.
т. 5, с. 540
ГУР-ЭМІ́Р,
Гуры-Эмір, маўзалей у Самаркандзе, магільны склеп Цімура і Цімурыдаў. Выдатны помнік сярэдневяковай архітэктуры Сярэдняй Азіі. Пабудаваны ў 1403—04 паводле загаду Цімура на тэр. арх. комплексу Мухамед-Султана (канец 14 ст., захаваўся часткова).
Васьмігранны аб’ём маўзалея ўвянчаны велічным сфераканічным рабрыстым купалам на высокім барабане. Абліцоўка будынка паліхромная. Уваход са двара аформлены порцікам з керамічнымі мазаікамі. У 1420-я г. да маўзалея дабудаваны скляпеніста-купальныя памяшканні. У інтэр’еры панэль з оніксу, паліхромная размалёўка, надмагіллі з мармуру і чорна-зялёнага нефрыту. Рэстаўрыраваны ў 1967.
т. 5, с. 540