ГЕ́ЛЬФАНД Барыс Абрамавіч
(н. 24.7.1968, Мінск),
бел. шахматыст. Міжнар. гросмайстар (1989). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1990). Пераможца Сусв. шахматнай алімпіяды ў складзе каманды СССР (1990), чэмпіён СССР (1985) і Еўропы (1987—88) сярод юнакоў. Пераможца міжзанальных (Маніла, Філіпіны — 1990, Біль, Швейцарыя — 1993) і інш. буйных міжнар. турніраў. У 1-й пал. 1990-х г. уваходзіў у дзесятку мацнейшых шахматыстаў свету.
т. 5, с. 146
ГЕ́ЛЬФАНД Хаім Янкель Шыманавіч
(літ. псеўд. А.І.Літвак; 1877, г. Слуцк Мінскай вобл. — 1932),
палітычны дзеяч і публіцыст. Адзін з кіраўнікоў Бунда, з 1905 чл. яго ЦК. Неаднаразова быў арыштаваны, у 1896—1902 у ссылцы ў Якуцку. У 1915—17 прадстаўнік Бунда ў ЗША. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 вярнуўся ў Расію. Да Кастр. рэвалюцыі 1917 паставіўся адмоўна. На XI канферэнцыі Бунда (1919, Мінск) узначаліў с.-д. крыло. У 1921 арыштаваны органамі ДПУ, пасля вызвалення жыў у Вільні. З 1925 у ЗША.
Тв.:
Мелкобуржуазный социализм на еврейской почве: (Критика «теории» социалистов-сионистов). СПб., 1906;
Поалей сионизм: Новое течение в рус. еврействе — рабочий сионизм: Критический очерк. СПб., 1907.
Э.А.Ліпецкі.
т. 5, с. 146
ГЕ́ЛЬФМАН Геся Меераўна
(Міронаўна; паміж 1852—55, г. Мазыр Гомельскай вобл. — 13.2.1882),
рэвалюцыянерка-народніца. У час вучобы на курсах у Кіеве (1874) вяла рэв. прапаганду сярод рабочых. У 1877 зняволена на 2 гады. З 1879 чл. партыі «Народная воля». На канспіратыўных кватэрах Гельфман у Пецярбургу размяшчалася друкарня нарадавольскай «Рабочей газеты», хаваліся выбуховыя рэчывы, рыхтаваўся замах на Аляксандра II. 15.3.1881 арыштавана і разам з інш. арганізатарамі замаху прыгаворана да павешання; выкананне прыгавору адтэрмінавана ў сувязі з яе цяжарнасцю. Шырокая кампанія ў абарону Гельфман у замежным друку прымусіла цара замяніць пакаранне смерцю на пажыццёвую катаргу. Памерла ў турме ў час родаў.
т. 5, с. 146
ГЕ́ЛЬЦЭР Кацярына Васілеўна
(14.11.1876, Масква — 12.12.1962),
расійская балерына. Нар. арт. Расіі (1925). Дачка танцоўшчыка В.Ф.Гельцэра. Скончыла Маскоўскую балетную школу (1894). З 1894 і ў 1898—1935 салістка Вял. т-ра ў Маскве, у 1896—98 — Марыінскага т-ра. У Вял. т-ры асн. выканальніца ў балетах А.Горскага. Яркая прадстаўніца рус. школы класічнага танца, у сваім выкананні спалучала лёгкасць, віртуознасць, імклівасць з шырынёй і мяккасцю рухаў. Сярод партый: Саламбо («Саламбо» А.Арэндса), Адэта—Адылія («Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), Ліза («Марная засцярога» Л.Герольда), Медора («Карсар» А.Адана), Кітры («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Эсмеральда («Эсмеральда» Ц.Пуні), Раймонда («Раймонда» А.Глазунова), Тао Хоа («Чырвоны мак» Р.Гліэра). З 1910 гастраліравала за мяжой, у т. л. ў Рускіх сезонах у Парыжы. Дзярж. прэмія СССР 1943.
т. 5, с. 146
ГЕЛЬ-ФІЛЬТРА́ЦЫЯ,
гель-храматаграфія, раздзяленне сумесі малекул паводле іх памеру пры дапамозе порыстых палімераў шляхам фільтрацыі на храматаграфічных калонках. У залежнасці ад памераў малекулы пранікаюць праз поры ўнутр гранул палімеру з рознай скорасцю і канцэнтруюцца ў розных слаях. Выкарыстоўваецца для вызначэння велічынь малекулярных мас, абяссольвання раствораў натыўных бялкоў, канцэнтраванні раствораў палімераў, у медыцыне — для дыягнастычнага падзелу бялкоў сывараткі крыві, пры дыягностыцы цяжарнасці, ачыстцы прэпаратаў ферментаў і інш.
т. 5, с. 146
ГЕЛ-МАН
(Gell-Mann) Мюрэй (н. 15.9.1929, Нью-Йорк),
амерыканскі фізік-тэарэтык. Чл. Нац. АН ЗША (1960). Скончыў Масачусецкі тэхнал. ін-т (1951). У 1952—54 у Чыкагскім ун-це, з 1954 у Каліфарнійскім тэхнал. ін-це (з 1956 праф.). Навук. працы па квантавай тэорыі поля і фізіцы элементарных часціц. Увёў паняцце дзіўнасці (1953) і адкрыў закон яе захавання (незалежна ад К.Нішыджыма). Разам з Р.Фейнманам распрацаваў тэорыю слабых узаемадзеянняў (1958), прапанаваў сістэматыку элементарных часціц (1961), выказаў гіпотэзы аб кварках (1964) і глюонах (1973). Нобелеўская прэмія 1969.
т. 5, с. 143